Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне восем шлюбаў, зроблены тры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 12 маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Мая Мармузевіч, Аліса Макар, Ягор Ланковіч, Аляксей Чуйко, Ульяна Ждановіч, Кацярына Вайткевіч, Назар Канапацкі, Мікіта Іваноў, Аляксей Жыбуль, Сцяпан Аляшкевіч, Ганна Кахановіч і Арцём Сініца.

Зямны шлях закончыўся для 12-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці тыдзень, на шчасце, прайшоў без вогненных здарэнняў.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены адміністрацыйны пратакол у адносінах да жыхара Мікалаеўшчыны, 1982 года нараджэння, які знаходзіўся на рацэ Нёман з забароненым сродкам рыбалоўства – сеткай-таптухай. Рыбы здабыць не паспеў, аднак за браканьерства пагражае штраф ад 3 600 000 рублёў.

Пракуратурай раёна прааналізаваны звесткі ад ДУ «Стаўбцоўская раённая ветэрынарная станцыя», у ходзе чаго ўстаноўлена, што ў ААТ «Рубяжэвічы» дапускаюцца парушэнні заканадаўства ў сферы захаванасці маёмасці. Так, за красавік 2015 года ў гаспадарцы адбыўся падзеж 13-ці галоў маладняку буйной рагатай жывёлы. Пры вывучэнні актаў на выбыццё і ўскрыванне жывёлы высветлілася, што да падзяжу прывялі парушэнні тэхналогіі ўтрымання і кармлення. Дырэктару ААТ «Рубяжэвічы» ўнесена прадстаўленне з патрабаваннем прыцягнуць вінаватых у невытворчым падзяжы маладняку да дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці.       

Суд асудзіў 39-гадовага жыхара Засулля, які ўхіляўся ад выплаты сродкаў на ўтрыманне непаўналетніх сына і дачкі, да аднаго года выпраўленчых работ з утрыманнемі з заробку 15 працэнтаў. 28-гадовы стаўбчанін учыніў скандал з цешчай, за што аштрафаваны на 720 000 рублёў.

ДАІ выявіла 194 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – чацвёра п’яных вадзіцеляў (сярод іх паўторна папаўся жыхар Стоўбцаў) і дзевяць вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 14 недысцыплінаваных пешаходаў. Здарылася пяць дарожных аварый. 4-га чэрвеня каля 17.00 на 296-м км аўтадарогі М 1, непадалёку ад Коласава, мясцовая жыхарка, якая кіравала аўтамабілем «Фольксваген-шаран», пры ажыццяўленні манеўру апераджэння не справілася з кіраваннем і выехала на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнулася з аўтамабілем «Форд-мандэа». Вадзіцель апошняга, 24-гадовы жыхар Мінска, загінуў. Вадзіцель аўтамабіля «Фольксваген-шаран» і яе сын-падлетак, які быў у якасці пасажыра, змешчаны ў бальніцу.

Санітарнай службай працягваецца маніторынг устаноўленых месцаў масавага адпачынку на вадзе, даследуецца якасць вады. Усе пробы – у норме, забарона аб купанні не выносілася. Просьба да адпачываючых: спыняцца ў абсталяваных зонах адпачынку, не псаваць маёмасць, не смяціць. 

«Хуткая» выязджала да хворых 258 разоў, у прыватнасці шэсць сігналаў паступіла наконт асоб з алкагольным ап’яненнем. 7-га чэрвеня «хуткая» даставіла ў рэанімацыйнае аддзяленне двух жыхароў Мінска, 1985 і 1989 гадоў нараджэння, з возера ў Скамарошках – абодва пацярпелі ад паражэння электрычным токам падчас рыбалкі.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *