Ці караць падлетка за курэнне?

Нумары Увага - дзецям

Куреніе

На Стаўбцоўшчыне падведзены вынікі прафілактычнай акцыі «Антытытунь».
Думка падлеткаў
На пытанне «Чаму вы пачалі курыць?» апытаныя падлеткі адказалі наступным чынам: так робяць іншыя – 55,1 працэнта; з цікавасці – 35,9 працэнта; хочацца быць падобнымі да дарослых – 20,7 працэнта; гэта модна, прэстыжна – 13,9 працэнта; здымае стрэс – 11,3 працэнта; таму што кураць у сям’і – 9,4 працэнта.
Пазіцыя работніка інспекцыі па справах непаўналетніх
– Многія бацькі думаюць, што чым больш строгае пакаранне за курэнне, тым лепш яно дзейнічае. Гэта далёка не так, – адзначае начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі Міхаіл Азановіч. – Пакаранне робіць дзіця больш жорсткім, разбурае даверлівыя адносіны з бацькамі, выклікае крыўду, але наўрад ці прыводзіць да адмовы ад курэння. За адным пакараннем – другое, яшчэ больш суровае, і так без канца, бо падлетак працягвае курыць. Не прыніжайце, не карайце дзіця і не рабіце выгляд, што вы яго больш не любіце. Выберыце зручны момант і ў спакойнай, дружалюбнай гутарцы паспрабуйце абмеркаваць з ім гэтую праблему.
Часцей за ўсё бацькі імкнуцца як мага хутчэй «загрузіць» дзіця інфармацыяй аб шкодзе курэння. Пры гэтам даюць недакладныя даныя накшалт – праз 50 гадоў у цябе будзе рак, хворае сэрца, дрэнны колер скуры… Такая адтэрмінаваная расплата, натуральна, не прынясе чаканага эфекту. Нярэдка бацькі прыбягаюць да недакладнай, запужваючай інфармацыі («калі ты будзеш курыць, у цябе выпадуць валасы і зубы», «ты станеш разумова непаўнацэнным» і т. п.). З часам падлетак пераконваецца ў ілжывасці гэтых звестак і траціць давер да бацькоў, прычым не толькі ў сувязі з праблемай курэння.
Адказнасць за курэнне
Супрацоўнік міліцыі нагадвае: курэнне (спажыванне) тытунёвых вырабаў у месцах, дзе яно ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі забаронена, цягне накладанне штрафу ў памеры да чатырох базавых велічынь (арт. 17.9 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях).
Дзе не кураць
На падставе арт. 38 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 28 ад 17 снежня 2002 года «Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў», забаронена курэнне (спажыванне) тытунёвых вырабаў, за выключэннем месцаў, спецыяльна вызначаных для гэтай мэты:
ва ўстановах аховы здароўя, культуры, адукацыі, спорту, на аб’ектах гандлю і бытавога абслугоўвання;
на аб’ектах грамадскага харчавання, акрамя аб’ектаў, якія рэалізуюць тытунёвыя вырабы і маюць вызначаныя для абслугоўвання грамадзян (спажыўцоў) памяшканні з дзеючай сістэмай вентыляцыі;
у памяшканнях органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, арганізацый;
на ўсіх відах вакзалаў, у аэрапортах, падземных пераходах, на станцыях метро;
ва ўсіх відах грамадскага транспарту, вагонах паяздоў, на суднах, самалётах, за выключэннем паяздоў дальняга следавання, пасажырскіх суднаў і самалётаў, у якіх прадугледжаны месцы, спецыяльна вызначаныя для курэння.
Павестка на камісію
– Раённай камісіяй па справах непаўналетніх з пачатку года разгледжаны паводзіны пяці падлеткаў за курэнне ў неўстаноўленых месцах. Панеслі адказнасць трое бацькоў, у якіх дзеці не дасягнулі ўзросту прыцягнення. Прымянялі і штрафныя санкцыі, – паведаміла намеснік старшыні камісіі Наталля Хвасько.
Хто гэтыя падлеткі, на якіх былі складзены адміністрацыйныя пратаколы? Хлопцы і дзяўчаты, як правіла, – школьнікі або навучэнцы ліцэяў, каледжаў. Напрыклад, на адным з апошніх пасяджэнняў разглядалі паводзіны дваіх курцоў. Абое – 16-гадовыя навучэнцы Дзяржынскага ліцэя, прыйшлі разам з татамі. Але калі хлопец-ліцэіст у свае гады – ужо заўзяты курыльшчык, і гэта добра вядома яго бацьку, які знаходзіць сродкі на далёка нятанны Winstоn для сына (на камісіі ён за тое, што пакурыў не ў тым месцы), то ў сарамлівай дзяўчыны-першакурсніцы, якая толькі «зацягнулася» за кампанію на тэрыторыі навучальнай установы і была заўважана завучам, ёсць шанц сапраўды пачаць жыццё без цыгарэты. У гэта хочацца верыць, асабліва пасля слоў бацькі, што ў яго сям’і і сыны не кураць, і што дачка водзіць дружбу з прыстойнымі равеснікамі.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *