Наша здароўе

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

АД СЛОВА «ДАРЫЦЬ»

14 чэрвеня адзначаны Сусветны дзень донара, да якога прыўрочвалася акцыя па папулярызацыі бясплатнай здачы крыві. З гэтай нагоды мы наведалі аддзяленне пералівання крыві цэнтральнай раённай бальніцы.

Аддзяленне з’яўляецца міжраённым і забяспечвае трансфузіялагічнай дапамогай не толькі наш раён, але і Дзяржынск, Узду, Клецк, Нясвіж. Аддзяленне ажыццяўляе нарыхтоўку эрытраўтрымліваючых кампанентаў крыві, вытворчасць плазмы метадам донарскага плазмафарэзу, з 2010 года рыхтуе адкрытыя эрытрацыты. На бягучы год аддзяленне зарыентавана на нарыхтоўку не менш за 800 літраў крыві, за пяць месяцаў нарыхтавана 250 літраў гэтай каштоўнай біялагічнай вадкасці, якая верне да жыцця ці падоўжыць яго многім пацыентам, асабліва анкалагічна хворым. Цяпер медыцына зрабіла вялікі крок наперад, але многім пацыентам да гэтага часу шанцы на жыццё дае толькі донарская кроў. Дзякуючы донарам аддзяленне цалкам забяспечвае бягучыя патрэбнасці ў стварэнні неабходнага запасу крыві і яе кампанентаў. Апошнім часам актуальна стаіць задача папулярызацыі здачы крыві на бясплатнай умове.

– Акцыя, якая праводзіцца, – расказвае загадчыца аддзялення пералівання крыві Ірына Пярхальская, – прысвечана прапагандзе донарства. Ва ўсім свеце ставіцца задача адрадзіць традыцыю бясплатнага донарства. Менавіта яно з’яўляецца галоўнай умовай максімальнай бяспекі кампанентаў крыві і ўмовай эфектыўнага функцыянавання службы нарыхтоўкі крыві. Добраахвотныя донары, якія маюць матывы дапамагчы іншаму не за ўзнагароджанне, прадастаўляюць больш праўдзівую інфармацыю аб сваім здароўі, што дазваляе павысіць бяспеку трансфузіянальнай дапамогі. Такія паняцці, як міласэрнасць, самаахвярнасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу іншаму ніколі не стануць старамоднымі. Таму развіццё добраахвотнага донарства крыві мае такое важнае значэнне.

Падчас правядзення акцыі 28 чалавек прыйшлі ў аддзяленне пералівання крыві. На бязвыплатнай аснове здалі сваю кроў для выратавання жыцця іншых людзей вадзіцель хуткай дапамогі Аляксандр Сініцкі, медыцынскія сёстры Наталля Рыштоўская, Кацярына Міцура, якая сама працуе аперацыйнай медсястрой у гэтым аддзяленні, працаўнікі філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы Аляксандр Шары, Іван Якімёнак, браты Аляксандр і Віталь Пахадня, Андрэй Голец, Аляксандр Міцякін, філіяла «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат» – Аляксандр Васіліцкі, які мае знак «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь», будаўнік Андрэй Нісцюк, супрацоўнік РАУС Дзмітрый Дарашчук, працаўнікі Стаўбцоўскага доследнага лясгаса Валерый Говен і Валерый Пракаповіч, студэнт Арцём Петруковіч, вадзіцель  райспажыўтаварыства Аляксандр Крыт, майстар ДРБУ № 135 Арцём Драніца, трактарыст ДЭУ № 62 Рыгор Сушко, а таксама Яўген Жук, Аляксандр Юрас, Пётр Дзягцярык, Вольга Навіцкая, Аляксандр Барбарчык, Юрый Жыбуртовіч і іншыя.

– Хачу падзякаваць бескарыслівым донарам, – гаворыць Ірына Пярхальская. – Донарства па праву называюць ціхім подзвігам, таму што гэтыя людзі дораць самае каштоўнае, што ні выпрацаваць ніякімі тэхналогіямі, не купіць і не замяніць нічым іншым – сваю кроў. Выказваю ўдзячнасць і кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый, якія з разуменнем ставяцца да гэтай высакароднай справы, адпускаюць сваіх працаўнікоў у рабочы час для здачы крыві.

Аддзяленне пералівання крыві цэнтральнай раённай бальніцы мае дастатковае тэхнічнае аснашчэнне для выканання пастаўленых задач па нарыхтоўцы, перапрацоўцы і захаванні донарскай крыві і яе кампанентаў і граматны прафесійна-падрыхтаваны медыцынскі персанал. На працягу 20 гадоў узначальвае калектыў Ірына Пярхальская, якая сумела стварыць выдатны мікраклімат і зябяспечыць высокую вытворчую дысцыпліну. Больш за 30 гадоў складае стаж работы ў аддзяленні аперацыйнай сястры Марыі Мазур і фельчара-лабаранта Марыі Сушко. Больш за 15 гадоў працуе ў аддзяленні старшая медсястра Святлана Нікалаева. Яна нядаўна здала экзамен на атрыманне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Аддае цяпер свой прафесіяналізм гэтаму аддзяленню ветэран аховы здароўя ўрач-лабарант Галіна Супрыновіч. Два дзесяцігоддзі бездакорна выконвае свае абавязкі санітарка Таццяна Кулак. Калектыў папоўніўся перспектыўнымі маладымі кадрамі – аперацыйнай медсястрой Кацярынай Міцура і медрэгістратарам Валянцінай Дырда. Работа ў гэтым аддзяленні накладвае на медыцынскіх работнікаў нямала абавязкаў і прафесійных, і чалавечых – умець знайсці кантакт з донарамі, праявіць да іх столькі ўвагі, цеплыні і ўдзячнасці, каб яны яшчэ не адзін раз паспяшаліся выканаць свой абавязак міласэрнасці. У нашым раёне 747 донараў, 405 з іх маюць званне «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь».

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: загадчыца аддзяленя Ірына Пярхальская (справа) і старшая медсястра Святлана Нікалаева абмяркоўваюць задачы дня;  на сваім пасту фельчар-лабарант Марыя Сушко; аперацыйная медсястра Кацярына Міцура ажыццяўляе забор крыві ў донара плазмы Вольгі Дземідовіч; да медрэгістратара Валянціны Дырда падыходзяць донары Раман Пуставалаў, Сяргей Бычко, Уладзімір Ярмак (мае званне «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь»), Дзмітрый Ключнік.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

СУПРАЦЬСТАЯЦЬ ІНФЕКЦЫІ

Сіламі медыцынскіх работнікаў цэнтральнай раённай бальніцы, супрацоўнікаў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і іншых зацікаўленых ведамстваў былі праведзены вучэнні па адпрацоўцы практычных навыкаў па лакалізацыі і ліквідацыі ачага захворвання, выкліканага вірусам ліхаманкі Эбала (БВВЭ).

Праблема прафілактыкі гэтай небяспечнай інфекцыі застаецца вострай. Сусветная арганізацыя аховы здароўя інфармуе, што ад успышкі ліхаманкі Эбала пацярпела больш за 26 тысяч чалавек, колькасць загінуўшых у Гвінеі, Ліберыі і Сьера-Леоне набліжаецца да 11 тысяч.

Вастрыня праблемы акрэслена і тым, што ў дзяржаўных установах Мінска і іншых гарадоў рэспублікі навучаюцца студэнты з краін, у якіх складваецца нядобранадзейная сітуацыя па хваробах, выкліканых вірусам Эбала. Гэта павышае рызыку завозу інфекцый на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Сітуацыя па гэтай хваробе знаходзіцца на кантролі ў Міністэрстве аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. З сакавіка 2014 года арганізаваны і праводзіцца комплекс неабходных мер для папярэджання завозу і распаўсюджання БВВЭ. У пунктах пропуску праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь праводзіцца санітарна-каранцінны кантроль з выкарыстаннем прыстасаванняў для дыстанцыйнай тэрмаметрыі. Забяспечана гатоўнасць медыцынскай службы аэрапорта да арганізацыі супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў.

У вучэннях у нашым раёне былі задзейнічаны медработнікі аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі, інфекцыйнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы, супрацоўнікі аддзела эпідэміялогіі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, работнікі чыгуначнай станцыі Стоўбцы, супрацоўнікі РАУС і аддзела па надзвычайных сітуацыях. Былі адпрацаваны ўсе этапы лакалізацыі і ліквідацыі ўмоўнага ачага захворвання, на якое распаўсюджваюцца мерапрыемствы па санітарнай ахове тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Яны ўключаюць выяўленне, дыягностыку, аказанне медыцынскай дапамогі, шпіталізацыю хворага на БВВЭ, апавяшчэнне службовых асоб аб гэтым і парадак міжведамаснага ўзаемадзеяння, арганізацыю і правядзенне ахоўных і дэзынфекцыйных мерапрыемстваў, парадак разгортвання шпіталяў.

БВВЭ – вострае інфекцыйнае захворванне з узроўнем лятальнасці да 90 працэнтаў. Грамадзянам нашай краіны рэкамендуецца ўстрымацца ад паездак у краіны Цэнтральнай і Заходняй Афрыкі.

Ірына ПЯТРОВІЧ, загадчыца аддзела эпідэміялогіі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

 

КАЛІ ПАТРЭБНА САЦЫЯЛЬНАЯ ПЕРАДЫШКА

У аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» прадастаўляецца новая платная паслуга – «Сацыяльная перадышка». 

Стаць карыстальнікамі гэтай паслугі могуць сем’і, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю (узрост – 10 гадоў і больш), якія маюць патрэбу ў звычайным доглядзе. Да іх ліку адносяцца дзеці, якія здольны рухацца самастойна, дзеці з затрымкай псіхафізічнага развіцця, дзеці з лёгкай і ўмеранай ступенню разумовай адсталасці без адхіленняў у паводзінах, з нязначнымі, умерана выражанымі, расстройствамі паводзінаў, дзеці з ДЦП 1-2 ступеняў, дзеці з сіндромам Дауна.

Асноўная задача аказання паслугі – вызваленне на пэўны час бацькоў (членаў сям’і) ад догляду дзіцяці-інваліда, каб даць ім магчымасць для  аднаўлення сіл, вырашэння сямейна-бытавых пытанняў. Знаходжанне дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця будзе суправаджацца спецыялістам аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў.

Сям’я, якая выхоўвае дзіця-інваліда, мае права выкарыстаць паслугу «Сацыяльная перадышка» адзін раз на тыдзень на працягу ад адной да чатырох гадзін па суботах з 09.00 да 13.00.

Заяўку на прадастаўленне паслугі і больш падрабязную інфармацыю аб умовах яе прадастаўлення можна атрымаць па тэл. 7-56-07. Наш адрас: г. Стоўбцы, вуліца Ленінская, 95 (першы паверх будынка фізкультурна-аздараўленчага комплексу).

Наталля МАКАВА, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *