«Еўраопт» – у Стоўбцах

Гандаль Нумары Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

На мінулым тыдні ў райцэнтры адкрыўся першы сеткавы магазін з гандлёвай маркай «Еўраопт».

Гэта падзея для ўсіх, але, напэўна, найбольш значная яна – для саміх стаўбчан і жыхароў раёна, якія даўно выказвалі сваю мару адносна таго, каб зайсці ў адзін магазін «з  цялежкай» і атаварыцца неабходным. Размясціўся ён на арандаваных плошчах у зручным месцы – шматпавярховым жылым мікрараёне, побач з бальніцай, прыпынкам грамадскага транспарту.    

Гандлёвая плошча (300 м2) сапраўды ўражвае багаццем тавару і сучасным, стрыманым дызайнам. У памяшканні вее прахалодай кандыцыянера, а на самім будынку, па традыцыі, пра свята нагадвае каляровая гірлянда з паветраных шароў…

– Гэта 43-ці магазін нашай сеткі ў Мінскай вобласці і 328-мы – увогуле ў сетцы «Еўраопт», – з гонарам адзначае ўпраўляючы па Мінскай вобласці Іван Гайко. Учора з аналагічнай прыемнай місіяй – адкрыццём новага магазіна – ён  наведваў Маладзечна.

Выказаную думку падхоплівае яго калега, дырэктар рознічнай гандлёвай сеткі «Еўропт» Аляксандр  Мудры: «Усе апошнія веянні знайшлі ўвасабленне ў магазіне ў Стоўбцах. Гэта першы магазін, з якога мы пачынаем ісці з новым узорам уніформы для супрацоўнікаў, стэлажным і іншым абсталяваннем. Пакуль няма яму аналага! Значыць, са Стоўбцаў бярэ пачатак новая веха ў развіцці нашай гандлёвай сеткі».

Прыгадаем, што яшчэ да таго, як быў адкрыты магазін у райцэнтры, кампанія арганізавала бясплатны падвоз у свае бліжэйшыя магазіны – у Нясвіж і Энергетык, каб пакупнікі змаглі падрыхтавацца, ацаніць прапанаваны ім выбар. Не выпадкова, што першы дзень работы сеткавага магазіна ў Стоўбцах выклікаў сапраўды ажыятажныя цікавасць і попыт.

Спадзяванні на ўзаемаразуменне і супрацоўніцтва (у тым ліку гандлёвай сеткі з мясцовымі вытворцамі) выказала і намеснік старшыні райвыканкама Ірына Пашкевіч. Адзначыўшы, што Стоўбцам якраз не хапала сеткавага магазіна і што «Еўраопт» мае станоўчыя водгукі аб сваёй рабоце, яна звярнулася і з дзелавой прапановай, якая заслугоўвае быць інвестпраектам, стратэгічнай перспектывай гандлёвай сеткі «Еўраопт» у маштабах нашага раёна. «Па суседству з магазінам ёсць вольны зямельны ўчастак плошчай 1,6 га, які выстаўлены на аўкцыён. На ім можна пабудаваць не проста ўласны вялікі магазін, а цэлы гандлёва-забаўляльны цэнтр. Прымайце ўдзел у аўкцыёне!» – заклікала Ірына Пашкевіч.

Акрамя стацыянарнага магазіна ў горадзе, сёння «Еўраопт» гатовы абслугоўваць і сельскіх жыхароў – з дапамогай фірменных аўталавак.    

Сімвалічны ключ ад магазіна ўручаны дырэктару – Юліі Бражнік. Кіраўнік малады, за  плячыма якога стаіць такі ж малады і энергічны калектыў.

Адкрыццё атрымалася не толькі ўрачыстым, а і хвалюючым, хаця і прайшло без генеральнага дырэктара ТАА «Еўраторг» Ф. А. Арцёменкі. Ён ураджэнец Стоўбцаў і збіраўся, як заўважылі яго калегі, наведаць родны горад з прыемнай нагоды.

Галоўнае пажаданне стаўбцоўскаму магазіну «Еўраопт» – ва ўсім адпавядаць сваёй вядомай марцы-брэнду. Тут галоўным вызначальнікам і рухавіком выступіць канкурэнцыя. Пакупніку ніхто не ўкажа, ён сам зробіць выбар, каму «заплаціць заробак» – калектыву магазіна райспажыўтаварыства,  індывідуальнага прадпрымальніка або сеткавага.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *