Медыкам – пашана і павага

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

Напярэдадні Дня медыцынскага работніка ў раённым Цэнтры культуры прайшла ўрачыстасць, на якой былі ўшанаваны работнікі цэнтральнай раённай бальніцы, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, аптэчнай сістэмы раёна.

На ўрачыстасць былі запрошаны і ветэраны аховы здароўя, якія знаходзяцца цяпер на заслужаным адпачынку. Для іх стала радасцю сустрэцца з калегамі, паслухаць пра поспехі медыцынскай установы, палюбавацца на таленты – святочны канцэрт быў падрыхтаваны сіламі саміх медработнікаў.

Павіншавалі калег былы галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Станіслаў Лашук, былы загадчык аддзялення анестэзіі і рэанімацыі Станіслаў Цвірко, які выдатна выканаў і песню ў падарунак. Сваім талентам чытальніка парадавала публіку і ветэран Вялікай Айчыннай вайны, былая медсястра афтальмалагічнага аддзялення паліклінікі Ганна Клімаш. На сцэну падымаліся і іншыя ветэраны аховы здароўя, каб выказаць сваю радасць сустрэчы.

Майстэрства і прафесіяналізм усіх работнікаў аховы здароўя служаць гуманнай і адказнай місіі: клопату аб самым дарагім – жыцці і здароўі чалавека. Граматай галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ўзнагароджана загадчыца інфекцыйнага аддзялення Вольга Ярмоленка, падзякамі галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама – раённы педыятр Ірына Атрушкевіч, старшая медыцынская сястра неўралагічнага аддзялення Людміла Хвясевіч. Падзякамі раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджаны намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай часці Людміла Някрылава, загадчыца аддзела эпідэміялогіі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірына Пятровіч, старшая медсястра аддзялення анестэзіі і рэанімацыі Галіна Кожыч, медыцынская сястра траўматалагічнага кабінета паліклінікі Валянціна Любавецкая. Граматай Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя ўзнагароджана загадчыца аддзела гігіены раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Лойка, падзякай – галоўны бухгалтар раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Марыя Шукайла.

Хірург Дзмітрый Пляскач быў запрошаны на абласное свята медыцынскіх работнікаў і ўзнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Урачыстасць была ўпрыгожана канцэртнымі нумарамі ў выкананні медыцынскіх работнікаў. Усходні танец па-майстэрску выканала урач-стамалогаг Наталля Панамарова. А які выдатны песенны дуэт хірурга Юрыя Вярэмскага і медыцынскай сястры аддзялення анестэзіі і рэанімацыі Ганны Русак! Адкрыццём для калег стаў талент вакалісткі медыцынскай сястры хірургічнага аддзялення Наталлі Дзяргай. Спеўных спраў майстрыха аперацыйная сястра аддзялення пералівання крыві Кацярына Міцура. Медыкі былі на вышыні. Гэта аб’ядноўвала і тых, хто дарыў мастацкія нумары, і тых, хто іх слухаў.

А хтосьці ў гэтыя святочныя гадзіны быў на пасту – службу на сваіх рабочых месцах неслі ўрачы і медсёстры, прадстаўнікі іншых спецыяльнасцяў, без якіх не могуць абысціся медыкі. Высакародная праца медыцынскіх работнікаў, спалучаная з вялікай адказнасцю, ахвярнасцю, па праву карыстаецца заслужанай павагай і пашанай у людзей.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *