Таленты Стаўбцоўшчыны

Культура Нумары

image_pdfimage_print

МАЙСТЭРСТВА СТАЎБЦОЎСКІХ СКРЫПАЧОЎ

Лідскі конкурс «ЛьВенок» зноў сабраў таленавітых дзяцей з усёй рэспублікі паказаць сваё майстэрства ў розных намінацыях.

Чыста, граматна, віртуозна, артыстычна выканала сваю конкурсную праграму юная скрыпачка Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Сабрына Пракаповіч. Ёй прыйшлося сапернічаць са студэнтамі каледжаў, але дзяўчынка справілася з хваляваннем і дастойна прадставіла сваю праграму. Узнагарода ёй – лаўрэацкі дыплом. Наогул, гэты год ураджайны для Сабрыны на лаўрэацкія дыпломы: у яе тры прызавыя месцы – на рэгіянальным, абласным і рэспубліканскім конкурсах.

Рада гэтым абставінам і яе настаўніца Ала Імамутдзінава:

– Таленавітая дзяўчынка, – гаворыць Ала Мікалаеўна, – у Сабрыны атрымліваюцца ўсе тэхнічныя складанасці, яна адчувае музыку, якую выконвае, выказвае свае адносіны да яе. Ва ўсіх конкурсах і канцэртах нязменным канцэртмайстрам выступае таленавіты настаўнік, віртуозная піяністка Людміла Новікава. Гэта сапраўдны дуэт двух сэрцаў. Пры выкананні твораў яны разумеюць адна другую з першага погляду. Людміла Мікалаеўна дапамагае Сабрыне на сцэне справіцца з хваляваннем, таму што кожны конкурс – гэта вялікае напружанне сіл. Хочацца выказаць падзяку бацькам Сабрыны – Віктару і Вользе Пракаповічам. Бацькі знайшлі магчымасць паехаць у Германію і прывесці выдатную майстроўскую скрыпку. У іх шматдзетнай сям’і ўсе дзеці займаюцца музыкай. Сабрына добра вучыцца і ў стаўбцоўскай гімназіі. Мы падтрымліваем яе мару звязаць сваё жыццё з музыкай. Пажадаем ёй творчых поспехаў і дасягнення сваёй мэты.

На гэтым рэспубліканскім конкурсе лаўрэацкі дыплом ІІ ступені атрымаў і ансамбль скрыпачоў у складзе Рамана Шайнова, Сабрыны Пракаповіч,  Таццяны Акуліч, Дзіяны Сарока, Юліі Карповіч. Дзеці пакарылі журы сваёй артыстычнасцю, лёгкасцю выканання конкурсных твораў. Каб дабіцца якаснага выканання, з узорным калектывам не адзін месяц прыйшлося папрацаваць настаўнікам Але Імамутдзінавай, Таццяне Кот, нязменнаму канцэртмайстру Алене Бохан. Гэтыя старанні і вучняў, і педагогаў не прапалі дарэмна. Поспехам юных музыкантаў радуецца і кіраўніцтва школы. Скрыпачы выказваюць удзячнасць дырэктару Дзмітрыю Слесарчыку за транспарт, які быў выдзелены для паездкі на конкурсы.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

На здымку: Ала Імамутдзінава са сваёй вучаніцай Сабрынай Пракаповіч.

Фота Васіля Зянько

 

ГРАН-ПРЫ – АРКЕСТРУ «ВІЦІНЫ»

Народны духавы аркестр «Віціны» раённага Цэнтра культуры пад кіраўніцтвам дырыжора Аляксандра Нічыпаровіча стаў уладальнікам галоўнага прыза на Рэспубліканскім конкурсе духавых аркестраў, які прайшоў у парку Горкага ў сталіцы.

У конкурсе паказвалі сваё майстэрства прафесіянальныя і самадзейныя духавыя аркестры з усёй Беларусі, у тым ліку аркестры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Арганізатарамі конкурсу выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, саюз музычных дзеячаў  і асацыяцыя духавых аркестраў Беларусі. У складзе журы былі знакамітыя дзеячы культуры:  прафесары духавой музыкі Ігар Мангушаў, Аляксандр Карацееў, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Фёдараў.

Гран-пры стаўбцоўскаму аркестру – гэта прызнанне яго як аднаго з лепшых духавых аркестраў краіны. Вялікая заслуга ў развіцці старэйшага ў раёне мастацкага музычнага калектыву яго кіраўніка Аляксандра Нічыпаровіча. Свой высокі прафесіяналізм укладвае ў дзейнасць калектыву канцэртмайстар Уладзімір Сошка, дзякуючы якому аркестр зачароўвае гарманічнай сугучнасцю яго ўдзельнікаў на розных музычных інструментах. Узнагароды гэтага рэспубліканскага конкурсу атрымалі і мажарэткі, якія ўпрыгожылі выступленне аркестра, а таксама  падрыхтавалі асобную конкурсную кампазіцыю. Выступленне стаўбцоўскіх мажарэтак было ацэнена дыпломам ІІ ступені. Кіруюць калектывам выкладчыкі Аляксандра Варывоцкая і Анастасія Бекасава. Спецыяльнымі дыпломамі журы адзначыла салістаў духавога аркестра «Віціны» – Сяргея Лубчонка (дуда), Вольгу Кулага (саксафон), Уладзіміра Рэцкага (труба).

Такая высокая ацэнка выканальніцкага майстэрства аркестра – добры стымул для ўдзелу ў наступных конкурсах. Цяпер духавы аркестр збіраецца ў гастрольную паездку ў польскі горад Лобез.

 

НА СВАЁЙ ЗЯМЛІ

З 2006 года праводзіцца Міжнародны конкурс жывапісу і графікі «На сваёй зямлі». У гэтым годзе на конкурс прыйшлі 13 247 работ з 34 краін свету. Конкурсныя работы разглядвалі 13 прафесійных мастакоў, педагогаў і мастацтвазнаўцаў з Беларусі, Расіі, Украіны.

Лаўрэатамі гэтага міжнароднага конкурсу сталі выхаванцы мастацкага аддзялення Стаўбцоўскай школы мастацтваў Бажэна Звыцэвіч і Дзіяна Чарнец. Падзячнымі лістамі адзначаны работы Дар’і Тулейка, Анастасіі Маскаленчык, Паліны Камёнка, Аляксандры Барысевіч. З вучнямі працуюць настаўнікі Андрэй і Ірэна Зянько.

Дыпломы ўдзельнікаў конкурсу атрымалі выхаванцы народнай студыі «Раніца» Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў Павел Сахар, Захар Радзіон, Дар’я Лукша. Кіраўнік студыі – Святлана Калкоўская.

 

ПЕСЕНЬ ДАР «АЛЬБУЦКАЙ КРЫНІЧКІ»

25-ты раз на Стаўбцоўшчыне прайшоў раённы дзіцячы фестываль беларускай песні «Альбуцкая крынічка». Арганізатарам яго стала Наваколасаўская дзіцячая школа мастацтваў, якую ўзначальвае Наталля Кур’яновіч.

У гэтым годзе ў песенным свяце прынялі ўдзел 26 выканаўцаў з пяці дзіцячых школ мастацтваў і раённага Цэнтра культуры.

У намінацыі «Ансамблі» першае месца журы вызначыла знакамітаму дзіцячаму калектыву нашага раёна – узорнаму ансамблю «Жавароначкі» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Л. П. Канаплянікавай-Доўнар. Другое месца прысуджана ансамблю народнай песні «Кропелька» Старасвержанскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Л. В. Варывоцкай. Дыплом ІІІ ступені атрымаў узорны ансамбль народнай музыкі і песні «Каласкі» Наваколасаўскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам А. В. Грыбко.

У намінацыі «Салісты» (эстрадны вакал) дыпломам І ступені ўзнагароджана Дар’я Доўнар з раённага Цэнтра культуры, кіраўнік В. І. Малухін, дыпломам ІІ ступені – Таццяна Касцюкевіч з Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў, кіраўнік М. Л. Авязава, дыпломам ІІІ ступені – яшчэ адна вучаніца Валерыя Малухіна Аляксандра Харына. У конкурсе народных спеваў першае месца прысуджана Мілане Бондаравай, другое – Кацярыне Васілеўскай, з якімі ў Стаўбцоўскай дзіцячай школе мастацтваў працуе Людміла Канаплянікава-Доўнар. Трэцяе месца атрымала Марыя Брыкалава з Наваколасаўскай дзіцячай школы мастацтваў, кіраўнік А. В. Грыбко.

Фестываль стаў стымулам для юных талентаў павышаць узровень вакальных і харавых спеваў.

 

НЯСВІЖСКІЯ КРАЯВІДЫ Ў ЖЫВАПІСЕ

Выхаванцы Стаўбцоўскай і Шашкоўскай дзіцячых школ мастацтваў паспяхова паўдзельнічалі ў VІІ рэгіянальным адкрытым пленэры юных мастакоў імя Міхаіла Сеўрука, які прайшоў у Нясвіжы.

Конкурс быў выдатна арганізаваны. Урачыстае адкрыццё пленэра прайшло ў тэатральнай зале Нясвіжскага замка. Для 34 удзельнікаў пленэра з 15 мастацкіх школ і дзіцячых школ мастацтваў з усіх абласцей Беларусі была арганізавана і экскурсія па замку. Арганізатары пленэра паклапаціліся і аб прызах для пераможцаў – прафесійных наборах алоўкаў і фарбаў лепшых вытворцаў гэтай прадукцыі для мастакоў.

Журы высока ацаніла работы дзесяцігадовага Васіля Зянько са Стаўбцоўскай школы мастацтваў – ён атрымаў дыплом  І ступені. Дыпломам ІІ ступені ўзнагароджана Бажэна Звыцэвіч, заахвочвальным дыпломам – Патрысія Шчэкала, абедзве – вучаніцы Стаўбцоўскай школы мастацтваў. З імі працуюць выкладчыкі Андрэй і Ірэна Зянько.

Прыгожыя пейзажы атрымаліся ў Аляксандры Барысевіч (Стаўбцоўская дзіцячая школа мастацтваў) і Захара Радзіона (Шашкоўская дзіцячая школа мастацтваў). Па традыцыі работы ўдзельнікаў пленэра будуць прадстаўлены на выставе.

Пр

 

ЧЭМПІЁНСКАЯ ВЯРШЫНЯ

Прыемны сюрпрыз прынеслі спаборніцтвы першынства рэспублікі сярод юніёраў па лёгкай атлетыцы. Прадстаўнік Стаўбцоўшчыны, які выступаў за зборную Мінскай вобласці, Аляксей Вяршынін стаў пераможцам у бегу на 2000 метраў з перашкодамі.

Сёлета Аляксей паспеў ужо адзначыцца прызавымі ўзнагародамі, беручы ўдзел у абласных стартах. А цяпер вось важкае дасягненне і на рэспубліканскім узроўні. Гэта поспех і юнага спартсмена, і яго трэнераў Вольгі Ярашэвіч і Анатоля Турчановіча.

Васьмікласнік Вішнявецкай СШ мае намер працягваць далей вучобу ў школе алімпійскага рэзерву. Здольнасць юнака ацанілі вядучыя трэнеры рэспублікі У. Полагаў, Т. Карэйка.

 

З УДАЧАЙ ПАДРУЖЫЦЦА

Спаборніцтвы па шматбор’і «Дружба», якія прайшлі ў Капылі, сталі ўдалымі для каманды нашага раёна. Юныя спартсмены 2001-2002 гадоў нараджэння занялі першае агульнакаманднае месца.

Віды спорту, якія ўваходзяць у праграму шматбор’я, патрабуюць і хуткасці, і вынослівасці, і дакладнага разліку. Удзельнікі спаборнічалі ў бегу на 60 метраў, скачках у даўжыню і кіданні мяча на адлегласць. Чацвёрты від – пераадоленне кросавай дыстанцыі на 800 метраў для хлопцаў і 500 метраў – для дзяўчат. Паспяхова справіліся з заданнямі ўсе члены каманды. Навучэнцы СШ № 3 г. Стоўбцы Карына Татэвасян, Дзяніс Дзям’янка, Андрэй Ліпніцкі, Уладзіслаў Мілашэўскі, а таксама Ксенія Гацура, Карына Уліч, Данііл Нашчынец, якія займаюцца ў гімназіі № 1, і Вера Бець з Вішнявецкай СШ згуртаваліся ў дружны калектыў. Усе прынеслі заліковыя ачкі камандзе, і кубак пераможцы – у стаўбчан. А таксама восем медалёў за асабістыя дасягненні. Гэта вынік працы трэнераў Анатоля Турчановіча, Андрэя Вяршыны, Вольгі Ярашэвіч, Юрыя Кручка.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *