Сям’я там, дзе «завязалі» з алкаголем

Нумары Увага - дзецям

image_pdfimage_print

«Чаго вы прыехалі? Нас з уліку ўжо знялі!..» – нервова адрэагавала маці траіх дзяцей з Рубяжэвічаў на прыезд да іх дадому суботнім вечарам раённай рэйдавай  камісіі. Аказалася, зусім невыпадкова: на кухонным стале былі падрыхтаваны да вячэры пляшка гарэлкі і піва…

Напэўна, муж і жонка якраз збіраліся распіць іх пад закуску (была і нагода – муж атрымаў заробак). Дзецям уручылі марожанае. Ды тут такая неспадзяванка… Вось і не стрымала жанчына эмоцый, а мужчына ўвогуле, у адказ на зробленую ўчастковым інспектарам Паўлам Карніцкім заўвагу, кінуўся да яго з кулакамі…

Раней становішча дзяцей у гэтай сям’і было прызнана сацыяльна небяспечным, хаця ў прытулак іх не забіралі, каб не траўміраваць, а бацькам даць шанц хутчэй выправіцца. З сям’ёю актыўна працавалі  зацікаўленыя службы – сельвыканкам, міліцыя, школа. Да іх падключыліся і сваякі сям’і. Агульнымі намаганнямі дасягнулі выніку: бацькі перасталі піць, зрабілі ў доме касметычны рамонт, пасадзілі агарод… Літаральна за некалькі дзён да прыезду рэйдавай камісіі мужу і жонцы, запрошаным у сельвыканкам на пасяджэнне грамадскага пункта аховы грамадскага  парадку, сапраўды далі надзею на зняцце сям’і з уліку…

Вось такія метамарфозы.

– Становішча ў сям’і не зменіцца, пакуль бацькі не пройдуць курс супрацьалкагольнага лячэння, – упэўнены ўчастковы інспектар. Падтрымалі яго і прадстаўнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Гамза, інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Таццяна Тарасевіч.           

Забягаючы наперад, скажам, што ў гэтай сям’і мы назіралі самую горшую карціну з усяго ўбачанага за рэйдавы вечар. На шчасце, у іншых сем’ях, дзе становішча дзяцей было прызнана сацыяльна небяспечным і куды заязджалі, было больш станоўчых момантаў, чым адмоўных.

У сям’і з Зарэчча членаў камісіі сустрэлі бабуля з унучкай. «Мама на рабоце, на ферме», – растлумачыла дзяўчынка-сямікласніца. Паказала дзённік, як вучыцца. Фізкультура падабаецца ёй найбольш, за чвэрць – «дзявятка». Яна дапамагае дарослым па доме (нядаўна рабілі рамонт – клеілі шпалеры, фарбавалі фасад), у агародзе. Бабуля плануе падсабраць грошай і купіць унучцы камп’ютар.

– Абстаноўка ў сям’і нармалізавалася. Дапамаглі з працаўладкаваннем і сыну гэтай бабулі, які таксама пражывае разам з імі, вярнуўся на пачатку гэтага года з месцаў пазбаўлення волі, – удакладняе ўчастковы. На сваім участку, які абслугоўвае амаль 20 гадоў, ён ведае пра кожнага ўсё да драбніц.

Фіксацыяй добрых перамен закончылася і паездка ў аналагічную сям’ю, у якой двое школьнікаў малодшых класаў. Дзеці якраз гулялі на вуліцы. Дома з імі была бабуля. «Бацькі атрымалі заробак і паехалі на рынак за абноўкамі дзецям», – паведаміла жанчына. У хаце зроблены рамонт. Праўда, падчас яго пабіўся пажарны апавяшчальнік. «Абавязкова купіце, у першую чаргу ў той пакой, дзе спяць дзеці», – нагадала гаспадыні дома Таццяна Тарасевіч.

Пасля таго, як бацькі прайшлі курс супрацьалкагольнага лячэння, самыя сур’ёзныя пытанні зняліся. «Стаіць іншае пытанне, – заўважае ўчастковы. – ААТ «Каганец» можа выдзеліць гэтай маладой сям’і асобны дом. – І тлумачыць: – Гэта падштурхоўвала б бацькоў, стрымлівала ад ранейшых звычак, бо, жывучы з бабуляй, можна і «аступіцца» – дзеці усё роўна будуць дагледжаны».                    

Заехалі да яшчэ адной маладой сям’і, якой гаспадарка ўжо выдзеліла новы «прэзідэнцкі» дом у аграгарадку Засулле. І адразу, што называецца з парога, на гаспадыню (гаспадара дома не было) пасыпаліся заўвагі: неабходна падмесці падлогу, скласці рэчы, заслаць пасцелі… У калідоры стаяў пах тытуню і, высветлілася, апавяшчальнік не працуе – ён без батарэйкі. За гэта інспектар пажарнай службы вынесла папярэджанне. Участковы завёў з жанчынай размову аб тым, каб збіраць дакументы на  абмежаванне яе мужа ў дзеяздольнасці (ён нядаўна вярнуўся з лячэбна-працоўнага прафілакторыя), што дазволіць ёй атрымліваць яго заробак і палепшыць матэрыяльнае становішча сям’і.

Усямерную дапамогу гатовы аказваць розныя службы і шматдзетнай сям’і з Ціханавай Слабады, куды розныя камісіі з мінулай зімы, як сям’я пераехала з Валожынскага раёна, заязджаюць не першы раз. Адна матуля гадуе трое дзетак (самай меншай – паўтара годзіка), і быццам нядрэнна ў яе гэта атрымліваецца, але хвалюе стан пячнога ацяплення ў доме. «Печкі былі ў трэшчынах, дымаход разбураны», – прыгадвае Таццяна Тарасевіч. Цяпер печкі падрамантаваны. Сельвыканкам бясплатна выдзеліў на сям’ю тры апавяшчальнікі. Алена Гамза пракансультавала матулю аб магчымасці атрымання дзяржаўнай дапамогі на дзяцей па страце кармільца, аб устанаўленні бацькоўства. «Дапаможам вам з афармленнем дакументаў, з выдзяленнем гуманітарнай дапамогі», – такое агульнае рашэнне членаў камісіі. І матуля, абрадаваная падтрымкай, сказала на развітанне: «Дзякуй, што прыехалі».

І мы ў сваю чаргу хочам выказаць удзячнасць такім сем’ям раёна, як, напрыклад, шматдзетная сям’я Любові і Валерыя Літвінчыкаў з аграгарадка Засулле. Праязджаючы міма іх дома, немагчыма было не спыніцца – так хораша яны ўсе разам працавалі. Бацька з сынам Дзянісам падвозілі зямлю, а матуля з дочкамі Вольгай і Вікторыяй садзілі кветкі. Чым не сямейны суботнік? Чым больш такіх бацькоўска-дзіцячых суботнікаў у нас будзе, тым мацнейшай будзе сям’я, тым больш паспяховыя вырастуць у ёй дзеці.

У рэйдзе прымалі ўдзел: Павел КАРНІЦКІ, старшы ўчастковы інспектар райаддзела міліцыі; Таццяна ТАРАСЕВІЧ, інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях; Алена ГАМЗА, спецыяліст сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама; Таццяна ПЯТКЕВІЧ, наш кар.      

НА ЗДЫМКАХ: на дамашнім суботніку шчыруе сям’я Літвінчыкаў з Засулля (на верхніх здымках); шматдзетную маці не пакінуць без падтрымкі; да гэтай сям’і ў інспектараў не ўзнікла пытанняў.

Фота аўтара

 

***

ДОБРАЕ СЭРЦА ВЕТЭРАНА” — заметка Яўгена Карпуця, якую можна прачытаць на 3-й старонцы газеты.

 

АТРЫМАЦЬ ДАПАМОГУ” – кансультацыя Ганны Яўсейчык наконт адраснай дапамогі – на 3-й старонцы газеты.

 

Родны край. “ЯЎРЭЙСКАЕ НАСЕЛЬНІЦТВА І ЯГО РОЛЯ Ў ГІСТОРЫІ СТАЎБЦОЎШЧЫНЫ” – гістарычны экскурс Канстанціна Нашчынца, студэнта факультэта міжнародных адносін БДУ – на 4-й старонцы газеты.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *