Хто назаве сябе пажарным

Нумары РАНС інфармуе

image_pdfimage_print

Да Міжнароднага дня абароны дзяцей на гарадскім стадыёне «Юнацтва» прайшла акцыя – «Не пакідайце дзяцей адных!». Мерапрыемства ад раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях было цікавым – сапраўднае свята для дзетвары.

Яшчэ да пачатку акцыі дзеці разам з бацькамі праявілі цікавасць да пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі, выстаўленай на стадыёне ў шарэнгу. Хто аблюбаваў кабіну пажарнага аўтамабіля, хто прымяраў шлем пажарнага, а хто гайдаўся ў лодцы або круціўся каля спецінструмента… А ВГУП «Нясвіжская пажарна-выратавальная справа» рэспубліканскай дзяржаўна-грамадскай арганізацыі «Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства», прадстаўленае дырэктарам Юліяй Самахвал і спецыялістам на навучанні Ганнай Горбач, прапанавала інтэлектуальныя заданні на супрацьпажарную тэматыку. У выніку, жадаючыя з ахвотай складалі «пазлы», малявалі і называлі тэлефоны экстранных службаў, адгадвалі загадкі і – атрымлівалі за правільныя адказы прызы ад прадпрыемства «Нясвіжская пажарна-выратавальная справа».

На стадыёне актыўна працавалі і валанцёры раённай арганізацыі БРСМ, якія запрашалі стаць удзельнікамі яшчэ адной актуальнай раённай акцыі – «Адмова ад курэння – твая перамога і поспех!». Пачыналася яна ў школах раёна (прайшоў і раённы Дзень прафілактыкі ў Навасвержанскай СШ) і потым працягнулася на вуліцах і парках горада з бліц-апытаннямі, раздачай сімвалічных закладак для кніг. Закладкі выпушчаны раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі пры падтрымцы Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, а ў аснову іх пакладзены лепшыя конкурсныя работы вучняў школ раёна: дзесяцікласніц Дзераўнянскай школы Кацярыны Кураш і Вікторыі Шуцько, адзінаццацікласніцы Цясноўскай школы Лізаветы Пятровай, дзесяцікласніцы Налібацкай школы Алёны Калінінай.

Курэнне, як адзначалася і падчас акцыі на стадыёне, негатыўна ўплывае не толькі на здароўе чалавека, на яго імідж, а і на пажарную абстаноўку: адна з самых распаўсюджаных прычын гібелі людзей на пажарах – неасцярожнасць пры курэнні, у абыходжанні з агнём, дзіцячае свавольства. Пажарам і, нярэдка, з трагічным фіналам, можа закончыцца і сітуацыя, калі бацькі пакідаюць сваіх дзяцей адных, без нагляду. Каб яшчэ раз напярэдадні летніх канікулаў нагадаць ім пра бяспечныя паводзіны, арганізавана такая акцыя-заклік – «Не пакідайце дзяцей адных!».    

Перад рабятамі выступілі намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель, валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ала Шыдлоўская і начальнік раённага  аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын, які, акрамя таго, выказаў удзячнасць і заахвоціў за ўдзел у акцыі салодкімі прызамі тры гарадскія школы, а таксама Старасвержанскую СШ – за ўдзел у раённых і абласных конкурсах. Па добрай традыцыі, вучні СШ № 2 г. Стоўбцы аддзячылі цікавай канцэртнай праграмай, якая напоўніла стадыён песнямі і танцамі, атмасферай творчай імправізацыі.

Не засталіся ў даўгу і выратавальнікі. Як і летась, усім жадаючым яны падарылі «атракцыён» накшталт кола агляду – прагулка над Стоўбцамі на аўтапад’ёмніку, а таксама прывялі ў захапленне навінкай – водным «салютам», выкананым з дапамогай устаноўкі для тушэння пажараў, якая не так даўно паступіла.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: віншаванні юным выратавальнікам-пажарным з гімназіі № 1 – ад начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерыя Ілюшына; валанцёры «Добрага сэрца» – супраць тытуню; шлем пажарнага падабаецца і Саву, і яго маме.

Фота аўтара                     

 

***

Пра бяспеку на вуліцах і крадзяжы веласіпедаў  – інфармацыя на 6-й старонцы газеты.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *