Бяспека

Нумары

image_pdfimage_print

Бяспека
ЯШЧЭ ПРА МІРНЫ АТАМ
З часу адкрыцця радыеактыўнасці прайшло больш за сто гадоў. Жыццё, сумна памятныя падзеі на Чарнобыльскай АЭС прымусілі літаральна кожнага думаць пра радыяцыю. Наколькі можна лічыць яе небяспечным фактарам?
Факты супакойваюць. Крыніцы іанізуючага выпраменьвання ёсць ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі: у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, медыцыне і г. д. Падлічана, што цыферблаты гадзіннікаў, экраны іншых прыбораў, якія свецяцца, дзе выкарыстаны люмінафоры, даюць прыкладна такую ж долю радыяцыі, якую атрымліваюць работнікі сучаснай атамнай прамысловасці. Доза апраменьвання ад штодзённага на працягу года трохгадзіннага прагляду тэлевізара складае некалькі дзясятых працэнта ад дозы апраменьвання за кошт натуральнага фону, гадзінны палёт у самалёце на вышыні 18-20 кіламетраў – каля аднаго працэнта. Рэнтгенаскапія страўніка, кішэчніка можа складаць да 10 працэнтаў, флюараграфія – да 20, прыём радонавай ванны – да 40 працэнтаў натуральнага апраменьвання.
Радыенукліды разам з дымам, попелам і шлакамі паступаюць у атмасферу з вугальных электрастанцый на арганічным паліве. А печы дамашняга ацяплення выкідваюць радыенукліды нават у большай канцэнтрацыі, чым цеплавыя электрастанцыі.
Сучасныя АЭС, у тым ліку такая, што будуецца ў Беларусі, бяспечныя і надзейныя. Праектамі прадугледжваецца шматступенная сістэма аховы, а дадатковае апраменьванне пры рабоце добра спраектаваных АЭС, якія належным чынам эксплуатуюцца, ацэньваецца ў сотыя долі працэнта ад натуральнага прыроднага фону і складае толькі малую долю радыяцыі, што выклікаецца дзейнасцю чалавека.
Радыяцыйнае ўздзеянне сучаснай АЭС абмяжоўваецца паўтаракіламетровай зонай вакол станцыі, а за гэтай рысай ніякіх абмежаванняў на ўсе віды дзейнасці не ўстанаўліваецца. Напрыклад, у Францыі на прылеглых да АЭС пляцоўках размяшчаюцца сельскагаспадарчыя ўгоддзі.
У справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння Астравецкай АЭС на навакольнае асяроддзе ўтрымліваецца вывад: дозы апраменьвання насельніцтва ў зоне, прылеглай да АЭС, не перавысяць значэння натуральнага фону. Цеплавое ўздзеянне на навакольнае асяроддзе не будзе выходзіць за рамкі тэрыторыі радыусам 1,5 км, а сама эксплуатацыя не прынясе шкоды як людзям, так і прыродзе.
Такім чынам неабгрунтаванымі з’яўляюцца домыслы і страхі наконт атамнай энергетыкі. Абсалютнай гарантыяй бяспекі пры яе выкарыстанні з’яўляецца разуменне самой прыроды апраменьвання, улік натуральных і створаных штучна крыніц радыяцыі, захаванне неабходных нормаў і правілаў паводзін.
Будаўніцтва АЭС дазволіць Беларусі знізіць залежнасць ад паставак вуглевадароднай сыравіны. Акрамя таго, змяншэнне выкарыстання арганічнага паліва, у асноўным прыроднага газу, прывядзе да зніжэння выкідаў парніковых газаў у атмасферу, што спрыяльна адаб’ецца на экалогіі.
Георгій ШЛЯХЦІЧАЎ, урач-гігіеніст

ПРЫЕХАЎ У ГОСЦІ, КАБ УЧЫНІЦЬ УГОН…
Асноўны фактар, які штурхае падлеткаў да супрацьпраўных паводзін, – праблемы ў сям’і. Яны могуць праяўляцца як у антыграмадскім ладзе жыцця бацькоў ці тых, хто іх замяняе, так і ў знешне прыстойных сем’ях, дзе паміж бацькамі і дзецьмі пануе псіхалагічная адчуджанасць, назіраецца самаўхіленне ад выхавання дзяцей.
Да такіх несуцяшальных высноў прыходзіш пасля штодзённай работы з падлеткамі, пасля наведвання іх сем’яў, у тым ліку і падчас прафілактычнай акцыі «Сям’я без насілля». Сумесна з камісіяй па справах непаўналетніх, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзелам адукацыі, спорту і турызму, раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях, цэнтральнай раённай бальніцай і іншымі зацікаўленымі ведамствамі з пачатку мінулага года мы выязджалі ў 55 такіх рэйдаў. У ходзе іх пабывалі ў 178 сем’ях раёна, дзе выхоўваюцца непаўналетнія.
Пры тым, што сёлета назіраецца змяншэнне падлеткавай злачыннасці на трэць, сітуацыя застаецца трывожнай. З зарэгістраваных васьмі злачынстваў з удзелам непаўналетніх (шэсць крадзяжоў, па адным – крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі і ўгон транспартнага сродку) шэсць учынены адным падлеткам – стаўбчанінам П. Ён учыніў два злачынствы з шасці ў групе – разам з непаўналетнім К. Крадзяжом «праславіў» Налібакі непаўналетні мясцовы жыхар Н. Угон транспартнага сродку здарыўся ў Дзярэчынцах «дзякуючы» навучэнцу Клецкага ліцэя, які прыехаў у вёску пагасцяваць у сваякоў.
У мінулым годзе назіраўся рост (амаль на 50 працэнтаў) правапарушэнняў з боку падлеткаў. Такіх негатыўных фактаў выяўлена 132 (у мінулым годзе за аналагічны перыяд – 90). Найбольш падлеткаў прыцягнута да адказнасці за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства. Так, за распіванне спіртных напіткаў і знаходжанне ў п’яным выглядзе ў грамадскім месцы затрыманы 56 чалавек.
Распаўсюджванне п’янства ў падлеткавым асяроддзі з’яўляецца праблемай. Гэтаму спрыяе даступнасць алкаголю для непаўналетніх у месцах продажу, а таксама неадэкватныя паводзіны некаторых дарослых, якія ўцягваюць падлеткаў у п’янку шляхам пакупкі ім спіртнога, а то і сумеснага «ўзняцця» чаркі. У адносінах да дарослых супрацоўнікамі райаддзела міліцыі па арт. 17.4 КоАП Рэспублікі Беларусь (уцягванне непаўналетніх у антыграмадскія паводзіны) складзена 20 пратаколаў, выяўлена тры факты рэалізацыі алкагольнай прадукцыі непаўналетнім несумленнымі работнікамі гандлю.
Асаблівая ўвага на працягу года ўдзялялася прафілактыцы ўжывання падлеткамі наркатычных рэчываў. Акцыі з тлумачэннем наступстваў ужывання наркотыкаў прайшлі ў кожнай навучальнай установе раёна. Кансультацыю на гэтую і іншыя тэмы падлеткі і іх бацькі могуць атрымаць пастаянна – у цэнтры здароўя падлеткаў і моладзі, які дзейнічае пры цэнтральнай раённай бальніцы.
Міхаіл АЗАНОВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі

КРЫМІНАЛЬНАЯ ЛІЧБА
На жаль, назіраецца тэндэнцыя росту злачынстваў з цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі.
Злачынствы, у якіх пацярпелыя атрымліваюць цяжкія траўмы, раскрываюцца, як правіла, па гарачых слядах. Характэрнымі асаблівасцямі іх з’яўляецца тое, што абодва бакі – як пацярпелы, так і той, якому нанесены траўмы – звычайна знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення. Па гэтай прычыне першая рэакцыя затрыманых – гэта павышаная эмацыянальная бравада, жаданне «адпавядаць» крымінальным традыцыям. Але калі прыходзіць працверажэнне – усё адразу становіцца на свае месцы. Толькі, на жаль, таго, хто пацярпеў, ужо не заўсёды вернеш…
У 2013 годзе райаддзелам міліцыі зарэгістравана 13 злачынстваў па фактах нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, у чатырох з іх пацярпелыя памерлі ад атрыманых траўмаў. Вось некаторыя эпізоды, якія не могуць не ўсхваляваць.
…Муж і жонка Ш. са Стоўбцаў паехалі ў Тонава на пахаванне. Пасля сумнага мерапрыемства яны прыйшлі ў бацькоўскую хату пераначаваць. Тут і разыгралася трагедыя. Паміж імі нечакана ўзнікла спрэчка. Муж схапіўся за нож і параніў жонцы нагу, ды так, што пашкодзіў артэрыю. Калі праспаўся, суджаная была ўжо мёртвай… Сканала жанчына ад вялікай страты крыві. Работнікам міліцыі ён усё расказаў як было, паказаў нож, якім учыніў злачынства. Па гэтай прычыне, а яшчэ таму, што дома застаўся без нагляду непаўналетні сын, яго выпусцілі з-пад варты. Праз некалькі дзён прыйшла яшчэ адна трагічная навіна: мужчына, перажываючы тое, што зрабіў, звёў рахункі з жыццём…
У красавіку стаўбчанін Х. з вуліцы Шаўчэнкі нанёс цяжкія траўмы, звязаныя з разрывам унутраных органаў, малалетняму. Мужчына біў нагамі суседскае дзіця за тое, што яно падрапала яго машыну ці, магчыма, кінула палку, якая пакінула на аўто адмеціны. Цяпер хлопчык залечвае траўмы, мужчына асуджаны…
Ідзе суд над двума навасвержанскімі хуліганамі, якія, не падзяліўшы спіртное, да смерці збілі сабутэльніка. Аналагічны выпадак зафіксаваны і ў Стоўбцах па вуліцы Камуністычнай: пачалося з сумеснага распівання двума мужчынамі спіртнога, затым сварка і – нажавая расправа з адным з іх са смяротным зыходам.
Суд чакае жыхарку Дзяржынскага раёна, якая ў аграгарадку Дзераўная пасля распівання ў кампаніі спіртнога спрабавала разбудзіць аднаго з сабутэльнікаў… ударамі па галаве. Пасля іх яму не суджана было ачуняць… Двое нецвярозых пастухоў ААТ «Радзіма Дзяржынскага» ўчынілі разборкі акурат на пашы. У выніку, адзін палкай праткнуў лёгкія другому. Добра, што ўдалося выратаваць яго жыццё.
Страшна падумаць, да якой дзікасці даводзіць алкагольнае ачмурэнне…
Міхаіл МІГУРА, начальнік аддзялення крымінальнага вышуку РАУС

ВІНАВАТА РАЗЕТКА?
Самыя розныя сучасныя электрапрыборы аздабляюць наша жыццё камфортам і зручнасцямі, але незнарок могуць наклікаць і непрыемнасці.
Так, у кватэры жыхара пасёлка Нёман у лістападзе мінулага года адбылося загаранне па прычыне нездавальняючага стану кантактных злучэнняў разеткі. Летась у лютым у кватэры стаўбчаніна адбыўся пажар з-за халадзільніка – для яго электразабеспячэння быў выкарыстаны кустарны падаўжальнік, выкананы з некалькіх частак провада, злучаных скруткамі.
Каб папярэдзіць электратраўмы і ўзнікненне пажараў, энерганагляд нагадвае, што неабходна выконваць патрабаванні інструкцый па падключэнні і эксплуатацыі электрапрыбораў. Пры неабходнасці правядзення дадатковай электраправодкі варта звяртацца толькі да кваліфікаваных спецыялістаў. Цяпер у нас з’явілася шмат прыватных арганізацый, якія маюць ліцэнзію на аказанне падобнага роду паслуг.
Падключэнне стацыянарных бытавых электрапрыбораў нельга ажыццяўляць пры дапамозе падаўжальнікаў (пра гэта наглядна гаворыць і выпадак з халадзільнікам у кватэры стаўбчаніна). Да падаўжальнікаў (абавязкова – з гібкага меднага проваду сячэннем не ніжэй за 0,75 мм2, з двайной ізаляцыяй) можна падключаць толькі пераносныя электрапрыборы невялікай магутнасці для часовага карыстання. Перад прымяненнем элементы падаўжальніка варта агледзець на адсутнасць пашкоджанняў ізаляцыі, злучальнай вілкі, разеткі (з падобнымі пашкоджаннямі прымяненне забаронена). Для папярэджання перагрэву кабелю неабходна раскруціць яго па ўсёй даўжыні і выкласці без утварэння колцаў.
Яшчэ неабходна памятаць, што электрычная вілка для падключэння электрапрыбора мае ахоўны кантакт, яго неабходна ўключаць толькі ў разетку з падведзеным ахоўным правадніком. Пры адсутнасці апошняга, неабходна дадаткова правесці яго ад паверхавага шчытка або шчытка асвятлення жылога дома. Электрапрыборы ў кухні або ванным пакоі падключаюцца праз прыстасаванне ахоўнага адключэння. Разеткі для сілкавання электрапрыбораў у ванным пакоі ўстанаўліваюцца звонку.
Вадзім ХАЛОПІЦА, інспектар Стаўбцоўскага міжраённага аддзялення «Энерганагляд»

ПРЫ ВЫКАНАННІ АЧЫСТКІ ДАХАЎ
Стаўбцоўскі міжраённы аддзел Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, улічваючы метэаралагічную абстаноўку ў зімовы час, звяртае ўвагу на неабходнасць, у адпаведнасці з артыкулам 8 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове працы», забеспячэння захоўвання наступных мер бяспекі.
Работы па ачыстцы дахаў, карнізаў будынкаў маюць павышаную небяспеку і павінны афармляцца нарадам-допускам. Да такіх работ, што выконваюцца на вышыні, у тым ліку пры выкарыстанні тэлескапічнай вышкі (гідрапад’ёмніка), дапускаюцца асобы ва ўзросце не маладзей за 18 гадоў, якія маюць адпаведную кваліфікацыю, прайшлі ва ўстаноўленым парадку медыцынскі агляд, навучанне бяспечным метадам і прыёмам работы, інструктаж і праверку ведаў па пытаннях аховы працы ў аб’ёме патрабаванняў, захаванне якіх уваходзіць у іх кваліфікацыйныя (службовыя) абавязкі. Такія работнікі павінны быць забяспечаны неабходнымі сродкамі індывідуальнай аховы, у тым ліку ахоўнымі каскамі. Небяспечныя зоны магчымага падзення снегу і лёду павінны агароджвацца з трох бакоў інвентарнымі рашоткамі, шчытамі, вяроўкай з чырвонымі сцяжкамі. Агароджванне размяшчаецца на адлегласці не менш за шэсць метраў ад будынка пры яго вышыні да 20 метраў, пры вышыні збудавання ад 20 да 40 метраў адлегласць да агароджвання павінна быць не менш за 10 метраў. Да агароджвання зоны выстаўляецца дзяжурны, які папярэджвае людзей на тратуары і сігналізуе працуючым на даху. Дзвярныя праёмы з боку даху, што ачышчаюцца ад снегу, павінны замыкацца ці неабходна выстаўляць дзяжурных.
Працуючым трэба асцерагацца дакранання да электраправодкі, тэлевізійных антэн і іншых установак, якія могуць выклікаць паражэнне электрычным токам. Ачыстку ад снегу дахаў належыць праводзіць толькі драўлянымі ці пластмасавымі лапатамі, не дапускаецца прымяненне металічнага інструменту. Уборку вядуць ад вільчака да карніза, раўнамерна, не дапускаючы перагрузак снегам асобных участкаў даху. Забараняецца пачынаць ачыстку даху з краёў. Скідваць снег з даху дазваляецца толькі ў дзённы час. У выпадку неабходнасці выканання гэтай работы вечарам ці ноччу, яе месца і падыходы павінны быць добра асветлены. Зняцце ледзяшоў з краёў даху і каля вадасцёкавых труб праводзіцца толькі спецыяльнай прыладай – кручком. Працуючыя з прымяненнем гідрапад’ёмніка павінны быць забяспечаны ахоўнымі каскамі і паясамі. Пры выкананні ўказаных работ неабходна выконваць патрабаванні Правілаў аховы працы пры рабоце на вышыні і іншых нарматыўных дакументаў.
Фёдар ЧАРНАГАЛОЎ, начальнік міжраённага аддзела інспекцыі працы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *