Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне чатыры шлюбы, зроблены пяць адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі шэсць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Кірыл Дзяніс, Расціслаў Селішчаў, Ганна Бернатовіч, Арцём Какашынскі, Аляксандра Навіцкая і Дарына Пукала.

Зямны шлях закончыўся для 11-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці тыдзень, на шчасце, прайшоў без здарэнняў. У Мархачоўшчыне прайшлі тактыка-спецыяльныя вучэнні, уводная да якіх была – загаранне дома і хлява, у доме, папярэдне, знаходзяцца два чалавекі. Для ліквідацыі «пажару» выязджалі дзве адзінкі тэхнікі – з пажарных аварыйна-выратавальных пастоў у Любкаўшчыне і Скамарошках. З надыходам летніх канікулаў стартавала прафілактычная акцыя – «Канікулы без дыму і агню», у ходзе якой прайшоў семінар з кіраўнікамі аздараўленчых лагераў.

Міліцыяй зарэгістравана 129 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана шэсць крымінальных спраў, ва ўсіх іх устаноўлены падазраваемыя. З дома ў Яблынаўцы злодзей вынес грашовыя сродкі. З дома новасвяржаніна прапаў мабільны тэлефон разам з чахлом. У Стоўбцах зламыснік згвалціў жанчыну, прымусіўшы яе да блізкасці… лязом брытвы, якім нанёс пацярпелай раны на твары і шыі. Сварка паміж двума мужчынамі на падворку ў Асіпаўшчыне закончылася для аднаго з іх цяжкімі нажавымі раненнямі. Складзена 19 пратаколаў за знаходжанне ў нецвярозым стане або распіванне спіртнога ў грамадскім месцы.

У раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах паведамілі пра факт утаплення: на возеры ў Сопкаўшчыне абарвалася жыццё жыхара Негарэлага, 1953 года нараджэння, які разам з таварышам прыехаў на вадаём на платную рыбалку. 

Суд пазбавіў волі на адзін год 23-гадовага жыхара райцэнтра, які выкраў з дома састарэлай пашпарт і грошы ў суме 1 800 000 рублёў. Акрамя таго, на карысць пацярпелай бабулі спагнаны 1 000 000 рублёў у якасці кампенсацыі нанесенай маральнай шкоды. На 900 000 рублёў аштрафаваны 29-гадовы жыхар Мінска, які спрабаваў рыбачыць на вадаёме вёскі Літва забароненым спосабам – з дапамогай сеткі-пад’ёмніка.          

ДАІ выявіла 197 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – трое п’яных вадзіцеляў і 11 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 18 недысцыплінаваных пешаходаў. Зафіксавана 14 дарожных аварый. На шчасце, ніхто не пацярпеў. З 2-га па 6-га чэрвеня на дарогах раёна праходзіць спецыяльны комплекс мерапрыемстваў «Бяспека», накіраваны на папярэджанне няшчасных выпадкаў і дарожна-транспартных здарэнняў на чыгунцы. З пачатку года на аб’ектах чыгуначнага транспарту рэспублікі пацярпелі 53 чалавекі, у тым ліку 29 – загінулі, зарэгістравана шэсць дарожна-транспартных здарэнняў, у іх трое чалавек траўміраваны. Прычынамі гэтых ДТЗ з’явілася ігнараванне вадзіцелямі правілаў праезду чыгуначных пераездаў, а менавіта – рух на забаронены сігнал святлогукавога святлафора. За парушэнне правілаў праезду чыгуначнага пераезда прадугледжаны штраф – ад 360 000 да 720 000 рублёў.      

«Хуткая» выязджала да хворых 156 разоў, у прыватнасці сем выклікаў паступілі да асоб з алкагольным пахмеллем. Двух нецвярозых грамадзян у амаль непрытомным стане медыкі падабралі на вуліцах горада.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *