Партнёрства ў імя будучыні

Нумары Сувязі

image_pdfimage_print

У Мінску з 7 па 10 чэрвеня прайшоў Х Беларускі міжнародны медыяфорум «Партнёрства ў імя будучыні: спадчына Вялікай Перамогі». У сталіцу Беларусі з’ехаліся кіраўнікі СМІ, вядомыя палітолагі і эксперты з 20 краін свету – блізкага і далёкага замежжа.

 Перш чым прыступіць да шматлікіх дыскусій, удзельнікі медыяфоруму ўсклалі кветкі да манумента Перамогі і наведалі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Нацыянальная бібліятэка стала акцэнтам адкрытага дыялогу па самых складаных праблемах сучаснасці, вызначэнні ролі і месца СМІ ў свеце. Старшыня арганізацыйнага камітэта медыяфоруму, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч зазначыла: «Мы дзесяць гадоў запар праводзім медыяфорум і ўзгадавалі такую медыяпляцоўку, дзе кожны год абмяркоўваюцца актуальныя пытанні развіцця медыяпрасторы. У гэтым годзе тэма Вялікай Перамогі выйшла на першы план, бо з’явіліся спробы адабраць у нас нашу Перамогу… Сёння мы дэманструем  прынцыпы шчырай, адказнай журналістыкі, якая працуе на стварэнне, якая здольна садзейнічаць міру, узаемаразуменню і супрацоўніцтву паміж краінамі…»

Удзельнічаючы ў пленарным пасяджэнні медыяфоруму, я сустрэла шмат знакамітых асоб, якія ў сваіх краінах фарміруюць грамадскую думку. Як сказаў вядомы расійскі тэлевядучы Л. Млечын, «сама ментальнасць беларуская спрыяе дружалюбнаму настрою».

Удзельнікі міжнароднага медыяфоруму мелі магчымасць дыскутаваць на тэмы: «Сучасны свет у эпоху новых геапалітычных рэалій», «Вялікая Перамога – маральны фундамент развіцця Саюзнай дзяржавы, працэсаў еўразійскай інтэграцыі», «Новыя медыя ў глабальным свеце. Роля і адказнасць».

У фае Нацыянальнай бібіліятэкі былі размешчаны тэматычныя экспазіцыі, прысвечаныя 70-годдзю Вялікай Перамогі. На наступны дзень у Інстытуце журналістыкі працавала летняя школа журналістыкі з правядзеннем майстар-класаў вядомых замежных і беларускіх журналістаў. Затым госці беларускай сталіцы наведалі гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна», мемарыяльныя комплексы «Брэсцкая крэпасць-герой» і «Хатынь».

Беларускі міжнародны медыяфорум стаў знакавым міжнародным праектам. Журналісты не толькі маглі абмяняцца думкамі і выпрацаваць новыя ідэі, ім была дадзена магчымасць кансалідацыі намаганняў міжнароднай прэс-супольнасці, экспертаў розных галін ведаў у паглыбленні партнёрства, стварэнні агульнай гуманітарнай прасторы СНД.

Наступны, ХІ Беларускі міжнародны медыяфорум «Партнёрства ў імя будучыні», у 2016 годзе плануецца правесці таксама ў Мінску.

Нэлі Астрэйка



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *