Шчаслівага лета!

Адукацыя Нумары

image_pdfimage_print

Адбылася прамая тэлефонная лінія з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццянай Белановіч. Бацькоўскую грамадскасць найбольш цікавілі змены, якія адбыліся і адбудуцца ў адукацыйным працэсе, і арганізацыя аздараўленчага перыяду дзяцей падчас летніх канікулаў.

Ці ёсць змены ў здачы выпускных экзаменаў у гэтым навучальным годзе?

Таццяна Белановіч:

– У бягучым навучальным годзе змянілася колькасць выпускных экзаменаў для вучняў, якія завяршаюць навучанне і выхаванне на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі. У папярэднія гады вучні здавалі чатыры экзамены, а ў гэтым годзе будуць здаваць толькі тры пісьмовыя экзамены – рускую і беларускую мовы, матэматыку, а гісторыю Беларусі будуць здаваць выпускнікі XI класаў. Яшчэ адзінаццацікласнікі будуць здаваць два пісьмовыя экзамены – рускую ці беларускую мову, матэматыку, вусна – замежную мову. Ва ўстановах адукацыі раёна выпускныя экзамены пройдуць з 1 па 12 чэрвеня.

Як будуць здаваць выпускныя экзамены вучні, якія вывучалі вучэбныя прадметы на павышаным узроўні?

– Вучні XI класаў устаноў адукацыі раёна, якія вывучалі беларускую або рускую мову, матэматыку на павышаным узроўні з 2013-2014 навучальнага года,  выконваюць экзаменацыйныя работы па розных тэкстах.

Ці будзе праводзіцца раённы выпускны баль?

– Выпускныя вечары плануем правесці ва ўрачыстай абстаноўцы ва ўсіх установах адукацыі раёна 11 чэрвеня, раённы выпускны баль адбудзецца таксама ў гэты дзень.

Ці можна будзе ў наступным навучальным годзе вучням вывучаць асобныя вучэбныя прадметы на павышаным узроўні?

– У 2015-2016 навучальным годзе ўводзіцца профільнае навучанне ў школах. Рашэнне аб арганізацыі профільнага навучання ў той ці іншай установе агульнай сярэдняй адукацыі будзе прымаць аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама на падставе комплекснага вывучэння сітуацыі аб гатоўнасці і зацікаўленасці ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу ў арганізацыі профільнага навучання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама наяўнасці ва ўстанове адукацыі неабходных кадравых, матэрыяльна-тэхнічных і вучэбна-метадычных рэсурсаў.

Ці застануцца ў школах дзясятыя класы без якога-небудзь профілю?

– Пры наяўнасці запытаў вучняў і іх законных прадстаўнікоў навучэнцам будзе дадзена магчымасць вывучэння ўсіх вучэбных прадметаў на базавым узроўні.

Ці будзе ажыццяўляцца фарміраванне профільных класаў па пэўных напрамках?

– Навучанне можа быць арганізавана шляхам аб’яднання ў клас навучэнцаў для вывучэння на павышаным узроўні аднаго накірунку або аб’яднання ў клас навучэнцаў для вывучэння на павышаным узроўні прадметаў па розных напрамках.

Профільныя класы (групы) навучэнцаў будуць фарміравацца на аснове наяўнай інфармацыі аб навучальных прадметах, запатрабаваных навучэнцамі і іх законнымі прадстаўнікамі для вывучэння на павышаным узроўні ў канкрэтнай установе агульнай сярэдняй адукацыі.

Ці трэба здаваць уступныя экзамены па асобных вучэбных прадметах для навучання ў профільным X класе?

– Не, экзамены для працягу навучання ў X профільных класах здаваць не патрэбна. Залічэнне ў профільныя класы будзе ажыццяўляцца па выніках навучання на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі: неабходна, каб сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі быў не ніжэй за 6 балаў і адзнакі – не ніжэй за 7 балаў па профільных вучэбных прадметах.

Ці існуюць асаблівыя патрабаванні да настаўніка, які будзе працаваць у профільных класах?

– Безумоўна, гэта павінны быць высокакваліфікаваныя спецыялісты. Да пачатку 2015-2016 навучальнага года ўсе педагагічныя работнікі, якія будуць працаваць у профільных класах, павінны павысіць сваю кваліфікацыю (у рамках курсавой падрыхтоўкі, навучальных курсаў або ў іншых формах).

У якім рэжыме будзе функцыянаваць  аздараўленчы лагер «Нёман», і хто будзе працаваць у ім выхавацелямі?

Аздараўленчы лагер «Нёман» падчас сёлетняга сезона будзе працаваць у чатыры змены, тэрмінам 18 дзён кожная. На базе гэтага летніка арганізуецца дзейнасць шасці профільных лагераў з кругласутачным прабываннем дзяцей – «Непаседы», «Лідар», «Эўрыка», «Абаронца Айчыны», «Зялёны свет», «Юны даследчык».  У лагеры зроблены неабходны рамонт, каб прывесці яго ў належны стан і атрымаць дазвол кантралюючых службаў на прыём дзяцей. Працаваць  выхавацелямі ў аздараўленчым лагеры «Нёман» будуць педагагічныя работнікі ўстаноў адукацыі раёна.

На базе 23 устаноў адукацыі раёна будуць працаваць аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем, лагеры працы і адпачынку. Жадаю выпускнікам паспяховай здачы выпускных і ўступных экзаменаў, а ўсім вучням – шчаслівых летніх канікулаў!

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ПАВАЖАНЫЯ ВЫПУСКНІКІ 2015 ГОДА!

Калі вы яшчэ не вызначыліся з выбарам сваёй будучай прафесіі, мы можам у гэтым вам дапамагчы.

Спачатку падумайце, якая сфера дзейнасці для вас цікавая, чым захапляецеся і, нарэшце, – кім вы бачыце сябе ў будучым.

Свае дзверы для будучых абітурыентаў шырока адкрываюць вядучыя сельскагаспадарчыя вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Пасля заканчэння вучобы вы атрымаеце гарантаванае рабочае месца, будзеце забяспечаны жыллём. У вас будуць запатрабаваная спецыяльнасць і перспектыва кар’ернага росту. На працягу першых двух гадоў работы вам будзе ўстаноўлена дапамога ў памеры дзвюх тарыфных ставак першага разраду, зацверджаная Урадам Рэспублікі Беларусь, у наступныя тры гады – у памеры трох тарыфных ставак першага разраду.

З мэтай забеспячэння сельскагаспадарчых арганізацый Стаўбцоўскага раёна высокакваліфікаванымі кадрамі ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта мае магчымасць накіраваць усіх жадаючых на мэтавае навучанне па спецыяльнасцях сельскагаспадарчага профілю ва ўстановы адукацыі, пералік якіх змешчаны ніжэй.

Для атрымання вышэйшай адукацыі (на базе агульнай сярэдняй, прафесіяльна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі па скарочаным курсе) звяртайцеся:

– у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасцях – аграномія, плодаагародніцтва, заатэхнія, бухгалтарскі ўлік, сельскае будаўніцтва;

– у Беларусі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасцях – тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці, энергетычнае забеспячэнне сельскай гаспадаркі, эканоміка і арганізацыя вытворчасці, кіраванне аховай працы ў сельскай гаспадарцы;

– у Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны па спецыяльнасці – ветэрынарная медыцына;

– у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт па спецыяльнасцях – аграномія, заатэхнія, эканоміка і арганізацыя вытворчасці.

Прыём дакументаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы за кошт бюджэту, у тым ліку па мэтавых дагаворах, будзе ажыццяўляцца ў два этапы.

Першы этап – з 8 па 15 ліпеня.

У выпадку наяўнасці вакантных месцаў пасля залічэння абітурыентаў аб’яўляецца дадатковы набор.

Другі этап – з 26 па 28 ліпеня.

Бал цэнтралізаванага тэсціравання па профільных прадметах пры паступленні ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю будзе нішэйшы, чым у іншыя ўніверсітэты.

Так, мінімальны бал, які павінен набраць абітурыент, не ніжэйшы чым 5.

Для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі (на базе агульнай базавай адукацыі (9 класаў), на базе сярэдняй адукацыі (11 класаў) і на базе прафесійна-тэхнічнай адукацыі па скарочаным курсе):

– у Мар’інагорскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж па спецыяльнасцях – аграномія, тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці, энергетычнае забеспячэнне сельскай гаспадаркі, кіраванне ў аграпрамысловым комплексе;

– у Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж па спецыяльнасцях – ветэрынарная медыцына, заатэхнія;

– у Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж па спецыяльнасцях – ветэрынарная медыцына, заатэхнія.

Залічэнне ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы (каледжы) будзе праводзіцца без уступных іспытаў, паводле конкурсу сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.

Заключыць мэтавыя дагаворы могуць маладыя людзі па месцы жыхарства ў любых населеных пунктах непасрэдна з сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна, або з упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання Стаўбцоўскага райвыканкама, як выпускнікі 9, 11 класаў, так і тыя, у каго ёсць прафесійна-тэхнічная ці сярэдняя спецыяльная адукацыя.

За больш падрабязнай інфармацыяй неабходна звяртацца ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання (будынак Стаўбцоўскага райвыканкама, каб. 212) ці па тэлефоне 5-42-64.

Спадзяёмся, што вас і вашых бацькоў зацікавіць гэтая прапанова.

Стаўбцоўскі раённы выканаўчы камітэт



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *