Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

МЕХАТРАД ПРАЦУЕ ЗЛАДЖАНА

У ААТ «Агранёманскі» на зімоўку жывёле неабходна нарыхтаваць 1090 тон сена, 17200 тон сенажу і 17800 – сіласу. Лічбы немалыя, а значыць, корманарыхтоўшчыкам трэба добра парупіцца, каб выканаць пастаўленую задачу і закласці паўтарагадовы запас кармоў.

– Загадам па гаспадарцы ў нас створана некалькі звенняў, усе яны ўваходзяць у міжгаспадарчы атрад, – расказвае  намеснік дырэктара таварыства Віктар Касматовіч, які сёлета назначаны кіраўніцтвам адказным на касавіцы. – Гэта тры касілкі, столькі ж кормаўборачных камбайнаў з падборшчыкамі правяленай зялёнай масы. На варушэнні скошанай травы задзейнічаны двое грабляў. Трамбаванне сенажу вядзём кругласутачна – на трактары «К-701» устаноўлены навігатар, які кантралюе работу механізатара і расход паліва. Аснашчаны такімі прыборамі яшчэ некалькі адзінак тэхнікі. Адвозяць здробненую масу пяць «МАЗаў» і некалькі аўтамашын з  райаграсэрвіса.

На прасаванні сенажу з абгортваннем у палімерную плёнку шчыруе Арцём Дарашэвіч, якому сёлета даручылі новы трактар «Беларус-1221». Дбайны працаўнік «круціў» рулоны не толькі для сваёй гаспадаркі, а шчыраваў і на палетках СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». Таварыствы скааперавалі тэхніку для стварэння мехатрада.

Агульнавядома, што ў гаспадарцы падабраўся моцны касцяк механізатараў, якім па сіле выканаць любую работу. Адзін з іх – Аляксей Чаркашын (на першым здымку справа разам з намеснікам дырэктара Віктарам Касматовічам). Аляксей Уладзіміравіч прыехаў на працу ў гаспадарку з Казахстана восем гадоў назад. Зарэкамендаваў сябе з самага лепшага боку. Дырэктар таварыства Уладзімір Жукаў парэкамендаваў з ім сустрэцца.

– Працуецца на касавіцы нармальна, – сказаў механізатар, – травяная маса, асабліва з люцэрны і канюшыны, неблагая, і мы з хлопцамі хутка заклалі сянажную траншэю на ферме ў Скамарошках. Кормаўборачны камбайн у мяне чацвёрты сезон, пакуль што не падводзіў. Давялося толькі нажы два разы замяніць – «злавіў» камяні. Як ні стараюцца іх збіраць, але яны, бывае, трапляюць пад рэжучы апарат. 

Вопытны Казімір Дамброўскі (на другім здымку) сёлета заняты на адвозцы зялёнай масы. У яго распараджэнні магутны энерганасычаны трактар «Беларус-3522». Майстэрства і стараннасці гэтаму механізатару-рацыяналізатару, які дасканала ведае ўсю тэхніку, не займаць. Ён выконвае даручаную работу заўжды выдатна.

Для занятых на «зялёным жніве» арганізавана двухразовае гарачае харчаванне – абед і падвячорак. Работнікі сталовай прывозяць ежу непасрэдна на поле. Распрацавана аплата працы, якая задавальняе працаўнікоў. Хто шчыра рупіцца – атрымлівае добрую зарплату.

Віктар Іосіфавіч адзначае, што травы ў гэтым годзе падкармілі, толькі адрастаюць яны пры сёлетніх умовах надвор’я марудней, чым хацелася б. А першы ўкос трэба завяршыць у самыя сціслыя тэрміны – да 10 чэрвеня.

Варта дадаць, што «зялёны канвеер» у гаспадарцы арганізаваны дакладна.  Якасць нарыхтаваных кармоў кантралюе галоўны ветурач, які правярае іх на вільготнасць. На сенажацях, дзе вядзецца нарыхтоўка, работу звенняў  арганізоўвае начальнік участка. Непасрэдна на сянажнай траншэі вядзе ўлік завезенай зялёнай масы брыгадзір фермы. А кіруюць працэсам нарыхтовак у рамках сваёй кампетэнцыі намеснікі па жывёлагадоўлі і раслінаводстве.

Зараз на ўмоўную галаву жывёлы ў таварыстве прыпадае каля трох цэнтнераў кармавых адзінак травяных кармоў.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ВЯРНУЦЬ СТРАЧАНЫЯ ПАЗІЦЫІ

ААТ «Вішнявецкі-агра» паступова вяртае страчаныя  пазіцыі. За апошнія восем месяцаў, а менавіта столькі прайшло з таго часу, як гаспадарку ўзначаліў Віктар ДЗЕйка, справы тут істотна паправіліся. У першую чаргу  павялічылася вытворчасць малака і мяса. Зрабіць гэта было даволі цяжка, хоць Віктару Іванавічу і нескладана было ўвайсці ў курс спраў, бо ён добра ведае матэрыяльна-тэхнічную базу таварыства – некалькі гадоў назад працаваў тут кіраўніком.

– Задаволены, што ўдалося пераламаць сітуацыю, – сказаў Віктар Дзейка, – дзякуй усім спецыялістам і работнікам за тое, што падтрымалі мяне. Праблем у нас яшчэ шмат, і кадравых, і вытворчых, але ёсць зладжаны калектыў, які здольны іх вырашыць. Думаю, што паступова мы выйдзем з цяжкай эканамічнай сітуацыі, бо працуем адной камандай і разам прыкладаем дзеля гэтага ўсе намаганні. Хачу падкрэсліць, што мы больш не пазычаем грошай, скарыстоўваем толькі падтрымку райвыканкама па розных накірунках. Самі выплачваем заработную плату, якая значна ўзрасла.

–  Што паслужыла асноўным фактарам такіх пазітыўных змяненняў?

– Дысцыпліна, і людзі гэта зразумелі. Дало плён менавіта строгае прытрымліванне тэхналогіі ў вытворчасці. За суткі ад кожнай каровы жывёлаводы сёння атрымліваюць у сярэднім 16 кілаграмаў малака. Раней было толькі дзесяць, а на асобных фермах і таго менш – нямногім больш за чатыры. На новым малочнатаварным комплексе (брыгадзір Марыя Талака) даяркі надойваюць па 17 кілаграмаў, і зарплата там дасягнула васьмі мільёнаў рублёў супраць двух. Людзі засталіся тыя ж, а паказчыкі павялічыліся.

Добра ідуць справы на МТФ «Вішнявец», дзе брыгадзірам працуе Людміла Пукач, а яе памочнікам – Галіна Рачок. Вельмі ўдалае кадравае назначэнне.  Залог поспеху работы калектыву залежыць менавіта ад гэтых адказных і добрасумленных жанчын. Яны знайшлі агульную мову з людзьмі, і праца спорыцца. Ферма з адстаючых стала адной з лепшых у гаспадарцы. Няблага працуе і калектыў МТФ «Мархачоўшчына № 2», дзе брыгадзірам рупіцца Алена Войніч. Дойны статак тут немалы, налічвае больш за 400 галоў. Прырост вытворчасці малака склаў 63 працэнты. З пачатку года малочны цэх таварыства адгрузіў перапрацоўшчыкам 23 працэнты малака гатункам «экстра». Адпаведна, атрымалі больш грошай, а фінансы гаспадаркі папаўняюцца сёння менавіта ад продажу малака. Але асноўная крыніца даходу для нас – свінатаварны комплекс. Яго стабільная работа – залог паспяховасці нашай эканомікі.

– Як ідуць справы ў гэтым вытворчым падраздзяленні?

– Свінатаварны комплекс выклікаў у нас асаблівую трывогу, бо пагалоўе там зменшылася да крытычнага, і як вытворчая адзінка комплекс мог бы перастаць існаваць. Аднак мы здолелі, што называецца, уратаваць яго, за што вельмі ўдзячны начальніку комплексу Ларысе Плаўсюк. Ларыса Міхайлаўна правяла вялікую работу. Таму ўлічваючы апаросы гэтага месяца, можна смела гаварыць, што мы аднавілі былую колькасць свіней, якая складзе 19600 галоў. Такім чынам, за год зможам вырошчваць і пастаўляць на мясакамбінат да 2400 тон мяса свініны. Праўда, пакуль што ёсць праблемы з кармленнем, бо фінансавае становішча застаецца няпростым. Зараз мы забяспечваем  комплекс камбікармамі не поўнасцю, таму і атрымліваем няўстойлівыя прывагі. Але галоўнае, што комплекс функцыянуе. Чакаем уборачнай, віды на ўраджай збожжавых неблагія, і спадзяёмся, што сітуацыя выправіцца. Зазначу, аднак, што за першы квартал работнікі комплексу спрацавалі няблага – атрымалі сярэднясутачныя прывагі жывёлы на адкорме 680 грамаў. Кожны месяц у першым квартале рэалізавана па 1200 свіней. Хачу таксама дадаць, што комплексу ўжо трыццаць гадоў, трэба праводзіць рэканструкцыю, бо абсталяванне зношана і састарэла не толькі матэрыяльна, а і маральна. Адноўлены былі толькі цэхі апаросаў.

– Віктар Іванавіч, скажыце, ці можна зрабіць, і менавіта ў вашым таварыстве, вырошчванне ялавічыны прыбытковым?

– Можна, калі мэтанакіравана працаваць, да таго ж нас ёсць спецыяльная праграма. Таму крыху не згодны з тымі, хто гаворыць, што ялавічына практычна паўсюдна стратная. Неабходна развіваць мясны накірунак у жывёлагадоўлі. Перспектыва зрабіць мяса ялавічыны прыбытковым – гэта вытворчасць мармуровага мяса.

– Вашы планы: бліжэйшыя і на перспектыву.

– Мы павінны кожны месяц года забяспечваць прырост валавой прадукцыі ў сярэднім на 83 працэнты. Гэта мінімальная задача, пастаўленая перад калектывам, і выканаць яе мы павінны, бо ў адваротным выпадку не здолеем пагасіць крэдыты і заваяваць давер банкаў. Варта сказаць, што па выніках работы за першы квартал бягучага года мы займаем другое месца ў раёне па ўдзельнай вазе вытворчасці валавой прадукцыі, услед за СЗАТ «Агракамбінат «Колас». Упэўнены, што перамены, якія адбываюцца (ёсць нямала і задум), дазволяць таварыству праз год-два павялічыць свой рэйтынг і вярнуцца ў кагорту лепшых.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *