Нагляд

Ахова правапарадку Нумары

image_pdfimage_print

НА ВАРЦЕ ЗАКОННАСЦІ

26 чэрвеня ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца Дзень работнікаў пракуратуры. Ва ўсе часы пракуратура стаяла і стаіць на варце законнасці і правапарадку, абароне інтарэсаў грамадзян. І цяпер перад пракуратурай нашай краіны стаяць яшчэ больш маштабныя задачы. Перш за ўсё, гэта каардынацыя ўсіх зацікаўленых органаў і арганізацый па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, захаванні канстытуцыйных правоў і выкананні патрабаванняў заканадаўства аб зваротах грамадзян; нагляд за захаваннем заканадаўчых нормаў у развіцці прадпрымальніцтва і дзелавой ініцыятывы. На пракурора ўскладзены нагляд за выкананнем законаў органамі, якія ажыццяўляюць крымінальнае праследаванне, нагляд за адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па крымінальных і грамадзянскіх справах і справах аб адміністрацыйных правапарушэннях. У выпадках, прадугледжаных крымінальна-працэсуальным законам, пракурор ад імя дзяржавы ажыццяўляе крымінальнае праследаванне, падтрымлівае дзяржаўнае абвінавачванне. Ад дзейнасці органаў пракуратуры залежаць узровень выканання актаў дзеючага заканадаўства, стан прававой свядомасці і прававой культуры грамадства.

Пракуратуру раёна ў розны час узначальвалі І. Т. Мацюхін, Ф. А. Анановіч, А. Т. Кузьмянкоў, Г. П. Аляксандраў, В. Г. Дземідовіч, М. М. Насечанка, А. А. Падвойскі, М. І. Пілінкевіч, С. В. Мяцельскі, У. І. Ягадзінскі, В. А. Іскрыцкі.

Цяпер пракуратура Стаўбцоўскага раёна складаецца з чатырох аператыўных работнікаў, якія маюць вышэйшую адукацыю. Гэта пракурор, намеснік пракурора Л. В. Мядзведзь, памочнікі пракурора А. І. Кутас і Д. С. Анішчук. Загадвае канцылярыяй А. А. Біёнчык, вадзіцелем працуе Д. М. Белановіч.

У пракуратуры раёна працуюць кваліфікаваныя юрысты, якія не шкадуюць сіл і не лічацца са сваім часам, у любы момант гатовы стаць на абарону правоў і інтарэсаў грамадзян. Пракурорам раёна пры арганізацыі работы выкарыстоўваецца спалучэнне маладосці і вопыту супрацоўнікаў. Арганізаванасць і адказныя адносіны да справы дазволілі дабіцца пэўных поспехаў ва ўмацаванні законнасці па паднагляднай дзейнасці.

З прафесійным святам віншую супрацоўнікаў і ветэранаў пракуратуры. Асаблівую ўдзячнасць неабходна выказаць старшыні райвыканкама Ю. М. Горлаву і старшыні раённага Савета А. Р. Казякоўскаму, старшыні суда раёна В. І. Тулейку і ўсім суддзям, начальніку РАУС І. А. Мамайку і начальніку РА Следчага камітэта М. М. Скрыгану, іх намеснікам і многім іншым, ва ўзаемадзеянні з якімі пракуратуры раёна ўдаецца дасягаць станоўчых вынікаў у дзейнасці па наглядзе за законнасцю і правапарадкам.

Сяргей ГРЫЦУК, пракурор Стаўбцоўскага раёна

 

ПАТРУЛЬ НА НАЧНОЙ ВУЛІЦЫ

Пераважная большасць злачынстваў, якія ўчыняюцца ў грамадскіх месцах, фіксуецца на тэрыторыі Стоўбцаў у вячэрні і начны час. А найбольш – у раёне вуліц Міру, Свярдлова, Энгельса і, часткова, Калгаснай.

Злачынствы адбываліся пераважна на вуліцах, аднак здараюцца і ў кафэ-барах, пад’ездах дамоў, на аўтастаянках і – што вельмі дзіўна – нават на могілках.

За першы квартал бягучага года колькасць злачынстваў у грамадскіх месцах вырасла ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам на 80 працэнтаў (з 10 да 18-ці). Толькі ў 11-ці злачынствах з 18-ці ўстаноўлены тыя, хто іх учыніў. Рост злачынстваў адбыўся за кошт крадзяжоў маёмасці, сярод якой – грошы, веласіпеды, магнітола, камп’ютар і т. п. Пяць злачынстваў былі ўчынены ў стане алкагольнага ап’янення, чатыры – раней судзімымі.

Для стабілізацыі крымінагеннай абстаноўкі на тэрыторыі раёна практыкуецца выстаўленне ў начны час пешых і аўтапатрулёў у грамадзянскай форме. Акрамя таго, праводзілася спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Правапарадак», падчас якога нясенне службы ажыццяўлялася ў тры змены. Узмоцнены кантроль быў наладжаны за асобамі, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку. Работнікі міліцыі арганізоўвалі рэйды ў нядобранадзейныя сем’і, абследавалі рэстараны і бары, дыскатэкі і дваровыя тэрыторыі.

Наведванне аб’ектаў аграпрамысловага комплексу і кантроль за нясеннем службы вартаўнікамі выявіў пяць фактаў знаходжання работнікаў на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў «Рубяжэвічы», «Дзераўное», «Жацерава», «Вішнявецкі-агра» ўнесены, згодна з Законам «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў», прадстаўленні аб ухіленні прычын і ўмоў, што садзейнічаюць учыненню правапарушэнняў. У ходзе адпрацоўкі Рубяжэвіцкага сельсавета выяўлены факт рэалізацыі спірту.

Усяго падчас «Правапарадку» складзена 62 адміністрацыйныя пратаколы, у тым ліку 39 – за распіванне алкагольных напіткаў або з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы, 9 – за дробнае хуліганства, 3 – за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей, 3 – за ўцягванне непаўналетняга ў антыграмадскія паводзіны і інш.

Юлія БЕЛАВУСАВА, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі

 

АДКАЗНАСЦЬ АБАВЯЗАНЫХ АСОБ

З 28.01. 2015 унесены змяненні ў прававую норму, звязаную з адказнасцю бацькоў за ўхіленне ад спагнання выдаткаў, што затрачваюцца на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні (ч. 2 арт. 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Новая рэдакцыя артыкула прадугледжвае адказнасць бацькоў за ўхіленне ад кампенсацыі выдаткаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзіліся на дзяржаўным забеспячэнні раней.  

Да ўнясення змяненняў да крымінальнай адказнасці маглі быць прыцягнуты вінаватыя асобы, якія ўхіляюцца ад кампенсацыі дзяржаве выдаткаў на ўтрыманне дзяцей, якія не дасягнулі паўналецця. Пасля змяненняў да крымінальнай адказнасці ўжо прыцягваюцца абавязаныя асобы і ў тым выпадку, калі дзеці, якія раней знаходзіліся на дзяржаўным забеспячэнні, дасягнулі паўналетняга ўзросту, але засталася запазычанасць па выдатках на карысць дзяржавы.

Нагадаем, што ўхіленне бацькоў ад спагнання выдаткаў, што затрачваюцца дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні, выражаецца ў няяўцы на работу 10 і больш рабочых дзён на працягу трох месяцаў, а таксама ў скрыванні або заніжэнні імі памеру заработнай платы і прыроўненых да яе даходаў, ва ўхіленні ад працаўладкавання паводле судовай пастановы на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне. Крымінальная адказнасць за згаданыя парушэнні можа быць вызначана ў выглядзе грамадскіх работ, выпраўленчых работ да двух гадоў, арышту да трох месяцаў, абмежавання волі да трох гадоў або пазбаўлення волі да аднаго года.

Ларыса МЯДЗВЕДЗЬ, намеснік пракурора раёна

 

АБЕД З МНОГІМІ НЕВЯДОМЫМІ

Пры наведванні рэстарана «Нёман» выяўлены шэраг парушэнняў нормаў і правілаў пажарнай бяспекі.

З сур’ёзных недахопаў варта адзначыць адсутнасць сістэмы аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі і сістэмы апавяшчэння людзей аб пажары, а таксама дымапранікальнасць дзвярэй лесвічных клетак і памяшканняў. Вялікая колькасць і парушэнняў рэжымнага характару, большасць якіх датычыць электразабеспячэння. Так, эксплуатуюцца электрычныя разеткі з пашкоджанымі карпусамі, часовыя электрасеткі – з пашкоджанымі ўчасткамі ізаляцыі. Дапускаецца пракладка электраправодкі ўнізе па дзвярным праёме, перавышэнне дапушчальнай токавай нагрузкі сеткі і электраразеткі (да прыкладу, праз трайнік падключаны разам  халадзільнікі і электрачайнік) і т. п. У кандытарскім цэху дэманціраваны пажарныя апавяшчальнікі, а сцены і столь лесвічнай клеткі абшыты панэлямі ПВХ з невядомымі паказчыкамі пажарнай бяспекі.

Даныя факты сведчаць аб адсутнасці кантролю з боку кіраўніцтва і службовых асоб райспажыўтаварыства за захаваннем пажарнай бяспекі на падведамасных аб’ектах. Неаднаразова пры правядзенні маніторынгаў інспекцыяй нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з пракуратурай раёна ўказвалася на неабходнасць ухілення парушэнняў, былі прапанаваны канкрэтныя мерапрыемствы і тэрміны для нармалізацыі пажарнай бяспекі. Аднак станоўчай тэндэнцыі не назіраецца. Кіраўніку райспажыўтаварыства ўнесена патрабаванне аб забароне эксплуатацыі рэстарана «Нёман».

Таццяна ТАРАСЕВІЧ, інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях

 

АБСЛЕДАВАННІ Ў ЛІТВЕ

На Стаўбцоўшчыне працягваюцца абследаванні элетраправодкі ў дамах адзінокіх і адзінока пражываючых састарэлых вяскоўцаў. На гэты раз яны прайшлі ў Літвенскім і Дзераўнянскім сельсаветах.

З мэтай папярэджання пажараў і няшчасных выпадкаў таксама не абыдзены ўвагай дамы, у якіх пражываюць удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, інваліды І і ІІ груп, шматдзетныя сем’і. Сустракаючыся з вяскоўцамі, інспектары звяртаюць увагу на выкананне домаўладальнікамі мераў бяспекі пры карыстанні электраэнергіяй. Больш чым 30-ці домаўладальнікам былі выдадзены прадпісанні. Згодна з заканадаўствам, на ўхіленне парушэнняў даецца адзін месяц.

Абследаванні паказваюць, што найбольшую патрэбу ў дапамозе, у тым ліку і з боку органаў мясцоваў улады, маюць адзінока пражываючыя састарэлыя і  нядобранадзейныя сем’і. У многіх дамах гэтых грамадзян выкарыстоўваецца электраправодка, якая адслужыла свой век і патрабуе замены, дапускаецца злучэнне правадоў метадам скручвання. Нельга закрываць вочы і на няспраўнасці пячнога ацяплення, пажарных апавяшчальнікаў.

Павел ГАЛАВАЧЭНКА, дзяржінспектар Стаўбцоўскага МРА «Энерганагляд»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *