Свая бальніца, свае пацыенты

Медыцына Нумары Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

Рубяжэвіцкая ўчастковая бальніца паводле  вынікаў работы за 2014 год прызнана пераможцай у рэспубліканскім спаборніцтве сярод сельскіх лячэбна-прафілактычных устаноў.

Вялікай адметнасцю Рубяжэвіцкай бальніцы, як і многіх іншых сельскіх, з’яўляецца стабільнасць кадраў. Амаль для ўсіх медыцынскіх работнікаў і малодшага медперсаналу гэта адзінае месца работы. Бальніца стала ім роднай, таму і працуюць яны з душою. Сведчанне таму – і рэспубліканская ўзнагарода Рубяжэвіцкай бальніцы. Пры падвядзенні вынікаў работы ўлічваліся многія паказчыкі, выканаць якія можна толькі стараннымі, адказнымі адносінамі кожнага да сваіх абавязкаў.

Рубяжэвіцкая бальніца абслугоўвае жыхароў Рубяжэвіцкага і Літвенскага сельсаветаў – 2188 чалавек, з іх 324 дзіцяці. На абслуговай тэрыторыі знаходзяцца тры сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, сем магазінаў, две школы, дзіцячы сад. Бальніца праводзіць лячэнне ў стацыянары на 20 ложках, з іх – 10 сацыяльных. Медыцынскую дапамогу сельскім жыхарам аказваюць урач агульнай практыкі, спецыялісты фізіятэрапеўтычнага, стаматалагічнага, акушэрскага кабінетаў, кабінета здаровага дзіцяці, клініка-дыягнастычнай лабараторыі. Працуе дзённы стацыянар на два ложкі. Амбулаторыя разлічана на 20 наведванняў у змену. У структуры ўчастковай бальніцы працуюць Тонаўскі і Рочавіцкі фельчарска-акушэрскія пункты.

У мінулым годзе ў стацыянары бальніцы пралечаны 316 чалавек, 77 – у дзённым стацыянары і 19 – на ложках сацыяльнага профілю. Праведзена амаль стопрацэнтнае абследаванне сельскага насельніцтва на туберкулёз і цыталагічнае даследаванне жанчын. Дыспансерызацыя праводзіцца ўрачом амбулаторыі і выязнымі брыгадамі спецыялістаў цэнтральнай раённай бальніцы. Сельскія жыхары на месцы могуць атрымаць бальнічныя лісты, для многіх з іх бальніца знаходзіцца ў крокавай даступнасці.

Урач агульнай практыкі першай кваліфікацыйнай катэгорыі Надзея Русецкая, якая пастаянна ўдасканальвае свае веды па новых методыках дыягностыкі і лячэння на курсах павышэння кваліфікацыі, без перабольшвання з’яўляецца для вяскоўцаў сямейным урачом. За амаль трыццаць гадоў сваёй работы на гэтай пасадзе і адначасова – пасадзе загадчыцы ўчастковай бальніцы яна аказвае ўрачэбныя паслугі не аднаму ўжо пакаленню сельскіх жыхароў. Тое ж можна сказаць і пра многіх з 32-х спецыялістаў, якія працуюць у гэтай медыцынскай установе. Пра старшую сястру Наталлю Марцінкевіч, мясцовую, фельчара-лабаранта Наталлю Каляда. Памочнік урача Марыя Бунчук таксама мясцовая. Як і медыцынская сястра Вольга Навіцкая. Некаторыя медыцынскія работнікі прыехалі па размеркаванні ў гэтую ўчастковую бальніцу, выйшлі тут замуж і прыжыліся ў Рубяжэвічах ці навакольных вёсках, як акушэрка Вольга Сабалеўская. У большасці медыцынскіх работнікаў стаж практычнай работы складае не адно дзесяцігоддзе, а ў некаторых – па два-тры. Медыцына без перабольшвання стала для іх прызваннем.

Як і іншыя падраздзяленні цэнтральнай раённай бальніцы,  Рубяжэвіцкая ўчастковая бальніца абнаўляецца, стары будынак набывае сучасныя абрысы. І гэта таксама добры стымул для калектыву ўстановы трымаць марку, працаваць так, каб быць заўважанымі ў сваіх поспехах.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

На здымках: загадчыца Рубяжэвіцкай участковай бальніцы Надзея Русецкая; медыцынская сястра Вольга Навіцкая; фельчар-лабарант Наталля Каляда; выдатна выконваюць свае абавязкі медыцынская сястра Людміла Рамэйка і санітарка Вольга Ключнік.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ПАДТРЫМАЕ, АБНАДЗЕІЦЬ

Даступнасць медыцынскай дапамогі для сельскіх жыхароў захоўваецца дзякуючы дзейнасці фельчарска-акушэрскіх пунктаў. У раёне іх 14. На многіх з іх працуюць ветэраны аховы здароўя, вопытныя медыцынскія работнікі, для якіх медыцына з’яўляецца справай усяго жыцця.

Не меншую каштоўнасць уяўляюць і маладыя кадры, адказныя, кваліфікаваныя, якія спаўна адчуваюць пульс часу, прыкладваюць сілы і старанні, каб павышаць свой прафесійны ўзровень і дастойна прадстаўляць калектыў медыкаў раёна.

Мы не адзін раз ужо пісалі пра фельчара Аталезскага ФАПа Яну Нарановіч. І ў гэтым годзе да прафесійнага свята кіраўніцтва райбальніцы вылучыла яе кандыдатуру. На тое ёсць такія важкія прычыны: па выніках работы за мінулы год Аталезскі ФАП прызнаны лепшым. Для падвядзення вынікаў браліся да ўвагі многія паказчыкі работы.

Яна Нарановіч абслугоўвае жыхароў Аталезі, Жукава Барка, Хутар-Барка, Жаўнеркавіч – каля пяцісот чалавек па спісе. У ліку іх нямала пажылых людзей, якім патрэбны асаблівыя клопат і ўвага. Рабочы дзень фельчар умее спланаваць так, каб паспець усюды. Кіраўніцтва райбальніцы ахарактарызавала Яну Нарановіч важкім словам – адказная. Дзякуючы гэтай якасці Яна Юр’еўна паказвае ўзоры вядзення дакументацыі, захавання патрэбнага санітарнага рэжыму, якаснага абслугоўвання сельскіх жыхароў.

Аўтарытэт маладому медыку надаюць як прафесійныя, так і чалавечыя якасці. Яна ўважлівая да ўсіх, стрыманая, ветлівая, сціплая, добрая. І стаў фельчарска-акушэрскі пункт для мясцовых жыхароў тым месцам, дзе палечаць, суцешаць, падтрымаюць і дадуць надзею.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *