Беларусь і Індыя. Супрацоўніцтва – на больш высокі ўзровень

Нумары Тэма тыдня

Патэнцыял Беларусі і Індыі дае магчымасць вывесці гандлёвае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва краін на больш высокі ўзровень. Упэўненасць у гэтым выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 4 чэрвеня на адкрыцці беларуска-індыйскага бізнес-форуму.

Удзел у бізнес-форуме прыняў таксама Прэзідэнт Індыі Пранаб Мукерджы, які знаходзіўся ў Беларусі з афіцыйным візітам.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Індыя з’яўляецца надзейным партнёрам Беларусі ў Азіяцкім рэгіёне. Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з ёю актыўна развіваецца і дае пазітыўныя вынікі.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў устойлівыя тэндэнцыі да росту тавараабароту паміж дзвюма краінамі апошнім часам. Паводле яго слоў, у эканамічных адносінах Беларусі і Індыі намеціўся паступовы пераход ад простага гандлю да вытворчай кааперацыі, у чым зацікаўлены абодва бакі. У Індыі адкрыты прадстаўніцтвы вялікіх беларускіх прадпрыемстваў. Прапрацоўваецца магчымасць стварэння сумесных зборачных вытворчасцяў. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што разглядаюцца пытанні ўдзелу Беларусі ў мадэрнізацыі індыйскіх нафта- і вуглездабыўных магутнасцяў.

Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што Беларусь і Індыя могуць узмацніць узаемадзеянне ў прамысловасці, энергетыцы, лагістыцы, сувязі, бія- і нанатэхналогіях. Беларускі бок зацікаўлены таксама ў развіцці сумесных вытворчасцяў у галіне фармакалогіі, інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што візіт у Беларусь Пранаба Мукерджы сведчыць аб многім. «Прыехала вялікая група вядучых бізнесменаў Індыі, а гэта ні многа ні мала краіна, якая з’яўляецца адным з лідараў эканамічнага развіцця ў свеце, гэта гіганцкая імперыя, якая мае каласальныя магчымасці і рэсурсы.

Беларусь і Індыя разлічваюць нарасціць двухбаковы тавараабарот да $1 млрд да 2020 года. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Індыі Пранаб Мукерджы падчас адкрыцця беларуска-індыйскага бізнес-форуму ў Мінску.

Спробы ізаляваць Беларусь бесперспектыўныя, пакуль мы маем адносіны з такімі гіганцкімі дзяржавамі, як Індыя. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Індыі Пранабам Мукерджы.

«Мы ніколі не скрывалі гонару за адносіны з Індыяй, – сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. – Мы гатовы прайсці свой шлях хутка, эфектыўна, адказна, калі будзе на тое ваша воля, мы вельмі хутка можам узняць нашы і гандлёва-эканамічныя адносіны на нармальны ўзровень, які адпавядае нашым патэнцыялам».

Што датычыцца ўзаемадзеяння ў палітычнай сферы, дыпламатыі, то Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі і Індыі ніколі не было негатыўных адносін і праблем. Аляксандр Лукашэнка запэўніў свайго індыйскага калегу, што гэтак будзе і ў далейшым.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *