Горад наш, усміхніся, выпускнік перад табой!

Адукацыя Нумары Факты, падзеi, людзi

Велічным шэсцем па горадзе, з духавым аркестрам Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў пачаўся раённы выпускны баль. Урачыстасць традыцыйна праходзіць на Плошчы Бессмяротнасці.

Зразумела, цэнтрам свята былі выпускнікі – прыгожыя, узрушаныя, дарослыя, радасныя і адначасова з лёгкім ценем суму. Развітанне з дзяцінствам, з бесклапотнымі школьнымі гадамі. Яны стаяць на парозе дарослага жыцця. Як хочацца бацькам, педагогам, усім бачыць іх паспяховымі і шчаслівымі. З такімі пажаданнямі, са словамі наказу звярнуліся да іх удзельнікі ўрачыстасці. Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў павіншаваў выпускнікоў з добрымі пажаданнямі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі. Душэўным было выступленне начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяны Белановіч. Павіншаваць выпускнікоў падышла да мікрафона першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская. Упрыгожыла свята выступленне ветэрана педагагічнай працы, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны са Старога Свержаня Сямёна Стомы. Мудрасцю жыццёваю, патрыятычным пачуццямі, бацькоўскай заклапочанасцю, любоўю да маладых было напоўнена выступленне ветэрана. Благаславенне Божае на самастойны жыццёвы шлях выпускнікоў заклікалі благачынны прыходаў Стаўбцоўскага благачыння протаіерэй Аляксандр Марцінчык і настаяцель Стаўбцоўскага касцёла св. Казіміра ксёндз Адам Врубэль. Айцец Аляксандр на сёлетняй урачыстасці прысутнічаў не толькі як свяшчэннаслужыцель, але і як бацька. У ліку выпускнікоў раёна і яго дачка Анастасія, якая закончыла стаўбцоўскую гімназію № 1.

У гэтым годзе традыцыйнае выступленне ад імя бацькоўскай грамадскасці і ад імя выпускнікоў раёна было заменена музычным нумарам. Яго выканалі выпускніца Дзераўнянскай сярэдняй школы Анастасія Сахар і яе мама Таццяна Браніславаўна кранальнай песняй «Доченька моя».

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Белановіч ажыццявіла прыемную місію ўручэння залатых медалёў. Імі ўзнагароджаны: Аліна Гамза, Яўген Жыткоўскі, Дзмітрый Рандзюк (гімназія № 1), Святлана Жук, Дзіяна Чарнец (СШ № 2), Мікіта Сазановіч, Міхаіл Харламаў, Дзіяна Сідаровіч, Дзяніс Урбан (СШ № 3), Ірына Грышан (Цясноўская сярэдняя школа ім. Ф. Э. Дзяржынскага), Аляксандр Дубатоўка (Коласаўская СШ). Адметна, што сярод 16 залатых медалістаў раёна – тры з Дзераўнянскай СШ: Алеся Булка, Вераніка Бурдукевіч, Дзяніс Пятроўскі. Вельмі прыгожа вызначылася і Засульская СШ. У ліку пяці выпускнікоў гэтага года – дзве залатыя медалісткі: Ганна Новік і Аліна Фенька.

Падзячныя пісьмы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама за выдатнае выхаванне сваіх дзяцей і актыўны ўдзел у жыцці навучальных устаноў атрымалі  бацькі: Міхаіл і Алена Гамза, Вольга Касцевіч, Сяргей і Надзея Чарняцы, Іосіф і Таццяна Кузёмкі, Валерый і Святлана Сазановічы, Леанід і Ірына Харламавы, Алег і Вольга Навіцкія, Таццяна Кокель, Леанід і Алена Пяткевічы, Вячаслаў Грыб і Таццяна Лапіцкая, Генадзь і Таццяна Кавалеўскія, Уладзімір і Іна Агароднікі.

Школьны вальс на плошчы, рознакаляровыя шары ў небе, пачуцці радасці і лёгкага суму. Бывай, школа! Добрага шляху, выпускнікі!

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *