На Стаўбцоўшчыне

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

На працягу многіх гадоў земляробы ААТ «Радзіма Якуба Коласа» славяцца адметнымі ўраджаямі цукровых буракоў. Добрыя вынікі дасягнуты працаўнікамі на доглядзе плантацый, захаванні тэхналагічнага працэсу высеву элітнага насення. Не абыходзіцца тут без добрай падказкі спецыялістаў сельскагаспадарчай фірмы «Агратэх інтакс», якая мае на тэрыторыі таварыства доследны ўчастак па вырошчванні кармавых і паўцукровых буракоў, займаецца дражыраваннем, інкрустацыяй насення ахоўнымі і павышаючымі ўраджайнасць хімічнымі матэрыяламі.

На здымку вы бачыце дырэктара фірмы Сяргея Волкава (справа), які тлумачыць працоўнае заданне механізатару Мікалаю Марозу.

Васіль ЗЯНЬКО

РОСТ – ПРЫКМЕТА СТАБІЛЬНАСЦІ

У сучасных эканамічных умовах філіял «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат» захоўвае стабільны рэжым работы і фінансавую ўстойлівасць.

– За чатыры месяцы бягучага года ад рэалізацыі прадукцыі атрымана прыбытку 26 мільярдаў рублёў. Рэнтабельнаць продажаў склала 17,1 працэнта, – заўважае галоўны эканаміст філіяла Алена Бузуноўская.

Паводле апошніх даных, з добрымі паказчыкамі калектыў спрацаваў і па выніках пяці месяцаў 2015 года. Да прыкладу, перапрацавана 6 442 тоны жывёлы і выраблена 3 397 тон мяса, што ў адносінах да аналагічнага леташняга перыяду больш на 20 працэнтаў. Значны рост дасягнуты ў вытворчасці мясных паўфабрыкатаў. Сваіх спажыўцоў знайшлі 459 тон каўбасных вырабаў і 168 тон паштэтаў, прадстаўленых на даны момант пяццю відамі паштэтаў і 20 відамі кансерваў. На экспарт усяго было рэалізавана прадукцыі на 8,8 мільёна долараў ЗША, ці на 128 мільярдаў рублёў.

Прыбытковая дзейнасць дазваляе прадпрыемству будаваць планы адносна далейшага развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы. У першую чаргу яны звязаны з будаўніцтвам цэха па вытворчасці сыравэнджаных і сыравяленых вырабаў, рэканструкцыяй мясатлушчавага ўчастка і інш.

 

ЧАРНІЧНЫЯ І ІНШЫЯ ДАЛІКАТЭСЫ

Летні перыяд  Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» пачынае са «свежымі» відамі фруктова-ягадных напаўняльнікаў для малочнай прамысловасці.

За апошнія месяцы чарговыя навінкі адпрацаваны спецыялістамі прадпрыемства на аснове такіх відаў ягад і садавіны, як клубніцы, вішня, маліна, персік, абрыкос, чорная парэчка, чарніцы… Уся прадукцыя канкурэнтаздольная і, да таго ж, з’яўляецца для нашай рэспублікі імпартазамяшчальнай. Найбольшы попыт на яе – сярод вытворцаў ёгуртаў і іншых далікатэсаў. 

На філіяле разам з пашырэннем асартыменту прадукцыі актыўна працуюць і над упакоўкай. Тут яе бачаць сучаснай, розных аб’ёмаў, зручнай для любога пакупніка. З красавіка распачаты выпуск бярозава-трапічнага і бярозава-апельсінавага сокаў у інавацыйнай упакоўцы bag-in-box аб’ёмам 5 і 10 літраў. Як паведаміў дырэктар філіяла Сяргей Прасмыцкі, у бліжэйшы час плануецца выпуск нектараў з мякаццю (яблычна-клубнічнага, яблычнага і маркоўна-яблычнага) у такой жа ўпакоўцы для гандлю і грамадскага харчавання бюджэтнай сферы. Перапрацоўшчыкамі асвоены выпуск сокаў і нектараў у асартыменце ў бутэльку невялікай ёмістасці – 250 мл.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ЗАРАБІЦЬ ЗА ДЗЕНЬ ТРЫ МІЛЬЁНЫ

Традыцыйна на базе Апечкаўскага лясніцтва прайшоў штогадовы конкурс вальшчыкаў Стаўбцоўскага доследнага лясгаса.  

Прыняць удзел у ім прыехалі вальшчыкі з усіх дзевяці лясніцтваў лясгаса і, нягледзячы на дажджлівае надвор’е, змаглі паказаць сваё майстэрства. І не толькі паказаць яго, а і, фактычна, зарабіць на ім добрыя грошы.

– Грашовае ўзнагароджанне за прызавыя месцы, згодна з калектыўным дагаворам прадпрыемства, – восем базавых велічынь і больш. Акрамя таго, прадугледжаны асобныя выплаты за перамогу ў намінацыях. А іх было пяць. Прафсаюзны камітэт забяспечыў удзельнікаў конкурсу харчаваннем, – падкрэсліў намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Шарапа.

У выніку, самымі майстравымі і, адпаведна, «грашовымі» аказаліся вальшчык Апечкаўскага лясніцтва Юрый Лапко, які быў лепшым на валцы лесу і дакладнай раскрыжоўцы і стаў пераможцам конкурсу, а таксама яго калегі Вячаслаў Півавар з Прудскога доследнага лясніцтва (агульнае другое месца) і Валерый Говен з Акінчыцкага лясніцтва (агульнае трэцяе месца).           

Гэтае спаборніцтва відавочна паказала, што заўсёднікам-прафесіяналам з Прудскога доследнага, Акінчыцкага, Апечкаўскага лясніцтваў ужо дыхаюць у спіну вальшчыкі з іншых лясніцтваў – Рубяжэвіцкага, Налібацкага… Да прыкладу, Аляксей Бычкоўскі (Налібацкае лясніцтва) выходзіў другім адразу ў некалькіх намінацыях – валцы лесу і дакладнай раскрыжоўцы, а ў мантажы новага ланцуга ўвогуле быў першым. Варта назваць і Аляксандра Слабейку, Аляксандра Шульца (абодва – з Рубяжэвіцкага лясніцтва), якія занялі трэція месцы ў валцы лесу і дакладнай раскрыжоўцы (адпаведна).

 

РАМАНТУЕЦЦА ПАЛІКЛІНІКА

У цэнтральнай раённай бальніцы актыўна ажыццяўляецца праграма рамонту бальнічных аддзяленняў гаспадарным спосабам.

Наведвальнікам бальніцы трэба крышку пацярпець, змірыцца з часовымі нязручнасцямі, пакуль ідзе рамонт на чацвёртым паверсе паліклінікі. У кароткія тэрміны патрэбна асвоіць 1,6 мільярда рублёў, выдзеленыя з абласнога бюджэту.

Цяпер праводзіцца рамонт кабінетаў хірургічнага блока і іншых, якія знаходзяцца на чацвёртым паверсе. Будаўнікам пастаўлена задача правесці работы ў максімальна сціслыя тэрміны. Пакуль гэтая задача выконваецца. Неўзабаве медыкі адсвяткуюць чарговую прэзентацыю адкрыцця медыцынскіх памяшканняў пасля рамонту.

 

УТУЛЬНА І ЦЁПЛА

Сучасны выгляд набыла нядаўна дыспетчарская ААТ «Вішнявецкі-агра».

Цяпер яна размяшчаецца ў большым па памеры памяшканні, дзе правялі касметычны рамонт, зманціравалі энергазберагальнае асвятленне, закупілі для работнікаў новую дзелавую мэблю. Для правядзення планёрак са спецыялістамі прыдаліся і рарытэтныя паліраваныя сталы савецкага часу, якія перавезлі з канторы. Яны захаваліся ў добрым стане. Кабінет аснашчаны камп’ютарамі і вадкакрышталічным тэлевізарам. У ім стала даволі ўтульна і галоўнае – цёпла. Кацёл, які ацяпляе збудаванне, працуе на мясцовых відах паліва.

Пр

 

ПЛЫВЕ РЫБА… У ІНТЭРНЭТ

На ўчастку па вытворчасці рыбы і базе адпачынку «Хатава» племптушкарэпрадуктара «Бройлер» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» спадзяюцца атрымаць добры ўраджай сёлета і падрыхтавалі задзел пад ураджай будучы.    

Вясною ў хатаўскіх сажалках добра прайшоў нераст шчупака і карпа, у сувязі з чым у мясцовых рыбаводаў падгадуецца да наступнага года ўласны пасадачны матэрыял. У калектыве па-ранейшаму працягваюць займацца такім элітным відам рыбы, як фарэль: закупілі фарэлі-двухгадовіка ажно 300 кг – гэта прыкладна тры тысячы рыбак, кожная з якіх да восені набярэ вагу да 700-800 грамаў і, паводле слоў начальніка ўчастка Юрыя Мінько, будзе гатова задаволіць гастранамічныя густы гурманаў. Мяркуецца, што частка вырашчанай фарэлі паступіць на рэалізацыю ў гандлёвую сетку, а частка будзе прапанавана аматарам платнай рыбалкі.

Гэтымі летнімі днямі на хатаўскіх сажалках шмат як аматараў рыбалкі, так і звычайных адпачываючых. Імі запоўнены ўсе чатыры чатырохмясцовыя домікі для пражывання. Да іх паслуг – лазня, юшка на прыродзе з белага амура, карася, карпа, шчупака, таўсталобіка… З мая база адпачынку былога рыбгаса ўжо прыняла 460 адпачываючых, чаму, безумоўна, паспрыяў абноўлены сайт прадпрыемства. Умоўна кажучы, праз інтэрнэт можна даведацца пра месцы клёву і, не губляючы часу, адправіцца на ўдалую рыбалку. Сярод навінак участка ў Хатаве – завяршэнне рамонтных работ у канторы.   

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *