Для фізічнага развіцця

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

З ВЫСОКАЙ АЦЭНКАЙ

З 11 па 14 чэрвеня на спартыўных арэнах Мінска і Мінскага раёна праводзіўся фінал Кубка свету па сучасным пяцібор’і.

На базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры праходзілі спаборніцтвы па фехтаванні і плаванні. У Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі «Ратамка» ўдзельнікі сапернічалі ў бегу, стральбе і верхавой коннай яздзе. Важнасць фіналу надавала і тое, што ідзе спрэчка за ліцэнзіі на Алімпійскія гульні 2016 года. У спаборніцтвах разам з 72 моцнымі пяціборцамі свету ўдзельнічалі і беларускія спартсмены – Павел Ціханаў, Раман Пінчук, Настасся Пракапенка і Ірына Прасенцава. Сваё права змагацца за медалі буйнейшага турніру пяціборцаў атлеты заваёўвалі на працягу ўсяго сезона спаборніцтваў.

Старшыня Беларускай федэрацыі сучаснага пяцібор’я, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь М. М. Іванчанка падкрэсліў, што фінал Кубка свету па сучасным пяцібор’і будзе належна ацэнены беларускімі аматарамі спорту. Для гэтага з боку федэрацыі, НАК Міністэрства спорту і турызму, урада створаны ўсе неабходныя ўмовы. Ініцыятыва па правядзенні фінала Кубка свету па сучасным пяцібор’і атрымала падтрымку на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. У Беларусі вядзецца актыўная папулярызацыя сучаснага пяцібор’я, распрацавана і ўкараняецца ў жыццё праграма падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву на базе дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ рэспублікі.

Важную выснову зрабіў першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі, памочнік Прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Максім Рыжанкоў: «Мы зможам арганізаваць і чэмпіянат свету, прычым лепш, чым у многіх іншых краінах. У гэтым нам дапаможа вопыт арганізацыі Чэмпіянату свету па хакеі-2014 у Мінску, які быў прызнаны лепшым за ўсю гісторыю».

Інспекцыйная камісія Міжнароднага саюза сучаснага пяцібор’я высока ацаніла ўзровень падрыхтоўкі спартыўных аб’ектаў і арганізацыю спаборніцтваў у Беларусі.

Паводле матэрыялаў БелТА

 

І ЗНОЎ ПОСПЕХ. АЛЕ Ж БЫЛА І АСЕЧКА

Пасля выдатнага старту «Нёмана-Агра» ў чэмпіянаце Міншчыны балельшчыкі не маглі паверыць, што нашы прайгралі ў Капылі. Як жа так? Тры запар перамогі з буйным лікам, і раптам – 0:1. Трэнер каманды стаўбчан пракаменціраваў лаканічна: «Не ўсе сабраліся выехаць».

Для гульні на сваім полі збор быў, відаць, поўным. Праўда, аматарам, якія запоўнілі стадыён «Юнацтва», і тут давялося крыху пахвалявацца. Лік адкрылі госці – футбалісты клуба «Старыя Дарогі». Аднак неўзабаве капітан стаўбчан Андрэй Шпадарук аднаўляе раўнавагу. Яшчэ адзін трапны ўдар – і нашы выходзяць наперад. Далей галы забівалі толькі стаўбчане: двойчы вызначыўся Дзмітрый Даўбейка, затым – Аляксей Рудзянок і Аляксандр Паляшчук. Перамога з буйным лікам – 6:1 дазволіла нёманцам стаць лідарамі турніру.

А што далей? Наступным сапернікам стаўбчан стаў «Колас». Каманда з Чэрвеня – таксама не падарунак, нездарма яна знаходзіцца ў групе лідараў. Што датычыць непрадказальнасці вынікаў, то прывядзём такі факт. Пасля перамогі над «Нёманам-Агра» ФК «Капыль» у пятым туры першынства ўступіў калектыву маладзечанскай ДЮСШ-4 – 0:8. Дык якая ж з камандаў хоча змірыцца з роляй аўтасайдара? Зразумела, што характар і волю, уменне можа праявіць кожны ўдзельнік. І стаўбчанам, якія не маглі не паставіць чэмпіёнскую мэту, расслабляцца не варта.

Ф. ФЯДОТАЎ

 

МАЙСТАР-КЛАС АД ІГРАКА БАТЭ

Памятным для нас  быў адзін з дзён у аздараўленчым лагеры «Мурашнік» у Горкаўскай сярэдняй школе. Начальнік аздараўленчага лагера настаўнік фізкультуры Мікалай Мікалаевіч Мазур запрасіў у школу вядомага футбаліста каманды–чэмпіёна Беларусі БАТЭ нашага земляка Аляксандра Карніцкага. У нас была магчымасць згуляць у футбол з госцем. Аляксандр Карніцкі правёў майстар-клас, жадаючых выйсці на футбольнае поле разам з ім было шмат. Пашанцавала Яўгену Конаўцаву – як лепшаму іграку Аляксандр Карніцкі падарыў яму сваю майку з лагатыпам.

Мы яшчэ раз пераканаліся, што нам пашанцавала, бо ў нашай школе вядзе ўрокі фізкультуры Мікалай Мікалаевіч Мазур. У нас развіты турызм, спорт.  А гэта вельмі патрэбна для фізічнага развіцця маладых людзей.

Ілья АЎЛАСІН, член гуртка «Юны карэспандэнт» Горкаўскай СШ

 

БЕЗ ФАНАТЫЗМУ!

Ні адзін клуб не можа абыходзіцца без падтрымкі балельшчыкаў, і тым больш, немагчыма існаванне футбольнай каманды без падтрымкі фан-сектара, дзе збіраюцца прыхільнікі каманды, якія гатовы пайсці за сваімі любімцамі «хоць на край свету».

Фанат. Хто ён? Фанатызм. Што гэта? Не трэба блытаць фаната са звычайным балельшчыкам. Звычайны балельшчык прыходзіць на стадыён, ціха сядзіць і атрымлівае задавальненне ад перыпетый гульні. Так, ён можа не прапускаць ні аднаго матча сваёй каманды, ён можа аказацца і на выязной гульні. Але ён не з’яўляецца фанатам. Фанатызм гэта апошні ўзровень улюбёнасці ў футбол і любімую каманду. Фанатызм – гэта нефармальны рух са сваімі правіламі і парадкамі. Фанат абавязаны прысутнічаць у сваім сектары, дзе збіраюцца яго аднадумцы. Фанаты дзеляцца на «правых» і «левых», а таксама на «ультрас»…

За апошнія сто гадоў, у выніку розных здарэнняў падчас футбольных матчаў, у свеце загінула каля 6000 чалавек, больш за 7000 чалавек атрымалі раненні. Прычынамі гэтых падзей паслужылі масавыя хваляванні на футбольных стадыёнах.

Трэба адзначыць, што ў нашай краіне за масавыя хваляванні наступае крымінальная адказнасць. Арганізатар беспарадкаў можа быць пакараны турэмным зняволеннем на тэрмін да 15 гадоў. Удзельнік можа быць арыштаваны на тэрмін да 8 гадоў, а калі быў нанесены ўрон маёмасці ці прычынены цялесныя пашкоджанні, – да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Ці патрэбна так сабе паводзіць, каб пасля далёка ад стадыёнаў і звычайнага жыцця сачыць за футбольнымі матчамі?! Давайце «хварэць» правільна!

М. ТУРКО, участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *