«Зялёны канвеер» спрацаваў на ўзроўні

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

У ААТ «Рубяжэвічы» на нарыхтоўцы кармоў для грамадскай жывёлы штодзень працавала да 20 адзінак тэхнікі. У таварыстве стварылі свой мехатрад, і яго работнікі паспяхова справіліся з пастаўленай задачай. Травы першага ўкосу скасілі своечасова і ў ліку першых. На дзень наведвання гаспадаркі, а іменна ў мінулы чацвер, было закладзена звыш 3900 тон сенажу, насушана і запрасавана ў палімерную плёнку звыш 400 тон сена. Удаецца ўтрымліваць лідарства па нарыхтоўцы кармоў на ўмоўную галаву жывёлы – паказчык склаў 5,52 цэнтнера кармавых адзінак. Дырэктар таварыства Андрэй Атрушкевіч здолеў належным чынам арганізаваць работу «зялёнага канвеера».

– Мы разлічвалі нарыхтаваць з першага ўкосу больш кармоў, – расказвае Андрэй Міхайлавіч. – Але недахоп вільгаці сёлета не паспрыяў росту траў. Толькі аптымізму мы не трацім. Мехатрад не спыніў работу і пасля таго, як былі скошаны культурныя травы. Каб папоўніць запас кармоў, абкошваюцца ўсе лугавіны. Працаўнікі стараюцца, бо разумеюць, што менавіта іх рупнасць забяспечыць сытную зімоўку жывёле. Удалося насушыць духмянага сена з маладой травы, якое запрасавалі ў рулоны і абматалі палімернай плёнкай. Гэтымі днямі будзем аддаваць сена людзям, якія здалі нам цялят.

Андрэй Міхайлавіч сам некалькі разоў на дзень прыязджае да траншэі. І клопат кіраўніка зразумелы – для таго каб атрымліваць высокія паказчыкі ў жывёлагадоўчай галіне, кармы трэба нарыхтаваць якасныя. Ён прыкладае намаганні для таго, каб тэхніка не стаяла без паліва. З мэтай эканоміі гаруча-змазачных матэрыялаў дакладна пралічвае маршрут тэхнікі, каб «плячо» дастаўкі зялёнай масы было як мага карацейшым. Аўтамашыны, якія задзейнічаны на адвозцы, – з нарошчанымі бартамі. Варта адзначыць, што кіраўніцтва таварыства аказвала дапамогу тэхнікай і іншым гаспадаркам раёна. У прыватнасці, пагрузчык працаваў на трамбаванні масы ў ААТ «Каганец», «Рочавічы» і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэсвіс», а ў ААТ «Радзіма Якуба Коласа» – тры трактары з «пімамі» на адвозцы.

Разам з намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце Чаславай Ключнік пабывалі на МТФ «Вялікія Навікі», дзе закладвалася яшчэ адна сянажная траншэя. Забягаючы наперад, трэба сказаць, што закрылі яе за два дні. Трамбавалі правяленую зялёную масу два трактары. На адным з іх, «Амкадоры», працаваў Антон Какошын. На другім, К-700, – Уладзімір Круглік. «Кіраўцу» ўжо не адзін дзясятак гадоў, але такая тэхніка падчас касавіцы якраз дарэчы. Папярэдне яе адрамантавалі, умацавалі кабіну і выкарыстоўваюць штогод толькі на гэтай аперацыі. Ноччу, каб даць адпачыць механізатарам, на трамбоўцы заняты спецыялісты інжынернай службы – Фёдар Гурын і Уладзімір Лагеня.

Правяленую зялёную масу падвозілі некалькі адзінак тэхнікі. На «МАЗе» працуе адзін з вопытных і тытулаваных вадзіцеляў Вячаслаў Гайдукевіч. Ён выгрузіў масу і хуценька паехаў рабіць наступны рэйс. На полі, на падборы правяленай масы, шчыравалі Сяргей Лабун, Юрый Янкоўскі і Уладзімір Маргаўнічы. На касілках два Анатолі – Рамэйка і Мішук, Алег Шышко. На варушэнні на новым трактары з новымі граблямі рупіўся Эдуард Неўмяржыцкі. На трактары «Беларус» з прычэпам шчыруе студэнт БГАТУ Леанід Шышко, дапамагае роднай гаспадарцы. Хутка ён будзе абараняць дыплом. Ужо вядома, што прыйдзе працаваць у таварыства інжынерам. Пажадаем яму поспехаў.

Непасрэдны кантроль за закладкай сенажу ажыццяўлялі галоўны заатэхнік Анатолій Глухараў і галоўны ветурач Вячаслаў Кавалеўскі. Вячаслаў Яўгенавіч чарговы раз замераў тэмпературу масы і застаўся задаволены – яна ў межах нормы. І вільготнасць таксама. У агранома Сяргея Пяткевіча свая работа, ён вёў дакументацыю – падлічваў рэйсы.

– Сянаж закладзём якасны, бо поўнасцю вытрымліваецца тэхналогія, – сказаў галоўны заатэхнік. – Закаталі каля тысячы тон у палімерную плёнку. Сёлета сянаж і сілас пакладзём толькі ў траншэі. Летась пабудавалі дзве на МТФ «Новыя Рубяжэвічы». Столькі ж сёлета будуем на МТФ «Гнецькі», адну з іх ужо забетанавалі. На запланаваны аб’ём травяных кармоў, а мяркуем закласці звыш 20 тысяч тон сенажу і сіласу, траншэямі забяспечаны. Перавагу аддаём бабовым травам. 

Дарэчы, у гаспадарцы пасеяна летась 186 гектараў люцэрны. Падсеялі яе таксама пад яравыя збожжавыя на 210 гектарах сёлета – у верасні можна будзе касіць. Набылі насенне баркуну, канюшыны чырвонай і часткова кастрацу. На ўчастках, дзе будуць высявацца гэтыя травы, ужо ўнесены гліфасаты.

У кіраўніцтва таварыства ёсць спадзяванні на другі ўкос. Усе скошаныя плошчы ўслед падкормлены. 

Надзея БАТАЛКА

На здымках: добры настрой у будучага інжынера Леаніда Шышко; замяраюць тэмпературу затрамбаванай масы механізатар Антон Какошын і галоўны ветурач Вячаслаў Кавалеўскі.

Фота аўтара

 

З GPS-НАВІГАТАРАМІ

Тэхніка сельгаспрадпрыемстваў раёна апошнім чынам аснашчаецца GPS-навігатарамі.

Прычым не толькі службовыя аўтамашыны, а і трактары, бо апрацоўка зямлі – працэс даволі працаёмкі. Гэтыя прыборы дазваляюць рацыянальна выкарыстоўваць тэхніку, даюць магчымасць працаваць ноччу, забяспечваюць ідэальна роўны рух па радах, зніжаюць расход паліва, павышаюць дакладнасць выканання работ па ўнясенні мінеральных угнаенняў і дарагіх гербіцыдаў. Усяго гаспадаркам неабходна ўстанавіць 413 такіх прыбораў. Пакуль што навігатарамі аснашчаны 95 адзінак тэхнікі, а больш за іншых – у ААТ «Жацерава» і «Агранёманскі», адпаведна 32 і 22. Дарэчы, у гэтых гаспадарках імкнуцца ўстанавіць іх на ўсю наяўную тэхніку.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *