Яны лечаць зямлю

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

Адзін з асноўных сёлетніх аб’ектаў рэканструкцыі, дзе заняты работнікі Стаўбцоўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм, знаходзіцца адразу за рысай горада, па суседству з мікрараёнам жылой забудовы, на землях ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Такая блізкасць – хутчэй выключэнне, а жалезным правілам выступае аддаленасць аб’ектаў меліяратараў, асвойванне імі глухіх балот і запушчаных, парослых хмызнякамі, абшараў. У гэтым годзе на Стаўбцоўшчыне запланавана адрадзіць 700 га такіх земляў, на што мяркуецца выдаткаваць 7 мільярдаў рублёў з раённага бюджэту і 2,5 мільярда – з рэспубліканскага.  Важнасць поўнага і паўнавартаснага выкарыстання сельскагаспадарчых земляў, навядзення на іх парадку не раз падкрэсліваў і Прэзідэнт краіны. 

– За меліярацыяй – будучае. Пасля нашай рэканструкцыі на месцы былога балота растуць шматгадовыя травы. Вачэй не адвесці, калі поле зацвітае, – непрыкметна пераходзіць на лірычнае дырэктар прадпрыемства Міхаіл Антанюк. Меліярацыя для яго – свядомы выбар з юнацтва. Пасля школы закончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію і з 2006 года працуе па спецыяльнасці. Не так даўно ўзначаліў калектыў Стаўбцоўскага ПМС, які ўскладае на маладога дырэктара вялікія надзеі.

Пра надзею і ўпэўненасць у маладым кіраўніку гаварыў і вядучы інжынер тэхнагляду ДУ «Аб’яднанне «Мінскмеліяводгас» Іван Сахарэвіч. Прадстаўнік галаўнога прадпрыемства, ён акурат наведаўся ў камандзіроўку для ажыццяўлення тэхнагляду і таксама дапоўніў наша інтэрв’ю. Яму было што сказаць – раней сустракаліся ва Уздзенскім раёне, у ААТ «АБФ ПМК-74 – Налібакі», дзе Міхаіл Антанюк пачынаў сваю працоўную біяграфію. «Хоць і  малады, але вопытны, – мімаходзь заўважае ён пра калегу і пераходзіць да вытворчых пытанняў, –  меліярацыя патрабуе вялікіх выдаткаў, бо гэта ў асноўным земляныя работы. У зямлі схаваны мільёны трубаў – для дрэнажу і адводу вады. Трэба пастаянна абслугоўваць, даглядаць усю сістэму, інакш зямля імкнецца да свайго першапачатковага стану – забалочанасці».

Пра няпростыя і адказныя задачы меліяратараў, іх пераўтваральную місію і значнаць у народнагаспадарчым комплексе лепш за ўсё скажуць аб’екты, на якіх яны працуюць. Іх, між іншым, магло б быць яшчэ больш (гэта залежыць ад фінансавання), аднак сёння ў адносна невялікага калектыву меліяратараў – гарачая пара. На працу прыходзіцца выходзіць і ў суботу, таму што ўжо ў чэрвені плануецца здаць у эксплуатацыю першы пускавы комплекс рэканструкцыі меліярацыйнай сістэмы «Нёман» на землях ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», пра які гаварылася вышэй, у ліпені – другі пускавы комплекс.

Разам з правяраючым выязджаем непасрэдна на аб’ект і бачым ход работ. У полі за горадам шчыруюць экскаватаршчык Юрый Качановіч, бульдазерыст Міхаіл Гарыцкі. Ад іх намаганняў поле пераўтварылася – па ім можна ехаць нават на легкавым аўтамабілі і не загразнуць. Гэта першае, што кідаецца ў вочы непрафесіяналу. Прафесіяналы ж дастаюць чарцёж і па ім звяраюць рабочыя моманты. Штосьці ўзгадняюць з экскаватаршчыкам: Юрый Качановіч – спецыяліст надзвычай вопытны, з 30-гадовым стажам. Свой давер яму кіраўніцтва прадпрыемства выказала выдзяленнем новай тэхнікі. Нядрэнная тэхніка і ў Міхаіла Гарыцкага. Абодва механізатары працуюць з добрым настроем, на цяжкасці не наракаюць.

Галоўны інжынер Сяргей Жук называе сярод лепшых і іншых работнікаў: трактарыстаў Юрыя Будніка, Аляксея Талэйку і Дзмітрыя Чэмку, экскаватаршчыка Юрыя Дранчука, трактарыстаў на абкошванні каналаў Аляксандра Дошчачку і Міхаіла Росліка, вадзіцеляў на падвозцы людзей на аб’екты Віктара Арыку і Станіслава Гарэліка. Кожны з іх заняты на сваім рабочым месцы, паўсюдна па раёне. «Кожны трэці работнік ПМС – ва ўзросце да 31 года, – зазначае старшыня прафкама Ніна Бець. – Сваіх людзей мы накіроўваем на павышэнне кваліфікацыі, стараемся падтрымаць маральна і матэрыяльна ва ўсіх жыццёвых сітуацыях».  

Пасля агляду аб’екта застаўся задаволеным і правяраючы. «Людзей хапае?.. Тэхніка спраўная?.. Што з палівам?.. – высветліўшы гэта ў дырэктара, Іван Сахарэвіч раіць: – Не збаўляйце тэмпу».           

Без прадпрыемства меліярацыйных сістэм, насычанага спецыялізаванай тэхнікай, нельга ўявіць добраўпарадкаванне сельскагаспадарчых земляў і населеных пунктаў, аказанне дапамогі сельгаспрадпрыемствам у вывазцы арганікі. У гэтым напрамку сёлета шмат зроблена для ААТ «Вішнявецкі-агра» і Вішнявецкага сельсавета. Яскравы прыклад у горадзе – ажыццяўленне меліяратарамі работ па ачыстцы каналаў ля гарадскога возера. Экскаватар прадпрыемства працаваў побач з гэтым месцам масавага адпачынку дзесьці на працягу месяца. Былі выразаны старыя неэстэтычныя дрэвы і, у выніку, адкрыўся прыгожы навакольны краявід. Амаль на 700 мільёнаў рублёў аказана паслуг насельніцтву і староннім арганізацыям за першы квартал 2015 года, і пераважна гэта – заказ спецтэхнікі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: 1) дырэктар ПМС Міхаіл Антанюк; 2) правяраючы з Мінскмеліяводгаса не знайшоў агрэхаў за экскаватаршчыкам Юрыем Качановічам; 3) галоўны інжынер Сяргей Жук і адзін з лепшых бульдазерыстаў Міхаіл Гарыцкі; 4) на аб’екце меліяратараў.

Фота аўтара

 

***

 

РАЦЫЯНАЛЬНЫ ПАДЫХОД…  ДА ТРУБАПРАВОДА

На даны момант у энерганаглядзе распрацоўваецца графік афармлення і рэгістрацыі пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц і спажыўцоў цеплавой энергіі да работы ў асенне-зімовы перыяд 2015-2016 гадоў.  

(Поўная інфармацыя – на 4-й паласе газеты “Прамень”).



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *