Стаўбцоўшчыне прыгажэць!

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

КАБ РАЎНАДУШНЫХ СТАЛА МЕНШ

Свет Божы просіцца быць у чысціні і гармоніі. І каб такі парадак захоўваўся, многае залежыць ад кожнага з нас. Як прыемна пісаць пра людзей, якія рупяцца аб добраўпарадкаванні нашай зямлі.

Гэтыя здымкі зроблены падчас раённага суботніка. Вялікі аб’ём работ на ім выканалі ўзброеныя тэхнікай працаўнікі Стаўбцоўскага доследнага лясгаса. Работнікі Апечкаўскага лясніцтва адгукнуліся на просьбу абкасіць тэрыторыі стаўбцоўскіх двух-трохпавярховых шматкватэрных дамоў, дзе цяпер пражываюць у асноўным людзі пенсіённага ўзросту.

З бензапіламі працаўнікі Акінчыцкага лясніцтва накіраваліся да гарадскога возера, дзе прыбралі ўсе непатрэбныя зараснікі, прынялі ўдзел у ачыстцы зоны адпачынку, якая хутка загамоніць галасамі адпачываючых на водным улонні.

Як гаворыць намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Стаўбцоўскага доследнага лясгаса Аляксандр Шарапа, планамерна на працягу ўсяго года работнікамі лесу праводзіцца работа па ачыстцы тэрыторый уздоўж дарог і чыгуначных пуцей ад сухастою, ветралому. Застаецца праблемай захламленасць лясных масіваў бытавым смеццем. І тут ужо трэба гаварыць аб выхаванасці, культуры людзей.  Каб прывучыць асобных да парадку, у гэтым годзе Стаўбцоўскі доследны лясгас, пераняўшы вопыт працаўнікоў лясной галіны Фінляндыі, устанавіў відэакамеры, якія запішуць нумар машыны, асоб, якія выкінулі смецце ў лес. І гэта правільна: трэба, каб кожны нёс адказнасць за свае дзеянні.

Лясгас прыцягвае да аховы лесу членаў школьных лясніцтваў, аматараў прыроды. Падчас вясновых суботнікаў сёлета на добраўпарадкаванні прылеглых да горада лясных масіваў папрацавалі супрацоўнікі Стаўбцоўскага райвыканкама, райспажыўтаварыства, некаторых іншых арганізацый. Праца гуртам дала плён.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымкУ: работу арганізаваў інжынер аховы лесу Віталь Росал.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ПРЫРОДА ВІТАЕ «МАРАФОНЦАЎ»

На ўскраіне Стоўбцаў, у Сіняве, зазелянелі маладыя, пасаджаныя ў сёлетнім красавіку, дубкі. Убралася ў лістоту ўся дубовая алея, пасаджаная супольна старэйшым і маладым пакаленнямі стаўбчан у гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі. Памятная алея –аб’ект асаблівай гордасці для начальніка райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандра Сарокі.

– Нашы намаганні не прайшлі дарэмна, калі дубовая алея набірае сілу і здаецца, вітае «марафонцаў», – у размове Аляксандр Сарока яшчэ раз вяртаецца да вынікаў абласнога эколага-патрыятычнага марафону, што пралёг і праз нашу Стаўбцоўшчыну. – Дрэўцы добра прыжыліся. Іх палівалі дажджы, а з улікам цяперашняга надвор’я, мы не пакінем іх без вільгаці. Арганізуем паліў з дапамогай аб’яднання камунальных службаў. Прыжывання, укаранення хочацца пажадаць і практыцы правядзення эколага-патрыятычных марафонаў, акцый, якія служаць галоўнай мэце – экалагічнаму выхаванню моладзі. Назапашаны і іншыя ідэі, праекты, над якімі будзем працаваць.  

– Аляксандр Генадзьевіч, райінспекцыя цесна супрацоўнічае са школамі раёна. У школьнікаў закончыўся навучальны год, а ў вас 5-га чэрвеня быў Дзень аховы навакольнага асяроддзя. З гэтай нагоды падводзілі вынікі супрацоўніцтва?

– Так, гэта ўжо стала традыцыяй. Сёлета па выніках навучальнага года заахвочаны Заямнаўская і Дзераўнянская школы, школа № 2 горада Стоўбцы. Уручылі ім падарункі – дэкаратыўныя зялёныя насаджэнні з закрытай каранёвай сістэмай. Няхай туі ўпрыгожваюць школьныя двары, дзе дзецям прывіваюць павагу да прыроды, ашчаднае стаўленне да яе багаццяў. У далейшым мы мяркуем надаць экалагічнаму руху раёна яшчэ большую актыўнасць, масавасць. Да прыкладу, аб’явіць сярод школ і арганізацый экалагічны конкурс, яго ўмовамі прадугледзець розныя намінацыі.     

– Своеасаблівы конкурс па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў ужо ідзе ў раёне.

– Сапраўды, да гэтай работы падключыліся і школьнікі, і прадпрыемствы.  У сельскіх населеных пунктах працягваецца ўстаноўка кантэйнерных пляцовак, што стымулюе да раздзельнага збору адходаў, а менавіта другасных матэрыяльных рэсурсаў – такіх, як пластык, макулатура, шкло. Па даных на канец мая кантэйнерамі былі ахоплены 49 населеных пунктаў раёна. Усяго ўстаноўлена 688 кантэйнераў. Да канца трэцяга квартала гэтыя работы будуць завершаны.

Паралельна з укараненнем кантэйнернай сістэмы захоўваецца аб’езд населеных пунктаў транспартам аб’яднання камунальных службаў. Аб’езд ажыццяўляецца згодна са схемай абарачэння з камунальнымі адходамі. Даная схема будзе карэкціравацца з улікам рэальных умоў утварэння адходаў і, плануецца, што аб’езды населеных пунктаў стануць гэтай парой штотыднёвымі.         

– Аб’яўлены збор пластыку, макулатуры, шкла, рыззя… А што з іншымі адходамі? 

– Сумесна з райспажыўтаварыствам мы пачалі развіваць новы напрамак – збор адпрацаваных элементаў сілкавання. Ёсць дамоўленасць, што ёмістасці для іх збору будуць устаноўлены ў кожным сельскім магазіне, ва ўсіх прамысловых магазінах горада, каб у далейшым перадаць адпрацаваныя элементы на захоўванне спецыялізаваным прадпрыемствам. Сумесна з аб’яднаннем камунальных службаў вырашаем пытанне і адносна ўтылізацыі лямпаў, якія ўтрымліваюць іртуць. Сёння прадпрыемствы проста складзіруюць іх на сваіх тэрыторыях, а вось жыхары раёна прызвычаіліся пазбаўляцца ад гэтых небяспечных адходаў разам з іншым смеццем.   

– Важны ўчастак работы звязаны з навядзеннем парадку на зямлі і яе рацыянальным выкарыстаннем. Які ўдзел у гэтым райінспекцыі?

– Выяўлены 20 парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства. Яны аштрафаваны больш чым на 25 мільёнаў рублёў. Прад’яўлены іск у суд на суму 630 мільёнаў рублёў у адносінах да аднаго прадпрыемства раёна – за несанкцыянаванае размяшчэнне будаўнічых адходаў. У цэлым жа работа па навядзенні парадку на зямлі – штодзённая, калектыўная і, па сутнасці, не пазначаная ніякімі межамі. Святы вёсак, што праводзяцца на Стаўбцоўшчыне, толькі актывізуюць гэтую работу, мабілізуюць на яе ўсе структуры і арганізацыі.

Рацыянальнаму выкарыстанню земляў паспрыяла тое, што з пачатку года прыбраны 41 сельскагаспадарчы аб’ект, які не выкарыстоўваецца і прыйшоў у непрыдатны стан. У сельгасабарот уцягваюцца землі, якія раней не выкарыстоўвалі, вядзецца іх перазалужэнне. Станоўчы вопыт у даным напрамку характэрны для СЖК «Налібакі», ААТ «Агранёманскі» і «Вялікі Двор», СФГ «Сула», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр».

Вялікая ўвага нададзена тэрыторыям, рэкультываваным пасля закрыцця міні-палігонаў. Плануецца набыць у бліжэйшы час «фоталавушкі» і размясціць іх на гэтых землях для выяўлення парушальнікаў. Ёсць і такія планы: у наступным годзе зарыбіць гарадское возера белым амурам і таўсталобікам – відамі рыбы, якія дапамогуць біялагічным шляхам пазмагацца з лішняй расліннасцю. Для парадку на вадаёмах трэба, каб у іх з’явіліся гаспадары. У раёне ёсць такія арандатары, многія з іх нядрэнна працуюць.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ       

 

ПРАЗ ТУРЫСТЫЧНЫ НОВЫ СВЕРЖАНЬ

На працягу многіх гадоў Новы Свержань ахоплены цэнтралізаваным зборам цвёрдых бытавых адходаў, але ў бліжэйшых планах – устаноўка металічных кантэйнераў.

– На першым часе збіраемся паралельна з кантэйнерамі пакінуць і падворны аб’езд хаця б адзін раз на месяц – для тых старых нямоглых людзей, у якіх адходы пажадана забіраць ад брамкі, – лічыць старшыня Навасвержанскага сельвыканкама Анатоль Богдан.           

Пакуль дзейнічае цэнтралізаваны збор цвёрдых бытавых адходаў, камунальнікі аб’язджаюць навасвержанскія вуліцы і завулкі два разы на месяц. Магчыма, для вялікага паселішча гэта не так і многа, аднак нараканняў ад людзей, па словах старшыні, няма. Дапамагае тое, што Новы Свержань знаходзіцца на штодзённым маршруце камунальнікаў да палігона цвёрдых бытавых адходаў, таму на любы «прапушчаны» ці «забыты» падворак няма ніякай праблемы заехаць у любы іншы час.

– Значна падчышчаны нашы вуліцы і прылеглыя тэрыторыі, пустыя двары, – зазначае Анатоль Богдан. – Паўсюдна вядзём збор другасных рэсурсаў – пластыкавых бутэлек, шкла, макулатуры. Адходы сарціруем і здаём на пункты прыёму. Мясцовыя школьнікі таксама праяўляюць актыўны «попыт» на іх, выходзяць на збор цэлымі класамі. 

Сёлета ДРБУ № 135 аказвае сельвыканкаму дапамогу з падсыпкай і грэйдзіраваннем дарогі, якая вядзе да школы (ад райаграсэрвіса), а таксама вуліц у новым мікрараёне, дзе вясною разліваецца Жацераўка. На «школьнай» дарозе былі ўстаноўлены дарожныя знакі, якія забараняюць рух аўтамабіляў. Не ўсім,  праўда, гэта даспадобы, бо дарожны знак хтосьці перыядычна пакручвае і «мяняе» яму накірунак. Добраўпарадкаванне дарожна-вулічнай сеткі – адна з асноўных задач яшчэ і па той прычыне, што цяпер актыўна вядзецца рэклама пустых і свабодных участкаў, а раскупляюцца найлепш тыя з іх, да якіх створаны добрыя даезды.

Сельвыканкам заклікае і ўсіх вяскоўцаў наводзіць парадак у сваіх дварах і вакол сядзібаў. Як правіла, людзі адгукаюцца на гэта з разуменнем. Аднак за вясенні перыяд выдадзены прадпісанні 20-ці злосным парушальнікам санітарных правілаў. Ці кінуліся яны выпраўляць становішча? Гэта пакажа аб’езд, які сельвыканкам плануе правесці разам з санітарнай службай раёна. Да тых, хто не навёў парадку, будуць прымацца адміністрацыйныя меры.

– Цяпер пачынаецца сезон масавага абкошвання тэрыторый. Важна рабіць яго своечасова, і мы пераконваем у гэтым домаўладальнікаў, – сцвярджае Анатоль Богдан. – Сельвыканкам мяркуе і сёлета заключыць дагаворы з раённым камбінатам бытавога абслугоўвання, стаўбцоўскім філіялам КУП «Мінаблпаліва», якія аказваюць паслугі па абкошванні. У першую чаргу гэта трэба для таго, каб падтрымліваць парадак на цэнтральнай вуліцы Новага Свержаня, якая з’яўляецца транзітнай ды турыстычнай. І, безумоўна, прыходзіць на дапамогу людзям нямоглым, каб і іх сядзібы не выглядалі безгаспадарнымі. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ     

 

ПРЫЧАКАЦЬ АЎТОБУСА Ў ПАВІЛЬЁНЕ

У Рочавічах устаноўлены дарожны аўтапавільён. Такія ж аўтапавільёны з’явіліся на дарозе Івянец – Рубяжэвічы – Стоўбцы – у вёсках Ячонка, Варнавугал і Засулле.

У Варнавугле і Засуллі ДРБУ № 135 замяніла старыя аўтапавільёны, а што датычыць Ячонкі, то тут, па просьбе мясцовых жыхароў, устаноўлены павільён-«навічок». Пасажыраў, якія чакаюць маршрутнага аўтобуса, ён захінае ад непагадзі. 

Сёлетняя вясна для дарожнікаў выдалася напружанай. Шмат аб’ектаў зроблена імі ў райцэнтры. Так, асвоена 350 мільёнаў рублёў (практычна пятая частка ад усяго заказу, выкананне якога прадугледжана да канца бягучага года) на «ліцейцы» – новай вытворчасці высокадакладнага высокатрывалага чыгуннага ліцця на філіяле ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы». Гэта ўстаноўка дарожнага, тратуарнага борта і асфальтаванне пад’ездаў да вытворчых будынкаў. 250 мільёнаў рублёў асвоена на добраўпарадкаванні вуліцы 17 Верасня, дзе аздабляецца тратуарамі тэрыторыя вакол гарадскога возера. Выканана ўстройства пакрыцця з асфальту і на былым малочным заводзе, дзе цяпер развівае свае магутнасці СЗАТ  «Птушкафабрыка «Колас».       

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *