Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка

ШЧЫРУЮЦЬ МАЛАДЫЯ АГРАНОМЫ

ААТ «Жацерава» папоўнілася маладымі спецыялістамі, якія няблага спраўляюцца са сваімі абавязкамі. Прычым найбольш умацавалася кадрамі раслінаводчая галіна. Брыгадзірам паляводчай брыгады працуе Аліна Саванец (на здымку ў цэнтры). Аліна скончыла Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж і ўжо амаль два гады працуе на гэтай пасадзе. У склад брыгады, якую яна ўзначальвае, уваходзяць дзесяць чалавек. Людзі займаюцца зборам камянёў, загружаюць мінеральныя ўгнаенні, запраўляюць хімічныя сродкі абароны раслін, выконваюць і іншыя работы. Аліна расказвае, што работнікі ў яе добрасумленныя і працавітыя. Работа ж даволі цяжкая. Менавіта для яе – у тым плане, што прыходзіцца рана ўставаць і позна вяртацца дадому. Аднак дзяўчыне яе работа падабаецца. Ёсць магчымасць у будучым расці па кар’ернай лесвіцы, таму павышае свой агульнаадукацыйны ўзровень, вучыцца завочна ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.  Яўген Ляўковіч таксама выпускнік Ляхавіцкага каледжа, адразу пасля заканчэння якога ён паступіў на дзённае аддзяленне Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта і па размеркаванні быў накіраваны на працу ў сельгаставарыства. Яўген – гарадскі жыхар, з Баранавічаў. Прафесію выбраў свядома. Працуе аграномам-насенняводам ужо на працягу года. Работа адказная і патрабуе дакладных разлікаў. Аднак Яўгену па душы не папяровыя справы, а больш вабіць практыка. Была патрэба, ён і на трактары працаваў, выконваючы розныя работы.

Галоўны аграном Іна Леўкавец каардынуе работу маладых спецыялістаў. Іна Анатольеўна сама яшчэ, можна сказаць, нядаўна была маладым спецыялістам. Чатыры гады назад узначаліла раслінаводчую галіну. Мае дзве вышэйшыя адукацыі, без адрыву ад вытворчасці набыла другую прафесію – бухгалтара. У маладым асяроддзі ёй і працуецца лягчэй. Разам моладзь вырашае не толькі вытворчыя пытанні. Варта дадаць, што ў кагорце маладых аграномаў і Таццяна Лахавец, якая працуе аграномам-аграхімікам.

 

ПАЧАЎСЯ ДРУГІ ЎКОС

Восем сельскагаспадарчых таварыстваў прыступілі да другога ўкосу траў. Па стане на 22 чэрвеня было скошана звыш 430 гектараў сенажацяў. Гэтымі днямі да іх далучацца і астатнія, бо пасля дажджоў травы пайшлі ў рост. Ёсць спадзяванні, што другі ўкос (скошаныя плошчы пасля першага ўкосу ўслед падкормлівалі) будзе неблагім, што дазволіць гаспадаркам папоўніць запасы травяных кармоў. 

Пакуль што ў лідарах працаўнікі ААТ «Рубяжэвічы» і «Радзіма Якуба Коласа». У кожнай з гэтых гаспадарак на ўмоўную галаву жывёлы прыпадае звыш шасці цэнтнераў кармавых адзінак. Любкаўшчынскія корманарыхтоўшчыкі заклалі больш за іншых сенажу – 6308 тон. А рубяжэвіцкія працаўнікі насушылі і запрасавалі ў стрэйч-плёнку звыш 400 тон сена.

 

ЁСЦЬ СТЫМУЛ – БУДЗЕ ВЫНІК

Сельгаспрадпрыемствы раёна цяпер стараюцца прадаваць больш малака гатункам «экстра». Гэта дадатковы даход пры тых жа затратах. Апошнім часам палепшылася якасць малака ў ААТ «Агранёманскі». Штодзень найвышэйшым гатункам пастаўляецца перапрацоўшчыкам 10 тон малака, што складае 43 працэнты ад агульнай колькасці рэалізаванай прадукцыі.

– Асаблівую ўвагу якасці малака пачалі надаваць з прыходам новага кіраўніка, – гаворыць намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі Людміла Качановіч. – Уладзімір Міхайлавіч – заатэхнік па адукацыі, мае немалы вопыт работы ў жывёлагадоўчай галіне. Лягчэй стала працаваць і мне, бо цяпер можна параіцца з ім па любым вытворчым пытанні і знайсці выхад з любой сітуацыі, якая можа нечакана ўзнікнуць. Калі найвышэйшым гатункам раней у нас рэалізоўвалася прадукцыя толькі з МТФ «Дразды», то цяпер «экстру» адгружаюць жывёлаводы МТФ «Залужжа» і «Скамарошкі». Думаю, паправім справы ў даным накірунку і на астатніх трох фермах.

– Людміла Іванаўна, а якія прымаюцца захады для таго, каб малако адпавядала самаму высокаму гатунку?

– У жывёлагадоўчых памяшканнях стараемся падтрымліваць чысціню і парадак. Прытрымліваемся тэхналогіі даення ад «а» да «я». Даяркі абавязкова здойваюць першыя струмяні малака, дзе збіраецца большасць мікробаў, пламбіруюць саскі вымя пасля даення.  Сочым за ўтрыманнем саматычных клетак у малацэ – паказчык не павінен перасягаць 300. Малако правяраецца на наяўнасць саматычных клетак і антыбіётыкаў, вызначаецца яго тлустасць, шчыльнасць і кіслотнасць. Аналізы кожны дзень робіць лабарант Галіна Турко. Праводзім, згодна з тэхналогіяй, кантрольныя дойкі. Калі карова хворая, то малако доіцца асобна ў бачкі.

Своечасова мяняем фільтры, якія ўстанаўліваюцца на малакаправодах для ачысткі малака ад розных механічных прымесяў. Раней мы не звярталі на гэта ўвагі і не маглі дабіцца высокага выніку. Зараз усё наладзілася, закуплены новыя фільтруючыя элементы. А ў канчатковым выніку ўсё залежыць ад людзей, ад добрасумленнай працы аператараў машыннага даення і слесараў.

– Як жывёлаводы аднесліся да новых патрабаванняў?

– Спакойна, з разуменнем. На сходзе мы пагутарылі з людзьмі, абмеркавалі ўсе пытанні. Расказалі, наколькі палепшыцца эканамічная сітуацыя ў гаспадарцы, калі малако будзем прадаваць гатункам «экстра». Адначасова вышэйшымі стануць іх заробкі. І жывёлаводы ўжо гэта адчулі, калі атрымалі заработную плату. А значыць, ёсць стымул працаваць і даіць малако найвышэйшым гатункам.

– Людміла Іванаўна, на якасць малака аказваюць уплыў таксама кармы і кармленне, у значнай ступені залежыць яна і ад умоў утрымання жывёлы.

– Нашы корманарыхтоўшчыкі стараюцца нарыхтоўваць якасныя кармы, а каб яны захоўваліся паўнацэннымі, у гаспадарцы сёлета будуюцца новыя сянажна-сіласныя траншэі. У планах зрабіць кармленне жывёлы поўнасцю механізаваным. На МТФ «Залужжа» будуць узведзены жывёлагадоўчыя памяшканні пад беспрывязное ўтрыманне дойнага статка колькасцю 600 галоў з устаноўкай даільнай залы. А таксама праведзены рэканструкцыі, якія дазволяць укараняць новыя тэхналогіі. Задум нямала, галоўнае, каб яны ажыццявіліся.

 

З БЮДЖЭТНАЙ ПАДТРЫМКАЙ

Старшынёй аблвыканкама Сямёнам Шапірам была пастаўлена задача пабудаваць у кожнай гаспадарцы новыя сянажна-сіласныя траншэі. Бо вельмі важна не толькі своечасова ўбраць травы, затрамбаваць іх, а і захаваць закладзеныя кармы паўнацэннымі.

На малочнатаварных фермах сельгаставарыстваў нашага раёна сёлета запланавана ўзвесці 60 такіх аб’ектаў. Пятнаццаць траншэй ужо пабудавана. Больш за іншых – у ААТ «Вялікі Двор» (тры). У іх будуць закладваць кукурузны сілас. Па дзве – у ААТ «Агранёманскі» і «Рубяжэвічы». А ўвогуле, большая палова сянажна-сіласных траншэй ужо зманціравана, застаецца заліць бетонную падлогу. Выкананне задання па будаўніцтве траншэй поўнасцю выключыць захоўванне травяных кармоў у буртах і павялічыць іх пажыўнасць.

Аблвыканкамам аказваецца бюджэтная падтрымка гаспадаркам.

 

ЗАКЛАДВАЮЦЦА НАСЕННІКІ

Для перазалужэння сенажацяў і пашаў сельгаставарыствам раёна сёлета неабходна закласці 600 гектараў насеннікаў шматгадовых траў. Пакуль што пасеяна  335 гектараў, або 59 працэнтаў, што ніжэй за сярэднеабласны паказчык. Найбольшы аб’ём работ выкананы ў ААТ «Агранёманскі», дзе на чатырох гектарах размясціўся і новы від травы – аўсяніцы трыснёгападобнай. У ААТ «Дзераўное» на 11 гектарах пасеяна канюшына паўзучая (белая), прыдатная для стварэння шматкампанентных пашаў. У ААТ «Жацерава» парупіліся набыць і закласці насеннікі канарэечніку і кастрацу безасцюковага.  Паспяхова гэтая работа вядзецца ў ААТ «Шашкі». Аднак пакуль што не заклалі ніводнага гектара  на насенне ААТ «Радзіма Якуба Коласа» і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс».

Сёлета ў гаспадарках запланавана ўбраць на насенне 400 гектараў шматгадовых траў, якія былі закладзены дзеля гэтых мэт у мінулыя гады. А іменна, 167 гектараў бабовых, дзе пераважае канюшына лугавая, і 167 – злакавых, у асноўным цімафееўкі. Сярод іншых траў і фестулоліум, вырошчванню якога надаецца зараз немалая ўвага. Адпаведна дванаццаць, дзесяць і шэсць гектараў абмалоцяць яго на насенне ў ААТ «Жацерава», «Агранёманскі»і «Каганец».

 

ЛЮДЗЯМ ЗРУЧНА І ЦЯЛЯТАМ КАМФОРТНА

У ААТ «Рубяжэвічы» на трох малочнатаварных фермах – «Новыя Рубяжэвічы», «Вялікія Навікі» і «Русакі» – пабудаваны прафілакторыі для ўтрымання цялят першага месяца жыцця. Захаванасць маладняку, які тут утрымліваецца, добрая. Драўляныя збудаванні маюць выхады з індывідуальных клетак як унутры, так і на вуліцу. Маладняк буйной рагатай жывёлы сам выбірае, дзе яму больш камфортна. Да таго ж, зручна стала працаваць жывёлаводам. 

– Мы стварылі людзям належныя ўмовы для догляду цялят – расказвае галоўны заатэхнік Анатолій Глухараў. – Цяпер у любое надвор’е яны могуць прыйсці сюды і без праблем напаіць цялят. Пабудуем такі ж прафілакторый на МТФ «Гнецькі».

Выконвае ўсе будаўнічыя работы ў гаспадарцы будаўнічая брыгада, у склад якой уваходзяць каля дзесяці чалавек.

 

РАМАНТУЕЦЦА ТЭХНІКА

На сенажацях сельгаставарыстваў працягваецца сенакосная пара, а ў майстэрнях пачалася работа па падрыхтоўцы збожжаўборачных камбайнаў да жніва. Прыступілі да рамонту працаўнікі ААТ «Рубяжэвічы», «Каганец», «Агранёманскі», «Вялікі Двор», «Жацерава»,»Шашкі», Радзіма Якуба Коласа», «Рочавічы». Да 10 ліпеня камбайны павінны стаяць на лінейцы гатоўнасці.

Адначасова рыхтуюцца да прыёму ўраджаю збожжасушыльныя комплексы. Набіраецца абслуговы персанал. У адпаведнасці з пададзенымі заяўкамі, восем  чалавек будуць накіраваны на вучобу ў сталічны Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў. ЗАТ «Стаўбцоўскае райаграпрамэнерга» праводзіць электрычныя вымярэнні і выпрабаванні электраабсталявання комплексаў паводле графіка. Рыхтуецца распараджэнне аб прыцягненні да ўборачнай механізатараў з прадпрыемстваў і ўстаноў горада і раёна.

Матэрыялы падрыхтавала Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *