Летнімі днямі

Нумары Увага - дзецям

image_pdfimage_print

ПАДТРЫМАЦЬ СВАЁЙ РАДАСЦЮ ІНШЫХ

Іван Даўгалёў, 17 гадоў (водгук на фестываль «Крылы дзяцінства»): «Мне падабалася, як там выступалі таленты. Былі забаўляльнае шоу і прызы, розыгрыш кока-колы, яшчэ цікавыя і прыгожыя выстаўкі вырабаў на продаж! Малайцы тыя, хто не сумуе і стараецца падтрымліваць іншых людзей сваёй радасцю!»

Лета традыцыйна адкрывае Міжнародны дзень абароны дзяцей. Гэта асаблівы і сімвалічны дзень, нагода для дзеянняў, ад якіх павінна прыбавіцца сярод нас дзіцячых радасці і смеху.

Для падтрымкі дзяцей са Стаўбцоўскай пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» адгукнуліся арганізацыі, індывідуальныя прадпрымальнікі, звычайныя грамадзяне… Сёлета іх аказалася сапраўды шмат, і ўсе яны стараліся быць шчодрымі, міласэрнымі, таму атрымаўся своеасаблівы марафон шчаслівага дзяцінства. І фактычна ён доўжыўся два тыдні – з 23-га мая па 7-га чэрвеня.

Пачаўся так званы марафон на «Крылах дзяцінства» – менавіта так называецца ІІІ Рэспубліканскі дабрачынны фестываль творчасці дзяцей з асаблівасцямі развіцця, які праходзіў у Цэнтральным дзіцячым парку імя Горкага. Свята выйшла маштабнае, відовішчнае: з канцэртам «Дзеці і зоркі беларускай эстрады», незвычайным шоу мыльных пухіроў, майстар-класам па аквагрыме (з яго дапамогай арганізатары здолелі пераўтварыць усіх жадаючых), бясплатнымі атракцыёнамі ў парку Чалюскінцаў і наведваннем Батанічнага саду… Быў зладжаны кірмаш з вырабаў ручной работы, які, дарэчы, дапоўнілі сваёй творчасцю і дзеці са Стоўбцаў. Самае галоўнае – магчымасць трапіць на фестывальнае дзейства атрымалі 45 прадстаўнікоў пярвічнай арганізацыі. Дзякуючы хадайніцтву кіраўніцтваў тэрытарыяльнага цэнтра і раённага выканаўчага камітэта аўтапаркам № 17 быў выдзелены для паездкі на фестываль вялікі аўтобус, а плату за яго ўзяло на сябе ААТ «Мінаблаўтатранс». 

– Непасрэдна 1-га чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, нас запрасіў на дабрачыннае прадстаўленне наш даўні партнёр – Белдзяржцырк, – дзеліцца ўражаннямі старшыня Стаўбцоўскай пярвічнай арганізацыі Ніна Ганісеўская. – Дзетварой была запоўнена ўся цыркавая зала, і нам сярод яе было выдзелена 35 месцаў.

Сюрпрыз падрыхтавала дзецям з асаблівасцямі развіцця і само грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам «, якое 2-га чэрвеня запрасіла на конную сядзібу «Буцэвічы», што знаходзіцца за 25-ць кіламетраў ад сталіцы.

– Тыя, хто згадзіўся на гэтую экскурсію (а адпуджвалі аддаленасць, фізічны стан дзяцей), былі ў захапленні, – расказвае Ніна Ганісеўская. – Нашы дзеці каталіся на конях, прагульваліся, як кінагероі, у дыліжансе. Яны з рукі кармілі коней. І іх таксама частавалі на сядзібе адмыслова – блінамі з чаем.

Кульмінацыяй стала святочнае мерапрыемства ў Стоўбцах, наладжанае ў піцэрыі «Гарадок». Мая суразмоўца, падкрэсліваючы, што паўсюдна дзеці былі не адны, а ў суправаджэнні сваіх бацькоў, папярэдзіла: «У падобных сустрэч ёсць адна складанасць: як сабраць усіх разам? У нашых дзяцей ёсць праблемы са здароўем, яны могуць акурат знаходзіцца не дома, а ў бальніцы, на планавым лячэнні ці, напрыклад, аздараўлівацца ў санаторыі… Аднак на гэты раз удалося максімальна надаць святу масавасці – сабралася каля паўсотні чалавек, сем’і членаў нашай арганізацыі».

Дырэктар піцэрыі Юлія Сазон прадаставіла гасцям банкетную залу. Яе выгоды госці ацанілі ўжо з парога – з наяўнасці зручнага пандуса. Гаспадыня піцэрыі не скупілася на фірменную страву ўстановы – піцу, а таксама на марожанае. «Мы былі прыемна здзіўлены такім гасцінным прыёмам, – перадае агульныя ўражанні сем’яў Ніна Ганісеўская. – Дырэктар нам сама прапаноўвала – «давайце зробім дзецям тое, гэтае…» Ды і ўвесь калектыў піцэрыі, што нас абслугоўваў, – проста малайчына!»

Да дабрачыннасці, якая зыходзіла ад калектыву піцэрыі «Гарадок», супрычыніліся і іншыя. Так, садавіну прадаставіў для салодкага стала індывідуальны прадпрымальнік Максім Шкода. Упрыгожвалі гэты стол торты ад сталічнага кандытара-дызайнера – з эмблемай арганізацыі «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам», сюжэтамі любімых мультфільмаў. Што і казаць, адпраўляць у рот такую прыгажосць дзеці адважыліся не адразу… Адметна выглядала і памяшканне залы, аздобленае пры падтрымцы яшчэ аднаго спонсара кампазіцыяй з паветраных шароў і казачных персанажаў. Дзеці з задавальненнем фатаграфаваліся ў абдымку з Мікі-Маўсам і катом, пад купалам чароўнай трыумфальнай аркі…

Свята нельга ўявіць без валанцёраў БРСМ на чале з першым сакратаром раённага камітэта Анастасіяй Калодзінскай. Разам са сваімі юнымі памочніцамі, гімназісткамі Лаурай Каспяровіч і Веранікай Канавал, яны прапанавалі вясёлую забаўляльную праграму. Дзеці з ахвотай адгукаліся на жвавыя гульні, загадкі кшталту «здагадайся, хто я», конкурс «Угадай мелодыю». Сярод самых актыўных удзельнікаў розыгрышаў і конкурсаў былі названы Максім Кутас і Вольга Крывёнак. За сваю актыўнасць яны былі ўзнагароджаны кампазіцыяй з шароў.    

На свяце былі названы пераможцы фотаконкурсу, які  на працягу месяца ладзіўся ў сацыяльных сетках (http://vk.com/belapdi_stolbtsy). Карыстальнікі інтэрнэту аддалі свой голас за Івана Даўгалёва, Паўла Ханенку і Паліну Мязеніну (у падарунак ім уручана стыльная вопратка ад магазіна «Маладзёжнае адзенне» з г. Мінска) і за братоў Антона і Дзмітрыя Бандаровічаў (ім уручылі падарункі дома).

Атмасфера свята, падораная дабрачынцамі, застанецца з дзецьмі надоўга. Яна  значыць для іх так многа!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота аўтара                           

 

«ЛІДАР» ПІЯНЕРСКІ

У ДУА «Аздараўленчы лагер «Нёман» Стаўбцоўскага раёна» першая змена – профільная, падчас яе аздараўліваюцца піянерскія актывісты раёна.

Змена «Лідар» тым і адметная, што гібка спалучае аздараўленне з заняткамі ў школе піянерскага актыву, знаходзіць прымяненне лідарскім і дзелавым якасцям вучняў.

Ім яшчэ памятна тое, як 19 мая адзначалі Дзень піянерскай дружбы. У гэты дзень на базе ДУА «Стаўбцоўскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі» прайшоў справаздачна-выбарны злёт, на якім былі падведзены вынікі работы раённай піянерскай арганізацыі за мінулы навучальны год. На злёт сабраліся самыя творчыя і ініцыятыўныя вучні-піянеры і іх дарослыя лідары. 

– У год 70-годдзя Вялікай Перамогі яны вялі актыўную пошукавую работу па вывучэнні жыцця і подзвігаў герояў, імёнамі якіх вырашылі назваць свае піянерскія дружыны і атрады. Ужо сёння пяць піянерскіх дружын і 17 піянерскіх атрадаў з гордасцю носяць ганаровыя імёны герояў, чыё жыццё  і ратны подзвіг звязаны са стаўбцоўскай зямлёй, – заўважае метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Людміла Валіцкая.

Гэтым героям, якія стойка і адважна змагаліся ў гады Вялікай Айчыннай, былі прысвечаны музычныя нумары, што прагучалі ў Дзень піянерскай дружбы. Дзеці ўслаўлялі таксама моцную піянерскую дружбу, мір над галавой і, безумоўна, родную Беларусь. Свята завяршылася танцавальна-забаўляльнай праграмай «Стартынэйджар», на якой яны змаглі па-сапраўднаму праявіць сваю свабоду, жыццярадаснасць і пазітыўнасць у танцах, гульнях і конкурсах.   

Насамрэч, у той зале зоркі піянерскія ззялі…

 

ДОБРА ПАГАСЦІЦЬ У ГЕРМАНІІ

Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама спланаваў летні адпачынак дзяцей, якія выхоўваюцца ў апякунскіх і прыёмных сем’ях. Многія з іх паедуць у летнікі, якія размешчаны  на тэрыторыі нашага раёна.

Некаторыя адправяцца на аздараўленне за мяжу. З арганізацыйнай падтрымкай  Мінскага абласнога аддзялення РГА «Беларускі дзіцячы фонд»  у Германіі адпачнуць Аляксандра Язвінская, Мікіта Шчэцька, Людміла Сухарава. Жэня Ліхачэўскі атрымаў запрашэнне з Італіі прыехаць на адпачынак на летнія канікулы.

Экзотыка і традыцыі гэтых развітых еўрапейскіх краін, зразумела, пакінуць у дзяцей шмат уражанняў. Сем’і, якія будуць прымаць хлопчыкаў і дзяўчынак, гатовы парадаваць іх ласункамі, цікавымі экскурсійнымі праграмамі з наведваннем атракцыёнаў, паркаў.

Пр

 

«МУРАШНІК» У ЛІПАВЫМ ПАРКУ

Кругласутачны турыстычны лагер «Мурашнік» размясціўся ў прыгожым ліпавым парку Горкаўскай сярэдняй школы. Здалёк вабяць рознакаляровыя палаткі, аздобленыя стракатымі стужкамі і сцяжкамі. Тут бавяць час юныя турысты, неабыякавыя да прыгажосці роднага краю.

Лагер арганізаваны з мэтай аздараўлення, далучэння  да заняткаў турызмам, навучання правілам паводзін на прыродзе. Асноўны занятак – авалодванне турыстычнымі навыкамі. Юнакі і дзяўчаты вучацца вязаць турыстычныя вузлы, арыентавацца на мясцовасці, пераадольваць прыродныя перашкоды з дапамогаю спецыяльнага інвентара і падручных сродкаў, займацца ўстаноўкаю і зборкаю турыстычнай палаткі, знаёміцца з відамі і прызначэннямі турыстычных кастроў.

Заняткі такімі відамі дзейнасці прыносяць радасць і задавальненне, бо праводзіць іх начальнік лагера, вопытны турыст і любімы настаўнік Мікалай Мікалаевіч Мазур. Педагогі-выхавацелі Святлана Кухарчык, Ларыса Гіраеўская, Станіслаў Васілеўскі правялі цікавы агеньчык «Як мяне збіралі ў лагер». Да 70-годдзя Вялікай Перамогі адбыўся збор «Ля партызанскага вогнішча», па старонках кнігі «Памяць. Стаўбцоўскі раён». А таксама практыкум «Зялёная аптэка», з мэтай аказання першай дапамогі ад укусаў насякомых, круглы стол «Лагер без шкодных звычак», турнір «Турызм –спорт для дужых і цікаўных». Лагер сапраўды напамінае мурашнік, бо ніхто без справы не сядзіць.

 А побач месціцца лагер » Рамонак», у якім адпачываюць 20 вучняў-пачаткоўцаў. Начальнік лагера Алена Мамчыц і яе калегі  настаўнікі спланавалі для сваіх выхаванцаў цікавую праграму адпачынку.

…Закончыўся яшчэ адзін летні дзень. Паветра напоўнена водарам кветак, траў, сушанага сена і звонам дзіцячых галасоў. Якое ж ты прыемнае, лета!

 Святлана ГАЎРУК, член гуртка» Юны карэспандэнт» Горкаўскай СШ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *