Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне пяць шлюбаў, зроблена столькі ж адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 12 маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Арцём Бенедзіктовіч, Карына Петрашкевіч, Алесь Васіленка, Даміян Вяргейчык, Апалінарыя Дарафейчык, Арына Матусевіч, Марыя Кажура, Севасцьян Ярашэвіч, Цімафей Говен, Арсеній Андроцкі, Рэнат Вішнеўскі і Мілана Фенько.

Зямны шлях закончыўся для 17-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці тыдзень, на шчасце, прайшоў без вогненных здарэнняў.

Міліцыяй зарэгістраваны 122 паведамленні аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана восем крымінальных спраў, у чатырох з іх устаноўлены падазраваемыя. З дома ў Крамцы, а таксама з дачы ў Засуллі зніклі дываны і дывановыя дарожкі. У жыхара Халаімаўшчыны прапаў мабільны тэлефон. На дачы ў Заямным паквапіліся на горны веласіпед і іншыя рэчы. Нецвярозы грамадзянін, будучы ў доме па вуліцы Свярдлова ў Стоўбцах, выкраў пнеўматычную вінтоўку ІЖ-МР-512. У вагоне электрапоезда, паміж Гарадзеяй і Стоўбцамі, хуліган пабіў аднаго з пасажыраў.       

Пракуратурай раёна праведзена праверка рэалізацыі раённым аддзелам унутраных спраў патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў». У прыватнасці, у дзейнасці райаддзела ўстаноўлены факты нясвоечасовай пастаноўкі грамадзян, якія ўчынілі правапарушэнні ў адносінах да членаў сям’і, на прафілактычны ўлік, адсутнасць у адносінах да падуліковых прафілактычных мерапрыемстваў, неналежнае афармленне дакументаў улікова-прафілактычнай справы. Па выніках праверкі начальніку РАУС унесена прадстаўленне аб ухіленні парушэнняў заканадаўства, а таксама прычын і ўмоў, якія ім садзейнічаюць.    

Суд прыгаварыў да шасці месяцаў арышту 40-гадовага жыхара Баранавіцкага раёна, які, будучы нецвярозым, трапіў у дом, вынес адтуль прадукты, а спіртное ўжыў там жа, на месцы. 47-гадовы жыхар Крамца асуджаны да 1,5 года выпраўленчых работ з вылічэннем з заробку 15 працэнтаў – за тое, што абрабаваў дом (сума нарабаванага – больш за 1,7 мільёна рублёў). 27-гадовы стаўбчанін, раней судзімы, ухіляўся ад выплаты штрафу, і за гэта быў арыштаваны на адзін месяц. На 540 000 рублёў пакараны штрафам 43-гадовы жыхар Мінска, які на тэрыторыі садовага таварыства «Імпульс» (Рубяжэвіцкі сельсавет) нецэнзурна лаяўся, не рэагаваў на заўвагі.    

ДАІ выявіла 201 парушэнне правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – шэсць нецвярозых вадзіцеляў і 13 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 19 недысцыплінаваных пешаходаў. Зафіксавана шэсць дарожных аварый, у адной з іх пацярпелі двое чалавек. Так, каля 20.00 13-га чэрвеня 19-гадовы вадзіцель матацыкла «Днепр», жыхар Кляцішча, пры выездзе з возера Кромань не саступіў дарогу аўтамабілю «Фольксваген-пола», які рухаўся па аўтадарозе Дзераўная – Шчорсы. У выніку сутыкнення пацярпеў матацыкліст і яго пасажырка – дзевяцікласніца. Абое былі без шлемаў, з траўмамі шпіталізаваны ў хірургічнае аддзяленне бальніцы. Матацыкл не зарэгістраваны, а яго вадзіцель не меў вадзіцельскага пасведчання.     

«Хуткая» выязджала да хворых 207 разоў, у прыватнасці восем сігналаў паступіла да асоб з алкагольным сіндромам. Пяць зваротаў у экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *