Аздараўленне

Медыцына Нумары

У РУБЯЖЭВІЦКУЮ АПТЭКУ ПРЫЯЗДЖАЮЦЬ З УСЁЙ БЕЛАРУСІ

Унікальная з’ява: у Рубяжэвіцкай аптэцы кожны дзень вялікая колькасць наведвальнікаў з розных куткоў Беларусі.

Прадстаўляюцца: з Мінска, Салігорска, Віцебскай вобласці… У нас ёсць магчымасць пагутарыць з гэтымі людзьмі, пакуль яны чакаюць сваёй чаргі на прыём да загадчыка аптэкі, вядомага ў краіне фармацэўта Анатоля Грыгор’ева. Мы чуем ад іх прыкладна адно і тое ж: калі пасля прымянення лекаў хімічнага сінтэзу ў іх узніклі праблемы з іншымі органамі, а хваробы так да канца і не адступілі, яны вырашылі выпрабаваць старадаўнія лекавыя сродкі – гаючыя травы, звярнуцца да фітатэрапіі, якая чэрпае сваю мудрасць з глыбіні стагоддзяў. Многія ўжо не раз прыязджаюць да Анатоля Грыгор’ева, адчулі эфектыўнасць такога лячэння. Перш чым купіць пакецік лекавых збораў, кожны імкнецца трапіць на прыём да лекара-траўніка, у руках якога фітатэрапія дасягае высокай індывідуалізацыі на падставе вывучэння стану кожнага канкрэтнага пацыента. Для кожнага пацыента падбіраюцца асобныя камбінацыі лекавых траў. Пры правільным і ўдалым іх выбары фіталячэнне аднаўляе гармонію арганізма, дазваляючы яму самому справіцца з хваробай, не выклікаючы пабочных эфектаў.

Сапраўдныя спецыялісты ў галіне фітатэрапіі – вялікая рэдкасць, таму і сцякаюцца ў Рубяжэвічы людскія патокі, якія шукаюць паратунку ад хвароб. Людзі рэальна адчулі, што з дапамогай прыродных вітамінаў і фітасродкаў можна эфектыўна і бяспечна лячыць многія цяжкія захворванні. Маючы адпаведную вышэйшую медыцынскую адукацыю і вялікі вопыт у фітатэрапіі, што дазваляе добра ведаць асаблівасці фізіятэрапеўтычных сродкаў, Анатоль Грыгор’еў дабіўся высокіх вынікаў у развіцці натуральнай медыцыны.

З Рубяжэвіцкай аптэкай на працягу многіх гадоў супрацоўнічаюць медыцынскія цэнтры краіны, курортна-санаторныя здраўніцы, клінічныя бальніцы. Невялікая сельская аптэка рэалізоўвае за год каля трох тон лекавых збораў і спаўна апраўдвае брэнд «аптэка прыроды» – 80 працэнтаў аб’ёмаў гадавых продажаў складаюць лекавыя зборы.

Падчас  афіцыйнага візіту дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалая Іванчанкі ў аграгарадок Рубяжэвічы вялася размова з Анатолем Грыгор’евым аб развіцці ў практычнай медыцыне цэльнай фітатэрапеўтычнай службы ў агульнай нацыянальнай сістэме аказання лячэбна-прафілактычнай дапамогі насельніцтву.

Увага да Рубяжэвіцкай аптэкі акрэслена і прыняццем раённай уладай рашэння аб будаўніцтве новага будынка аптэкі. Сельвыканкам прыгледзеў ужо для гэтага прыдатнае месца. Гэта радасць для ўсяго калектыву аптэкі, у складзе якога спецыялісты з вялікім вопытам работы ў фармацыі, як Аліна Гут, Тамара Пінчук, Браніслава Пінчук. Сваімі сумленнымі адносінамі да працы яны таксама робяць вялікі ўклад у тое, каб аптэка трымала высокую марку ў абслугоўванні наведвальнікаў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: пытанні развіцця фітатэрапіі абмяркоўваюць загадчык Рубяжэвіцкай аптэкі Анатоль Грыгор’еў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Іванчанка; заказ прымае фармацэўт Аліна Гут; такую аптэку, як на эскізе, плануецца пабудаваць у Рубяжэвічах.  

Фота Васіля ЗЯНКО

 

ПАЧЫНАЕЦЦА З ХАРЧБЛОКА

Санслужбай раёна быў наладжаны аператыўны кантроль за ходам падрыхтоўкі аздараўленчых лагераў да прыёму дзяцей, а ў даны перыяд – за работай лагераў.

Вялікай папулярнасцю карыстаюцца загарадныя аздараўленчыя лагеры «Нёман» (ведамасны лагер аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама), імя Я. М. Чайкі (УП «Мінаблгаз»), а таксама профільныя аздараўленчыя лагеры для вучняў малодшых класаў «Родничок», турысцкі палатачны лагер на базе Горкаўскай СШ і іншыя.

Асаблівай увагі заслугоўваюць базы стацыянарных аздараўленчых лагераў «Нёман» і імя Я. М. Чайкі, размешчаныя ў лясных масівах з маляўнічай прыродай. Для камфортнага адпачынку дзяцей уласнікамі гэтых лагераў пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта адрамантаваны харчблокі, заменена халадзільнае і тэхналагічнае абсталяванне. Вырашаны пытанні з падачай гарачай вады, абсталяваны душавыя. Жылыя памяшканні аснашчаны сістэмай ацяплення і неабходнай мэбляй. Ні ў адным лагеры ўжо не засталося ложкаў з панцырным металічным матрацам. Прадугледжаны санітарна-бытавыя пакоі для мыцця і сушкі.

Тэрыторыі лагераў добраўпарадкаваны, у тым ліку фізкультурна-аздараўленчымі пляцоўкамі. Распрацаваны праграмы вытворчага кантролю за якасцю прыгатаванай ежы. Лагеры ўкамплектаваны высокакваліфікаваным педагагічным і медыцынскім персаналам, персаналам харчблокаў. Для арганізацыі харчавання выкарыстоўваецца прыкладнае двухтыднёвае меню, якое праходзіць санітарна-гігіенічную экспертызу ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. У меню максімальна ўключаны свежая садавіна і стравы са свежай гародніны, сокі.

Аднак нельга забываць, што лета – цёплая зручная пара і для усемагчымых мікраарганізмаў, узбуджальнікаў шэрагу інфекцыйных захворванняў, у першую чаргу – кішэчных. Менавіта ў летні перыяд гэты ўзбуджальнік  найбольш актыўны, у сувязі з чым рэкамендуем бацькам пры наведванні дзяцей у лагерах не прывозіць прадукты, якія хутка псуюцца, патрабуюць асаблівых умоў транспарціроўкі і захоўвання (сыравэнджаныя мясныя гастранамічныя вырабы і каўбасы, салаты, тварог, сыркі, малако, рыба, пірожныя з вяршковым крэмам і іншае). Заражаныя прадукты знешне нічым не адрозніваюцца ад якасных: яны не змяняюць паху, смаку і кансістэнцыі, таму немагчыма вызначыць факт іх заражэння «на вока». Не пакідайце дзецям і некарысныя прадукты, такія, як танізіруючыя, у тым ліку энергетычныя напіткі, газіраваныя напіткі, чыпсы, вострыя сухарыкі. Для піцця рэкамендуем браць пітную ваду ў бутэльках.

Алена ЛОЙКА, загадчыца аддзела гігіены раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

 

У САСНОВЫХ БАРАХ І ДУБРОВАХ

Сістэма здраўніц УП «Белпрафсаюзкурорт» уключае ў сябе 12 санаторыяў і турыстычны комплекс «Нарач».

Калі раней для лячэння сардэчна-сасудзістых захворванняў, хвароб органаў харчавання, апорна-рухальнага апарату, гінекалагічных, нервовай сістэмы і іншых захворванняў патрэбна было выязджаць у санаторыі Крыма, Каўказа, Прыбалтыкі, то цяпер такое лячэнне можна атрымаць у здраўніцах нашай краіны.

На сучасны момант у здраўніцах санаторна-курортнага ўнітарнага прадпрыемства «Белпрафсаюзкурорт» працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія свае веды, энергію і вялікі вопыт аддаюць на карысць развіцця санаторна-курортных устаноў.

Лячэбна-прафілактычная база прафсаюзных санаторыяў дазваляе праводзіць лячэнне на сучасным узроўні. Шырокую вядомасць атрымалі беларускія мінеральныя воды. У санаторыях «Крыніца», «Нарач» яны не ўступаюць такім вядомым, як трускавецкая. Лячэнне ў санаторыях заснавана ў асноўным на прымяненні прыродных лячэбных фактараў. Мінеральныя воды і лячэбная гразь, электрасвятлолячэнне і масаж, душы і ванны, фітатэрапія і саўны, лячэбная фізкультура і тэранкуры, клімататэрапія дапамогуць аднавіць жыццёвыя сілы, зняць фізічную і псіхалагічную стомленасць.

Санаторна-курортнае прадпрыемства «Белпрафсаюзкурорт» запрашае ўсіх жадаючых у лепшыя санаторыі на лячэнне і адпачынак. Здраўніцы  размешчаны на берагах азёр і рэк, у сасновых барах і дубровах Беларусі. Чыстае паветра, празрыстыя вадаёмы, дагледжаныя пляжы, сучасныя гімнастычныя, спартыўныя і гульнявыя залы, бібліятэкі і танцавальныя пляцоўкі – усё гэта зробіць лячэнне і адпачынак паўнацэннымі.

Прафсаюзныя арганізацыі прапаноўваюць 14-дзённыя пуцёўкі са скідкай 25 працэнтаў ад іх кошту для наступных катэгорый грамадзян: членам прафсаюзаў, якія ўваходзяць у склад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якія набываюць пуцёўкі за ўласныя сродкі ці за кошт пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі або вышэйстаячых прафсаюзных арганізацый (падставай для прадастаўлення скідкі з’яўляецца даведка, выдадзеная старшынёю прафкама); дзецям членаў гэтых прафсаюзаў ва ўзросце ад 4 да 14 гадоў пры выездзе на аздараўленне разам з бацькамі (падставай для прадастаўлення скідкі з’яўляюцца копіі пасведчання аб нараджэнні дзіцяці і пашпарта аднаго з бацькоў); дзецям членаў гэтых прафсаюзаў ва ўзросце да 14 гадоў пры выездзе на аздараўленне ў санаторыі і аздараўленчыя арганізацыі (падставай для прадастаўлення скідкі з’яўляецца даведка, выдадзеная старшынёю прафкама аднаму з бацькоў, і копія пасведчання аб нараджэнні дзіцяці).

Папярэдняя аплата складае 25 працэнтаў ад кошту пуцёўкі, рахунак работнікі санаторыя высылаюць на адрас вашай электроннай пошты ці па факсе. Пасля аплаты рахунку месца ў санаторыі лічыцца забраніраваным. Па прыбыцці праводзіцца канчатковы разлік.

Поўную інфармацыю па санаторным аздараўленні можна атрымаць у прафсаюзным камітэце вашай арганізацыі ці ў раённым аб’яднанні прафсаюзаў, размешчаным па адрасе: г. Стоўбцы, вул. Ленінская, 45, каб. 113, тэлефон 7-34-73.

Галіна ШАПЕЦЬКА, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *