С. Б. ШАПІРА: «Работа павінна быць эфектыўнай»

Старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра правёў у Крупскім раёне прэс-канферэнцыю для рэгіянальных і рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі.

Перад прэс-канферэнцыяй журналісты пазнаёміліся з работай прадпрыемства аўта- і індустрыяльных маслаў ТАА «ДВУ-ЭКА», наведалі базу адпачынку ТАА «Сялява Тур», а таксама цэх мясаперапрацоўкі сельгаспрадпрыемства «Кляновічы».

Імкнуцца наперад

На сустрэчы з журналістамі Сямён Барысавіч Шапіра адзначыў, што Міншчына з’яўляецца лідарам па выкананні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Але не ўсе прадпрыемствы працуюць стабільна. Калі адны рухаюцца наперад, дабіваюцца добрых паказчыкаў, то некаторыя здаюць свае пазіцыі. А гэта паказчык работы кіраўнікоў прадпрыемстваў», – зазначыў губернатар. – Час мяняецца. Стан прадпрыемстваў залежыць ад таго, наколькі кіраўнікі здольны пераарыентавацца на сучасную, запатрабаваную прадукцыю. Ад гэтага залежыць вынік развіцця прадпрыемства. І ў той жа час, кіраўнікі павінны размаўляць з людзьмі, унікаць у іх праблемы, тлумачыць абстаноўку на прадпрыемстве і т. п.

Аб пустуючых дамах

У кожным раёне Мінскай вобласці праводзіцца актыўная работа па зносе пустуючых дамоў у сельскай мясцовасці. «Па выніках мінулага года лепш за ўсіх спрацаваў у гэтым напрамку Клецкі раён, дзе было знесена больш за 120  жылых памяшканняў, якія не выкарыстоўваюцца», – паведаміў Сямён Шапіра. Паводле слоў губернатара, працэдура гэтая вельмі складаная. На пошукі гаспадароў такіх дамоў ідзе шмат часу. Бываюць выпадкі, калі пасля зносу дома аб’яўляецца гаспадар і падае ў суд на сельвыканкам. Такое было ў Салігорскім раёне. Прыйшлося заплаціць штраф каля 65 млн руб. уладальніку дома. «На жаль, участкаў з нявыкарыстанымі жылымі памяшканнямі сёння шмат. Мінскі аблвыканкам прапанаваў Ураду вырашыць гэтую праблему шляхам эканамічнага прымусу, г. зн. павелічэннем падатковых ставак у выпадку неэфектыўнага выкарыстання аб’ектаў нерухомасці і зямельных участкаў. Калі кошт падатку перасягне ацэначны кошт дома, то патрэбна прымаць рашэнне аб яго зносе», – адзначыў С. Б. Шапіра.

У гарадах-спадарожніках жыллё будавацца не будзе

С. Б. Шапіра растлумачыў сітуацыю з гарадамі-спадарожнікамі. Раней планавалася, што гарадамі-спадарожнікамі Мінска стануць Дзяржынск, Заслаўе, Лагойск, Рудзенск, Смалявічы, Фаніпаль. «Будаўніцтва жылля вымагае і прадастаўленне рабочых месцаў, развіццё інфраструктуры, правядзенне камунікацый, будаўніцтва школ, бальніц і т. п. Але ні ў Дзяржынску, ні ў Фаніпалі, ні ў Заслаўі магчымасцяў для гэтага няма», – падкрэсліў Сямён Шапіра. Паводле слоў губернатара, пасля вывучэння ўсіх участкаў, якія былі запланаваны пад будаўніцтва жылля для мінчан, вырашана асвоіць 73 га ў Смалявічах. Галоўным горадам-спадарожнікам будзе Рудзенск Пухавіцкага раёна.

Індывідуальнае будаўніцтва

Старшыня аблвыканкама асобна спыніўся на пытанні індывідуальнага будаўніцтва. У многіх гарадах у раёнах індывідуальнай забудовы неабходна будаўніцтва інфраструктуры, кошт якой ацэньваецца ў 4 трлн руб. «Атрымліваецца, што грошы на інфраструктуру неабходна браць з бюджэту, а бюджэтныя сродкі павінны ісці на медыцыну, адукацыю, сацыяльнае забеспячэнне. Вось чаму пры стварэнні інфраструктуры бюджэтная падтрымка будзе аказвацца шматдзетным сем’ям, а ўсе астатнія павінны ўкладваць уласныя сродкі. Ёсць яшчэ адзін варыянт. Для тых, хто хоча мець уласны дом, на тэрыторыі Міншчыны ёсць свабодныя ўчасткі ў вёсках, дзе ўжо пракладзены электрычнасць, водазабеспячэнне, дарогі. Цэны на іх прымальныя. Будуць з’яўляцца і ўчасткі за кошт зносу старых аварыйных дамоў і збудаванняў,» – зазначыў Сямён Шапіра. У якасці прыкладу быў прыведзены наш Стаўбцоўскі раён, дзе ў вёсках Татаршчына, Ждановічы і іншых вельмі прыгожых мясцінах можна набыць пустуючыя дамы. Старшыня аблвыканкама выказаў меркаванне ў адносінах да ўласнікаў маёмасці, якая не выкарыстоўваецца: вырашаць пытанне з ужываннем эканамічных рычагоў.

Пра садкі і не толькі

Колькасць насельніцтва расце, асабліва ў Мінску і Мінскім раёне. Узнікае пытанне з недахопам сацыяльнай інфраструктуры.

Толькі ў Бараўлянах на чарзе ў садок знаходзіцца 3,2 тысячы дзяцей. Таму прынята рашэнне, што адну дашкольную ўстанову пабудуе Мінская вобласць, а другую – г. Мінск. Працягваецца будаўніцтва і ў іншых рэгіёнах. У 2016 годзе распачнецца будаўніцтва садка ў Стаўбцоўскім раёне. Павінна быць правіла: жыллё ўводзіцца толькі пры стварэнні неабходных аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры», – паведаміў Сямён Шапіра.

Аб турызме

«На Міншчыне робіцца шмат для развіцця турызму. Заканчваецца рэалізацыя дзяржпраграмы развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна, рэалізоўваюцца іншыя праекты, – расказаў Сямён Барысавіч. – Тэма турызму актуальная і для рэгіёнаў, дзе ёсць праблемы з сельгасвытворчасцю. У такіх рэгіёнах павінны стварацца турыстычныя аб’екты. Бо гэта пытанні эфектыўнага выкарыстання зямлі, стварэння дадатковых рабочых месцаў і г. д.» – паведаміў старшыня аблвыканкама С. Б. Шапіра. Інвестары з задавальненнем прыходзяць у турыстычную галіну. У сталічным рэгіёне сёння працуе больш за 500 аграсядзіб. Колькасць аграсядзіб прадаўжае расці. «Патрэбна больш расказваць пра нашы цудоўныя мясціны – і інвестар знойдзецца…» – падкрэсліў кіраўнік сталічнага рэгіёна.

Нэлі Астрэйка