Паспяваць за руплівым летнім днём

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

ЦВІЦЕ ПУСТАЗЕЛЛЕ ЛЯ ДАРОГІ…

Калі праязджаеш па Стаўбцоўшчыне, погляд выхоплівае уздоўж абочын дарог «белыя кветкі». Гэта так званы маркоўнік, шкоднік хуткага росту, і, калі своечасова яго не скасіць, такога ж хуткага высявання.    

На жаль, дарожнікі ДЭУ № 62 і ДРБУ № 135 пакуль не спраўляюцца з гэтай актуальнай задачай сезона. Імі не выканана і даручэнне раённага выканаўчага камітэта, дадзенае пасля аб’езду раёна губернатарам Мінскай вобласці. Дарожнікам на спецыяльна сабранай з гэтай нагоды нарадзе былі вызначаны канкрэтныя ўчасткі работ і тэрміны іх выканання.  

Каб даведацца аб змяненні сітуацыі з абкосам дарог, мы выехалі на месца працы дарожнікаў. Са Стоўбцаў рухаемся па дарозе Р-54 – Івянец – Пяршаі – Нясвіж, у накірунку Шашкоў. Нараканняў на стан дарожнага пакрыцця няма, аднак палосы адводу, якія прасціраюцца да яловых насаджэнняў або лесапасадак, абкошаны далёка не ўсе. Ля паварота на Тонава акурат вялося абкошванне абочын двума трактарамі з навясным абсталяванннем. Каля тэхнікі знаходзіўся і начальнік ДЭУ № 62 Дзмітрый Ёдчык.      

– Асноўны “ўдар” – па кветках маркоўніку. Яны асабліва разрасліся аж да самага поля на ўчастку ад 38 па 54 кіламетр дарогі, – патлумачыў фронт работ кіраўнік. – Складанасць узнікае пры выкошванні «белых кветак», што растуць вакол дрэў. Тэхніка з навясным абсталяваннем не можа яго падрэзаць.

Але калі тэхнікай не падабрацца, то чаму не стаіць на падхваце касец з больш мабільнай мотакасой у руках або, напрыклад, не вісіць на трактары звычайная сялянская каса? Пытанне гэтае адрасуем Дзмітрыю Ёдчыку.

– Ручная каса ў нагрузку механізатару – варыянт неэфектыўны: на трактары ён за змену можа прайсці да 10 км. Мы ўзялі на сезон у штат работніка для ручной дапрацоўкі, – адзначае выйсце Дзмітрый Генадзьевіч. – Нашы людзі пакуль працуюць да 19 гадзін, але будзем наладжваць двухзменную работу – з 5-ці раніцы да 9-ці вечара. За кожным механізатарам замацаваны па дзве адзінкі тэхнікі. Асноўны парк нашай тэхнікі задзейнічаны на магістралі М1. Работы па абкошванні яе выкананы дзесьці на 80 працэнтаў.

Пасля магістралі другой па значнасці дарогай для ДЭУ № 62 з’яўляецца рэспубліканская дарога Р-2 – Стоўбцы – Івацэвічы – Кобрын. У цэлым на абкошванні дарог працуе штодзённа шэсць – сем трактароў-касілак (у тым ліку дзве – з маніпулятарамі, для абкошвання высокіх адхонаў). Сёлета, дарэчы, атрымалі навясное абсталяванне яшчэ да аднаго трактара МТЗ-82.  

– Усе касілкі працуюць, людзі – таксама, – адзначае кіраўнік. – Да работ па абкошванні паласы адводу прыступілі ў маі. Адразу кінулі ўсе сілы на барацьбу з хуткарастучым дзьмухаўцом, цяпер – з маркоўнікам. Трава ж усюды расце аднолькава, таму і ёсць адставанне, – апраўдваецца кіраўнік.

Акурат на дарозе, у зоне абкошвання, знаходзіўся і начальнік ДРБУ № 135 Віталь Дзям’янка.  Работнікі гэтай арганізацыі працавалі на 25-м км аўтадарогі Івянец – Рубяжэвічы – Стоўбцы. На гэтым участку была задзейнічана толькі адна адзінка тэхнікі. Бачым, як механізатар з рубяжэвіцкага ўчастка Генадзь Жвірбля стараецца падабрацца да краю поля.

– Заўтра будзе дзве адзінкі тэхнікі – сёння адна адзінка на рамонце. А ў цэлым штодзённа выходзяць на абкошванне дарог пяць трактароў-касілак, – заўважае Віталь Дзям’янка і тлумачыць: – Трэба абкасіць 940 км дарог, якія знаходзяцца на нашым балансе. Асноўныя сярод іх – Івянец – Рубяжэвічы – Стоўбцы, Новы Свержань – Жыгалкі. Першы ўкос прайшоў у маі, цяпер пачалі другі. Адразу максімальна прайшлі па абочынах, цяпер з дапамогай касілак з маніпулятарамі абкошваем адхоны. Трое чалавек, па адным на кожным майстарскім участку, займаюцца абкошваннем уручную.

Разам з тым, праязджаем па дарозе і бачым, што карціна не ўсюды раўнамерная і якасць работ не ўсюды прымальная. Сярод ужо абкошаных участкаў застаюцца «грыўкі» травы, «букеты» маркоўніку… Паралельна з касьбою дарожнікі займаюцца і пафарбоўкай элементаў абсталявання дарогі – стоек, мастоў, парэнчавых і бар’ерных агароджаў. На 36-м км сустракае свежай фарбай мост праз раку Волку. «Заўтра – ачыстка і пафарбоўка новага моста, праз раку Уса», – адзначае кіраўнік. Аднак, як вядома, гэтыя работы неабходна было выканаць яшчэ ў красавіку – маі. Што казаць пра тэмпы, калі работы арганізаваны ў адну змену?..   

Наперадзе – квітнеючае лета. Дарожнікам трэба шмат працаваць, не чакаючы ўказанняў і заўваг у свой адрас, і будаваць работу так, каб паспяваць услед за руплівым летнім днём. А ён, гэты дзень, як вядома, і косіць, і рамантуе, і фарбуе.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ТЭХНІКА ДАПАМОЖА НАВЕСЦІ ПАРАДАК

Машынна-трактарныя паркі сельгаспрадпрыемстваў працягваюць папаўняцца новай тэхнікай. На гэты раз –малагабарытнымі трактарамі «Беларус-622, 422,1» і машынамі пагрузачна-ўборачнымі МПУ-320, МУ-320М. Уся тэхніка пастаўляецца гаспадаркам у камплекце са спецыяльнымі для кожнай агрэгатамі. Камплектуючыя выпускае ААТ «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў».

Трактары, улічваючы свае кампактныя памеры, выкарыстоўваюцца і для выдалення гною на фермах. Набылі іх ААТ «Шашкі», «Радзіма Дзяржынскага», «Дзераўное», «Рочавічы» і ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». Па адной пагрузачна-ўборачнай машыне купілі ААТ «Шашкі» і райаграсэрвіс, дзве – ААТ «Жацерава». Яны будуць задзейнічаны на добраўпарадкаванні тэрыторый, ачыстцы сянажна-сіласных траншэй, будаўнічых работах. Уся тэхніка набыта на ўмовах аплаты першапачатковага ўзносу ў суме 25 працэнтаў ад яе кошту, з далейшай растэрміноўкай плацяжу.

 

ПАДСТУПІЦЦА ДА БАРШЧЭЎНІКУ

На базе Стаўбцоўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм створана брыгада па барацьбе з баршчэўнікам Сасноўскага і іншымі інвазіўнымі відамі раслін.

Меліяратары гатовы аказваць такую паслугу прыватным домаўладальнікам, у якіх ёсць падобная праблема. Самае галоўнае ў барацьбе з баршчэўнікам – меры асабістай бяспекі, каб не атрымаць ад соку гэтай расліны апёк скуры.   

Як адзначыў начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Сарока, на тэрыторыі раёна налічваецца не менш за 16 месцаў росту баршчэўніку. Яны раскіданы па населеных пунктах і бываюць адзінкавыя і групавыя.

 

НА «СВАІХ» ВУЛІЦАХ

Пакуль не надта радуюць вынікі маніторынгу тэрыторый у Стоўбцах, праведзенага санітарнай службай сумесна з прадстаўнікамі аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама і аб’яднання камунальных службаў.

У ходзе маніторынгу вывучаўся санітарны стан вуліц, замацаваных за арганізацыямі распараджэннем райвыканкама ад 23.04.2015. Недахопаў набралася дастаткова, што сведчыць пра бяздзейнасць асобных арганізацый і, у некаторых выпадках, пра невыкананне згаданага распараджэння.

Так, на момант праверкі работнікі раённага вузла электрычнай сувязі працавалі на вуліцы Танкістаў (на ўчастку да вуліцы Набярэжнай), аднак далей па вуліцы, у раёне моста праз раку Нёман, заставаўся непрыбраны вулічны змёт. Доследны лясгас і прадпрыемства меліярацыйных сістэм не патурбаваліся скасіць траву і прыбраць пясок каля бардзюраў на «сваіх» вуліцах. Абкошванню абочын замацаваных вуліц трэба тэрмінова ўдзяліць увагу РУП «Мінскагратранс», стаўбцоўскаму цэху РУП «Мінскутормет», хлебапрыёмнаму прадрыемству, райаграсэрвісу, Аграмашзапчастцы, аўтапарку № 17, РУ «Стоўбцырайгаз», СТАА «Фрэор Рэфрыгерайшн» і іншым. Участак № 8 ААТ «ДБТ № 7» пакінуў неабкошаным прыпынак грамадскага транспарту (справа) па вуліцы Гагарына.                

На вуліцах Цэнтральнай і Машынабудаўнікоў, за санітарны стан якіх нясуць адказнасць маторнікі, характэрна іншая праблема – пясок уздоўж бардзюраў. На момант рэйду пясок быў непрыбраны і з плошчы Леніна, вуліцы Міру (на пад’ездзе да ЖБК «Завадчанка»), вуліцы Энгельса, дом № 8, што гаворыць пра недапрацоўку з боку аб’яднання камунальных службаў. Камунальнікам ёсць работа па абкошванні пустыроў і пустых дамоў у горадзе, унутрыдваровых тэрыторый, тэрыторыі былой воінскай часці.

Стараннасцю ў пакосе тэрыторый пакуль не вызначаюцца жыллёва-будаўнічыя кааператывы, такія, напрыклад, як «Стоўбцы-2», «Стоўбцы-3», «Стоўбцы-4», «Вера», «Вясна», «Стаўбчанка», «Калінка», «Праталінка» і іншыя. Там гэтыя работы да канца не даведзены. ЖБК «Дабранка» і ЖБК «Маторабудаўнік» змірыліся з тым, што на паркоўках іх транспарту пясок уздоўж бардзюраў?..

Кіраўніцтву названых прадпрыемстваў і арганізацый неабходна ўхіляць недахопы і актывізаваць работу ў накірунку якаснай саначысткі.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *