Каб раніца была з «Праменем»

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

17 чэрвеня ў гарадскім аддзяленні паштовай сувязі прайшоў абласны дзень падпісчыка. Актыўны ўдзел у ім брала наша раённая газета «Прамень».

Вельмі прыемна, што прыйшлі ў гэты дзень па пошту нашы даўнія сябры, злучаныя з «Праменем» на працягу многіх гадоў, якія любяць газету і не ўяўляюць свайго жыцця без яго інфармацыйнага, духоўнага святла. «У сераду і суботу (дні выхаду газеты – Т. П.) раніца ў нас пачынаецца з «Праменя» – нярэдка прызнаваліся нашы чытачы. Сярод іх, напрыклад, Зінаіда Сурко, думка якой для нас асабліва важная і каштоўная. Як дасведчаны спецыяліст-філолаг, Зінаіда Міхайлаўна заўсёды дасць слушную параду, зробіць аб’ектыўны каментарый або дасць ацэнку нашай журналісцкай, карэктарскай працы. Дзякуй ёй за гэта! У дзень падпісчыка пашчасціла пазнаёміцца з адным з першых нашых чытачоў – Іванам Цвірко. Усё жыццё Іван Іосіфавіч працаваў на вузле паштовай сувязі і акурат займаўся суправаджэннем пошты, у тым ліку і тыражу нашай газеты. Як адзін з нямногіх стаўбчан, у чатыры-пяць раніцы ён ужо знаёміўся з самымі свежымі навінамі Стаўбцоўшчыны.

Можна называць і іншых нашых чытачоў, людзей сталых, шаноўных, і маладых, больш аматараў «праменеўскага» інтэрнэт-сайта, чым газеты ў папяровым выкананні. На Дні падпісчыка за пару гадзін іх было не менш за тры дзясяткі чалавек. Усе яны малайцы – адгукнуліся на наш заклік прыняць удзел у свяце падпісчыкаў. Увішна і з усмешкай абслугоўвалі кліентаў старшыя інструктары раённага вузла паштовай сувязі Ганна Радзіон і Таццяна Уласік. Большасць падпісчыкаў афармлялі падпіску на раёнку на трэці квартал, а некаторыя – адразу на шэсць месяцаў, на бліжэйшае паўгоддзе.

Ніводзін з нашых падпісчыкаў не пайшоў без сувеніра на памяць. Акрамя таго, у нас была магчымасць пагутарыць з кожным з іх, а ў іх – магчымасць выказаць свае прапановы і пажаданні. Мы любім усіх сваіх чытачоў і стараемся працаваць для іх у духу лепшых «праменеўскіх» традыцый. Традыцыйнае дапаўняе і новае, сучаснае. Так, чытачы паспелі заўважыць, што «Прамень» сёлетняй вясной «расцвіў» – стаў каляровы. Рэдакцыя будзе думаць і над тым, каб газета і далей заставалася тыражнай, даступнай для кожнага падпісчыка і прыносіла ў дом шчасце і дабрабыт.      

Па добрай традыцыі напрыканцы двухгадзіннай работы было разыграна пяць экзэмпляраў бясплатнай квартальнай падпіскі на нашу газету. Сярод падпісных абанементаў-«шчасліўчыкаў» аказаліся абанементы сем’яў стаўбчан: Мядзведзь (вуліца Багдановіча), Молчан (3-ці завулак Прытыцкага), Рабцэвіч (Энгельса, 6), Янчур (Камарова,  9) і Ларанковых (Таварная,13). Віншуем!

Паважаныя чытачы! Не забывайце, што ў чэрвені неабходна працягнуць падпіску на раённую газету на трэці квартал. Паспяшайцеся на пошту або звярніцеся да свайго паштальёна, пры жаданні вас гатовы абслужыць і дома.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *