Да ведама чытачоў

Кантроль, бяспека Нумары

image_pdfimage_print

ПАТРАБУЙЦЕ ЧЭКІ. ГЭТА ПАЛЯПШАЕ ЯКАСЦЬ ЖЫЦЦЯ

Інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Стаўбцоўскім раёне інфармуе аб татальным правядзенні ў чэрвені 2015 года падатковымі органамі Рэспублікі Беларусь кантрольных мерапрыемстваў у адносінах да асоб, якія ажыццяўляюць дзейнасць у сферы гандлю і аказанні паслуг.

Паважаныя грамадзяне, патрабуючы чэкі, вы паляпшаеце якасць свайго жыцця.

Робячы сур’ёзную пакупку (пральная машына, халадзільнік і т. п.), большасць з нас бярэ ў прадаўца дакумент, які пацвярджае аплату тавару (касавы чэк).

Так мы стараемся падстрахавацца, калі раптам набыты тавар акажацца няякасным і нам прыйдзецца яго вярнуць.

Часта здараецца, што, набываючы розныя паўсядзённыя пакупкі, многія з нас не чакаюць, калі прадавец выб’е чэк і выдасць яго на рукі. Заплаціўшы за тавар, мы спяшаемся дахаты, не жадаючы губляць свой час на тое, каб атрымаць чэк на пакупку. А ці правільна мы робім?

Калі чалавек штосьці купляе, яму абавязаны выдаць касавы чэк. Па-першае, гэта пацвярджае тое, што пакупка была зроблена менавіта ў данага прадаўца, па-другое, калі выбіваюць чэк, то сума грошай, якая паступае ад продажу тавару, фіксуецца на касавай ленце. А гэта значыць, што прадавец пакажа суму як выручку і заплаціць з яе падатак.

Падатак – гэта асноўная крыніца папаўнення бюджэту любой краіны. Грашовыя сродкі з бюджэту размяркоўваюцца на розныя мэты: будаўніцтва новых школ, спартыўных збудаванняў, аграгарадкоў, музеяў, бібліятэк, медыцынскіх устаноў, вытворчых аб’ектаў. Нясуць службу армія, МНС, міліцыя, выконваюць свае абавязкі настаўнікі і ўрачы. Выплачваюцца пенсіі пенсіянерам, інвалідам, дапамогі маладым маці і людзям, якія страцілі працу. Выплачваюцца стыпендыі студэнтам. Будуюцца і рамантуюцца дарогі. На ўсе сферы жыццядзейнасці нашай дзяржаве патрэбны сродкі. Таму бюджэт неабходна пастаянна папаўняць.

Калі вы не будзеце патрабаваць і браць чэк, то грошы, якія заплацілі за тавар, прадавец проста пакладзе сабе ў кішэню. Ён не заплаціць падаткі, не папоўніць бюджэт. Калі вы будзеце браць чэк у прадаўца, то ён не зможа схаваць свой даход. Памятайце, што вярнуць няякасны тавар прадаўцу вы зможаце толькі тады, калі ў вас ёсць чэк. Так у вас будзе магчымасць абараніць свае спажывецкія правы.

Інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Стаўбцоўскім раёне просіць паведамляць інфармацыю аб нявыдачы чэка па тэл.: 5-10-47, 5-10-91.

Інспекцыя МПЗ Рэспублікі Беларусь па Стаўбцоўскім раёне

 

ВЫКОНВАЦЬ ПРАВІЛЫ АДПАЧЫНКУ НА ВАДЗЕ

З мэтай папярэджання гібелі людзей на вадзе раённым выканаўчым камітэтам прынята рашэнне ад 10.03.2015 № 264 «Аб мерапрыемствах па падрыхтоўцы зон масавага адпачынку да купальнага сезона 2015 года на водных аб’ектах Стаўбцоўскага раёна», якім вызначана 7 месцаў масавага адпачынку насельніцтва.

Разам з тым, вынікі маніторынгу месцаў масавага адпачынку дазваляюць зрабіць вывад, што райвыканкамам, арганізацыямі, за якімі замацаваны месцы купання, належныя меры, накіраваныя на прафілактыку гібелі людзей, не прымаюцца, дапускаюцца парушэнні правілаў аховы жыцця людзей на водах, зацверджаныя пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11.12.2009 № 1623.

Пракуратура Стаўбцоўскага раёна нагадвае, што правіламі ўстаноўлены спіс забарон, якія неабходна выконваць адпачываючым, каб захаваць жыццё сабе і іншым, пазбегнуць няшчасных выпадкаў на вадзе. Такім чынам, адпачываючым забараняецца:

– купацца ў забароненых месцах рэк, азёр, вадасховішчаў, сажалак і іншых вадаёмаў;

– забруджваць вадаёмы, заязджаць на тэрыторыю пляжаў на транспартных сродках, парушаць рэжым утрымання водаахоўных зон;

– распіваць на пляжы спіртныя напіткі;

– заплываць за буі і іншыя знакі, якія абазначаюць зону купання;

– падплываць да суднаў (маторных, парусных, вёсельных лодак) і іншых плаўных сродкаў;

– узбірацца на тэхнічныя і папераджальныя знакі, буі і іншыя прадметы;

– скакаць у ваду з лодак, катараў, прычалаў, збудаванняў, не прыстасаваных для гэтай мэты;

– выкарыстоўваць выратавальныя сродкі не па прызначэнні;

– плаваць на дошках, лежаках, бярвеннях, аўтакамерах, надуўных матрацах;

– наладжваць гульні ў вадзе, звязаныя з ныраннем і захватам таго, хто купаецца, а таксама выконваць іншыя дзеянні, якія могуць стаць прычынай няшчаснага выпадку;

– падаваць ілжывыя сігналы трывогі;

– пакідаць малалетніх дзяцей без нагляду;

– мыць на пляжах бялізну і купаць жывёлу.

З мэтай забеспячэння ў перыяд купальнага сезона 2015 года ў зонах масавага адпачынку грамадскага парадку Стаўбцоўскаму РАУС даручана актывізаваць работу па прыцягненні да адказнасці грамадзян за распіванне спіртных напіткаў у месцах паблізу вадаёмаў, рэк, а таксама за купанне ў забароненых для гэтага месцах.

Пры выкананні ўказаных правілаў бяспечных паводзін на вадзе адпачынак прынясе вам толькі карысць.

Сяргей ГРЫЦУК, пракурор Стаўбцоўскага раёна

 

ЗА БЯСПЕЧНЫ БЫТ

З 8 па 12 чэрвеня на тэрыторыі раёна райаддзел міліцыі  праводзіць спецыяльны комплекс мерапрыемстваў «Быт». Задачай акцыі з’яўляецца комплекснае прымяненне мер індывідуальнай прафілактыкі правапарушэнняў і прэвентыўнага ўздзеяння ў адносінах да грамадзян, якія дапускаюць насілле ў сям’і. Мэтай ставіцца павышэнне ўзроўню ўзаемадзеяння суб’ектаў прафілактыкі і прыцягненне грамадзян да аказання садзейнічання пры рэалізацыі мерапрыемстваў па папярэджанні сямейнага насілля. Далейшая стабілізацыя абстаноўкі ў грамадстве адносна зніжэння ўзроўню злачыннасці магчыма толькі пры ўмове максімальна цеснага ўзаемадзеяння супрацоўнікаў органаў унутраных спраў з грамадскасцю.

Калі ў вашай сям’і мела месца насілле, або вы пражываеце побач з сям’ёй, у якой дзіця, жонка ці муж, састарэлы чалавек знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным стане, або вам стала вядома аб фактах незаконнай вытворчасці самагону і іншых спіртаўтрымліваючых вадкасцяў, не заставайцеся абыякавымі да гэтых праблем.

Тэлефоны гарачай лініі Стаўбцоўскага РАУС: 5-32-76, 5-19-15. Тэлефоны гарачай лініі УУС Мінскага аблвыканкама: (8-017) 229-04-36, 229-04-25. Тэлефон агульнанацыянальнай гарачай лініі: 8-801-100-8-801.

 

ПРАГРАМА «МАК» – У ДЗЕЯННІ

У перыяд з 1-га чэрвеня па 15-га верасня на тэрыторыі раёна праходзіць спецыяльная праграма «Мак», мэтай якой з’яўляецца недапушчэнне распаўсюджання наркотыкаў расліннага паходжання, а менавіта раслін маку і каноплі.

Найбольш даступнай сыравінай для вырабу наркотыкаў у летні перыяд з’яўляецца опій, які ўтрымліваецца ў раслінах маку. У сувязі з тым, што ў 2014 годзе ўступіў у сілу Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 «Аб некаторых пытаннях дзяржаўнага рэгулявання абароту насення маку» і апрацаванае спецыяльнымі хімічнымі рэагентамі насенне маку, з якога наркаспажыўцы выраблялі опій, стала практычна недаступным для набыцця, магчыма актывізацыя асоб, якія ўжываюць опій, у пошуку маку на агародах грамадзян.

Нагадваем, што мак і каноплі адносяцца да наркаўтрымліваючых раслін, за пасеў і вырошчванне якіх устаноўлена адміністрацыйная і крымінальная адказнасці. Згодна з артыкулам 16.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, пасеў або вырошчванне забароненых раслін, якія ўтрымліваюць наркатычныя сродкі, цягне накладанне штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь. Артыкул 329 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае штраф ці арышт да шасці месяцаў, або абмежаванне волі ці пазбаўленне волі тэрмінам да трох гадоў за пасеў або вырошчванне з мэтай збыту (вырабу) наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, забароненых да вырошчвання раслін і грыбоў, якія ўтрымліваюць наркатычныя сродкі або псіхатропныя рэчывы.

Усіх, каму што-небудзь вядома пра факты захоўвання, вырабу, збыту і ўжывання наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, а таксама месцы вырошчвання маку і канопляў, просім паведаміць у раённы аддзел унутраных спраў па тэл. 5-11-71, 5-11-98 або 5-19-15 (ананімнасць гарантуем).

Яўген КУРЫЛА, старшы оперупаўнаважаны райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *