На Стаўбцоўшчыне

Нумары Раённыя навіны

ПРАЕКТ – ДЛЯ АКІНЧЫЦ

Дарожнікі ДРБУ № 135 працягваюць рэалізацыю праекта па добраўпарадкаванні паўднёвай часткі Стоўбцаў.

Праект – доўгатэрміновы, рэалізуецца трэці год, і фактычна закранае тры стаўбцоўскія вуліцы – 17 Верасня, Сянкевіча і Алега Кашавога. З яго канчатковым увасабленнем, намечаным на 2015 год, пешаходная дарожка праляжа праз усю паўднёвую частку горада – ад чыгуначнага пераезда да цэнтральнага прыпынку грамадскага транспарту ў мікрараёне Акінчыцы. З улікам фінансавання, якое выдзяляецца дарожнікам, значная частка работ ужо выканана. На даны момант іх аб’ект знаходзіцца на ўчастку ўздоўж гарадскога возера.

– Устанаўліваем дарожны і тратуарны барты, абсталёўваем пешаходную дарожку і зялёную зону, – тлумачыць майстар Арцём Драніца. Таксама ён дзеліцца і наступнай перспектывай: – Для зручнасці адпачываючых на павароце на вуліцу Зялёную з’явіцца асфальтаваная аўтастаянка, разлічаная не менш як на два дзясяткі машынамесцаў.

Пад дробны дожджык дарожныя рабочыя Анатоль Грышан, Дзмітрый Каробка і іншыя акурат вазіліся з устаноўкай борта. У ход ішлі не толькі кельні з рыдлёўкамі, а і электраінструмент, які рэжа бетон. На гэтым участку вуліцы 17 Верасня запланаваны прыпынак грамадскага транспарту, таму рыхтуюцца ўмовы для пешаходнага перахода на супрацьлеглы бок.

Стварэнне сучаснай вулічна-дарожнай і пешаходнай інфраструктуры ў раёне гарадскога возера зробіць наш горад прывабным і для турыстаў, якія знаёмяцца з Коласавымі мясцінамі, выбіраюць адпачынак на турбазе «Высокі бераг».       

 

З БРЭНДАМ СТАЎБЦОЎСКІХ МАТОРНІКАЎ

На прэстыжным міжнародным аграфоруме «Белагра-2015», які на гэтым тыдні працуе ў Мінску, прадстаўлены і філіял ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мнскі маторны завод» у г. Стоўбцы.

Філіял не парушае даўнюю традыцыю, якая падтрымліваецца і галаўным прадпрыемствам, і выстаўляе на аграфоруме прадукцыю ўласнай вытворчасці – кампрэсарныя станцыі. Сёлета прэзентавана станцыя прадукцыйнасцю 6 м3 – мадэль, згодна з пакупніцкім попытам, на рынку самая запатрабаваная.

– Сціснутае паветра патрэбна не толькі для будаўнічай і дарожнай галіны, а і для абслугоўвання сельскагаспадарчай тэхнікі, у прыватнасці, збожжаўборачных камбайнаў, – тлумачыць сферу прымянення кампрэсарных станцый у аграсектары начальнік аддзела збыту Віктар Круглік.

Кампрэсарныя станцыі ад стаўбцоўскіх машынабудаўнікоў добра разыходзяцца на расійскім рынку. Летась набыло станцыю і ААТ «Агранёманскі», закуплялі іх ПМК-233, ДЭУ № 62.

 

З ЧАШАЙ БАСЕЙНА

Не спыняюцца будаўнічыя работы на фізкультурна-аздараўленчым комплексе, другую чаргу якога сёлета плануецца здаць у строй.

Першая чарга комплексу, прадстаўленая трэнажорнымі заламі і іншымі спадарожнымі памяшканнямі, пачала дзейнічаць у пачатку 2015 года. Другая яго чарга будзе ўключаць у сябе плавальны басейн і залы для гульнявых відаў спорту, у сувязі з чым жыхары Стоўбцаў і раёна чакаюць гэтага моманту з асаблівым нецярпеннем.

Агульнабудаўнічыя работы на аб’екце ажыццяўляе генпадрадная арганізацыя – ПМК-233. Для выканання спецыялізаваных відаў работ, якіх больш чым дастаткова на ўзвядзенні такога нестандартнага і складанага збудавання, як басейн, прыцягнуты субпадрадныя арганізацыі.

– На аб’екце цяпер вядуцца аддзелачныя работы, – адзначае намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака. – Для басейна характэрна высокая ступень гатоўнасці: памяшканне абкладзена пліткай, выкананы гідраізаляцыя і гідраўлічныя выпрабаванні чашы. Ідзе ўстаноўка вентыляцыйнага абсталявання. 

Будаўнікі займаюцца падрыхтоўкай да здачы ў эксплуатацыю і іншых памяшканняў блока В. На даны момант аздоблены пліткай раздзявалкі і душавыя. У ходзе работ ужо робіцца заказ на некаторы спартыўны рыштунак і абсталяванне.      

 

ПАТРЭБНЫЯ АПАРАТЫ

Сярод апошніх набыткаў цэнтральнай раённай бальніцы – пакупка апарата «Лімфамат». Ён выкарыстоўваецца для правядзення прэсатэрапіі, якая паказана пры многіх захворваннях, а таксама з мэтай эстэтыкі.

Матэрыяльная база медыцынскай установы папоўнілася таксама двума наркознымі апаратамі, апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх для аказання экстраннай дапамогі, дэрмотам для аператыўнага лячэння.

Шэраг набыткаў цэнтральная раённая бальніца ажыццяўляе са сродкаў пазабюджэтнага фонду, заробленых аказаннем платных паслуг.

 

ЖЫЦЬ ЗДОРАВА

Напрыканцы навучальнага года на базе Навасвержанскай сярэдняй школы аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама сумесна з раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, сацыяльна-педагагічным цэнтрам, інспекцыяй па справах непаўналетніх, райаддзелам па надзвычайных сітуацыях, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і настаяцелем каталіцкага прыхода г. Стоўбцы быў арганізаваны дзень прафілактыкі негатыўных з’яў у маладзёжным асяроддзі.

Мерапрыемства прайшло ў рамках дзвюх рэспубліканскіх акцый – «Беларусь супраць тытуню» і «Не пакідайце дзяцей адных» – і ўключала ў сябе інтэрактыўныя заняткі «Бяспечныя канікулы», круглыя сталы, гутаркі, псіхалагічныя трэнінгі, адкрыты мікрафон, слова святара.

Акцэнт быў зроблены на бяспечных паводзінах дзяцей падчас летніх канікулаў, а таксама на прафілактыцы залежнасцяў, у прыватнасці ад тытуню. Завяршыўся Дзень прафілактыкі традыцыйным правядзеннем спартландыі пад дэвізам «Жыць здаровым – здорава», прысвечанай Сусветнаму дню без тытуню, які штогод адзначаецца 31 мая. Удзельнікі былі ўзнагароджаны салодкімі прызамі.

 

ЗА ЗВАННЕ ПЕРШАЙ САНДРУЖЫНЫ

Даказаць сваё права на званне лепшай сандружыны раёна сабраліся каманды 16-ці арганізацый і прадпрыемстваў раёна.

Традыцыйна спаборніцтвы праходзілі ў пяць этапаў. У ходзе першага было праверана табельнае аснашчэнне сандружын. На другім этапе судзейская камісія ацаніла іх работу ва ўмоўным ачагу камбінаванага паражэння, на трэцім і чацвёртым – у ачагу хімічнага паражэння і інфекцыйнага захворвання адпаведна. Пяты этап паказаў, у якой ступені ўдзельнікі спаборніцтваў падкаваны тэарэтычна. Тытул пераможцы заваявалі сандружыннікі ПМК-233, другое месца – ААТ «Жацерава», трэцяе – Стаўбцоўскіх электрычных сетак.

– Спаборніцтвы паказалі, што санітарныя фарміраванні грамадзянскай абароны ў прынцыпе гатовы да любых нечаканасцяў. Пытанні, якія ўзнікалі, будуць імі вывучаны і ўхілены ў бліжэйшы час, – падвёў вынікі начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын.

Пр

 

ЯКІ «ДЖЫГІТ» БЕЗ КАНЯ?

На працягу сутак у аператыўна-дзяжурную службу райаддзела міліцыі паступілі паведамленні аб знікненні трох коней.

Коні прапалі з адной гаспадаркі – ААТ «Агранёманскі»: два – з тэрыторыі малочнатаварнай фермы ў Залужжы і адзін, карычневага акрасу, – з фермы ў Старым Свержані. У Залужжы прапажа здарылася пад покрывам глыбокай ночы, у Старым Свержані – сярод белага дня, калі работнікамі фермы была завершана ранішняя дойка. Коні служылі ім вернымі памочнікамі – дапамагалі з падвозам кармоў і выкананнем іншых работ, таму загадчыкі фермаў адразу і забілі трывогу. У гаспадарцы падлічылі і матэрыяльныя страты ад прапажы – у цэлым яны перасягнулі 13 мільёнаў рублёў.

На месца здарэння выбывалі аператыўна-следчыя групы. Па падазрэнні ў крадзяжы затрыманы ўраджэнец Азербайджанскай Рэспублікі (цяпер ён пражывае ў суседнім са Стаўбцоўскім раёне – Карэліцкім, а таксама  жыхар таго ж раёна і  жыхар Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. Кожнаму «джыгіту» па каню?..

На даны момант падазраваемыя знаходзяцца пад вартай, у адносінах да іх раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа.

У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікамі міліцыі былі знойдзены двое коней, з тых, што прапалі. Яны блукалі ў лясным масіве непадалёку – ля скрыжавання аўтадарог Р11 і М1, за некалькі кіламетраў ад Новай Вёскі. Абодва вернуты гаспадарцы. Праводзяцца мерапрыемствы, каб устанавіць месцазнаходжанне трэцяга каня.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *