Звышмарафон з цікавымі сустрэчамі

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

Трасы міжнародных лёгкаатлетычных прабегаў не мінаюць нашу Стаўбцоўшчыну штогод. Але гэтая сустрэча са спартсменамі асабліва памятная. Па-першае, прысвечана іх шчыраванне 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Адметна і тое, што ў лёгкаатлетычным звышмарафоне ўдзельнічалі зусім юныя спартсмены ва ўзросце да 16 гадоў. Дэвіз ясны і заклікальны: «Я выбіраю спорт!» Асноўныя задачы прабегу яшчэ шырэйшыя. Як пазначана ў прэс-рэлізе, гэта патрыятычнае, духоўнае і фізічнае выхаванне дзяцей і моладзі, умацаванне гістарычных брацкіх сувязяў народаў Беларусі і Расіі.

Старт звышмарафону быў дадзены 30 мая на Краснай плошчы ў Маскве. Наказ юным спартсменам давалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, славутыя алімпійцы, палітычныя і грамадскія дзеячы. На этапах прабегу па дарогах Падмаскоўя адметным стала наведаванне музея-запаведніка «Барадзінскае поле». Удзельнікі марафону з узгорка, на якім размешчана легендарная батарэя Раеўскага, узялі жменьку зямлі, каб даставіць яе ў Брэсцкую крэпасць. Такая вось повязь часоў, гераічнай памяці агульнага змагання нашых народаў за свабоду і незалежнасць.

Далей шлях пралягаў праз Смаленск. 6 чэрвеня юныя марафонцы са старэйшымі інструктарамі ўступілі на тэрыторыю Беларусі. Орша – Магілёў – Бабруйск – Слуцк – Нясвіж – Івацэвічы – Кобрын. І нарэшце Брэст, легендарная крэпасць-герой. А на наступны дзень, 14 чэрвеня, спартсменаў чакалі ў Стоўбцах.

Сардэчная сустрэча на мяжы раёна. Прабег па вуліцах горада і хвалюючая ўрачыстасць на плошчы Бессмяротнасці. Даніна памяці – удзельнікі забегу прыкленчылі, схілілі галовы перад помнікам воінам-вызваліцелям і партызанам, стэламі, дзе высечаны на камені імёны рускіх, беларусаў, украінцаў – сыноў розных народаў, якія загінулі за мірнае неба, наша шчасце.

Гутарым са старшынёй аргкамітэта міжнароднага гісторыка-патрыятычнага дзіцяча-юнацкага лёгкаатлетычнага прабегу Сяргеем Супрунюком. Ён знаёміць з гісторыяй гэтай уражальнай акцыі. Марафонскія прабегі, мэтай якіх з’яўляюцца і патрыятычнае выхаванне, і прапаганда здаровага ладу жыцця, праводзяцца ўжо амаль 20 гадоў. Маршруты розныя, але часцей яны пралягалі праз братнюю з расійскім народам Беларусь. Удзельнічалі ў іх і вядомыя спартсмены, і моладзь, як і сёлета. Звычайна гэта прадстаўнікі не толькі Масквы і сталічнай вобласці, але і іншых рэгіёнаў Расіі. Колькасны састаў – 30 рабят і 14 спартсменаў, трэнераў. Вядома, адолець такую працяглую адлегласць, як цяпер – з Брэста да Стоўбцаў, толькі бягом немагчыма. І таму частку шляху ўдзельнікі едуць у транспарце суправаджэння.

Не проста вытрымаць юнакам і дзяўчатам такі шлях. Кіраўнік праекта з гэтым згаджаецца. І дадае, што падбіраюцца сапраўдныя энтузіясты, якія хочуць на справе паказаць, што іменна спартыўнае шчыраванне, актыўны лад жыцця безальтэрнатыўныя для развіцця, выхавання моладзі. А колькі ўражанняў ад сустрэч з цікавымі людзьмі, знаёмстваў. І заўсёды цёплы прыём, як і тут, у Стоўбцах. Дарэчы, у прабегу ўдзельнічае і малодшая дачка кіраўніка, якой няма яшчэ і шасці гадоў.

Валерыю Капралаву, па прафесіі псіхолаг, які суправаджае групу, бяжыць з усімі працяглыя дыстанцыі, – ужо каля 70. І ён падкрэслівае важнасць спартыўных заняткаў, якія ўмацоўваюць і здароўе, і характар.

Пасля адпачынку ў Стоўбцах марафонцы накіраваліся ў Мінск. Фініш ва ўрачыстай абстаноўцы адбыўся на плошчы Перамогі.

Ф. БАНДАРОВІЧ

 

ЮРЫСТ СПРАЎНЫ І НА ВЕЛАСІПЕДЗЕ

З двума дыпломамі па выніках асабістага заліку вярнулася з ІІІ Рэспубліканскай спартакіяды работнікаў сістэмы Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь прадстаўніца Стаўбцоўшчыны – начальнік аддзела прымусовага выканання Вольга Часноўская.

Першы дыплом уручаны Вользе за тэхніку веласіпеднага турызму, другі – за тэхніку пешаходнага турызму (ён уключаў у сябе паласу перашкод, пераправу па канаце і т. п.). У абодвух названых відах спаборніцтваў Вольга заняла трэцяе месца. Дарэчы, такое ж прызавое месца заняла і зборная каманда юрыстаў Мінскай вобласці, у складзе якой Вольга выступала.

Вярнуўшыся пасля выхадных з Брэстчыны, з турысцкай базы «Белае возера», дзе праходзілі сёлета спаборніцтвы, Вольга Часноўская падзялілася:

– У падобных спартакіядах бяру ўдзел ужо трэці раз і вяртаюся заўсёды з прызавымі месцамі. Настрой у мяне цудоўны, наступны раз ёсць жаданне замахнуцца на першае месца.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

СА ШМАТБАКОВЫМ УМЕННЕМ

«Гэты год паспяховы для юных стаўбцоўскіх лёгкаатлетаў», – мае рацыю, калі так гаварыць, трэнер ДЮСШ Анатоль Турчановіч. І ў дасягненнях здатных нашых спартсменаў яго плённая праца.

Рахунак лёгкаатлетычнаму вяснова-летняму сезону падвялі старты юнакоў і дзяўчат на абласных спаборніцтвах у Жодзіне. Тут патрабавалася паказаць сваё ўменне адразу ў некалькіх дысцыплінах. Праграма пяцібор’я для дзяўчат уключала ў сябе бег на 60 метраў з бар’ерамі і 800-метровую дыстанцыю. А таксама скачкі ў вышыню і даўжыню, затым штурханне ядра. Хлопцам да гэтых жа відаў спорту дабаўлялася кіданне кап’я, а кросавай была кіламетровая адлегласць.

Нашы юныя спартыўныя надзеі з задачай справіліся. Лепшыя вынікі ў асобных відах спартыўнай праграмы паказалі Карына Уліч, Данііл Нашчынец. Прызавыя месцы занялі Яўген Грышан, Вера Бець, Маша Абрамовіч, Улад Мілашэўскі. У агульную капілку прынеслі заліковыя ачкі Карына Татэвасян, Андрэй Ліпніцкі, Віталій Галубец. І ў выніку – трэцяе агульнакаманднае месца. Прызавыя дыпломы – выдатная адзнака ўмення і юных спарстменаў, і іх трэнераў Анатоля Турчановіча, Андрэя Вяршыны, Вольгі Ярашэвіч.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *