І старажытнае японскае мастацтва

Год моладзі Нумары

image_pdfimage_print

Хобі – гэта занятак па душы і для душы. Многія з нас займаюцца менавіта тым, што ім падабаецца рабіць і прыносіць задавальненне. У вучня Рубяжэвіцкай сярэдняй школы Андрэя Какошына яшчэ ў дзесяцігадовым ўзросце з’явілася жаданне майстраваць вырабы з розных матэрыялаў. З гэтай нагоды ён і ў школьны гурток запісаўся. На пытанне, што да гэтага падштурхнула, адказаў, што проста захацелася. Хлопчыкаў звычайна прыцягвае метал, дрэва, а Андрэй схіляўся да больш дзявочага занятку. Яму падабалася працаваць з паперай, бісерам, каляровым дроцікам і т. п. Калі гурток распаўся, Андрэй працягваў майстраваць самастойна. Балазе, пад рукой інтэрнэт. Паступова ён асвоіў некалькі відаў мастацтваў, сярод якіх старажытныя і традыцыйныя японскія – квілінг, арыгамі і канзашы. Вырабленыя яго рукамі рэчы ўпрыгожваюць хатнія пакоі. Андрэй беражліва знімае з паліц і паказвае сваю калекцыю, падкрэсліваючы пры гэтым, што тут сабрана далёка не ўсё. Многае са зробленага падорана сябрам і знаёмым. Уражваюць пры гэтым прыгожа аформленыя віншавальныя паштоўкі, букецікі папяровых кветак у карзінах і маленькія дрэўцы з каляровай фольгі і дроціку ў вазонах. 

Можна толькі падзівіцца фантазіі Андрэя. Узяць, напрыклад, шкатулку (хлопчык трымае яе ў руках). Яна зроблена з вокладак дзвюх кніг, а на накрыўку наклеены розныя прадметы, якія стварылі даволі цікавую і неардынарную кампазіцыю. Тэмы  Андрэй чэрпае звычайна ў інтэрнэце. Нешта дадумвае сам. Ёсць у хлопчыка цярпенне і ўседлівасць. А галоўнае – жаданне і цяга.  Можна сказаць, што ён проста апантаны гэтай справай.

Многае хлопчык робіць з падручных сродкаў, а для вырабаў па тэхналогіі канзашы неабходны спецыяльны матэрыял. Спонсарам тут выступае тата, які купляе яму атласныя стужкі і шоўк. Зробленыя з іх заколкі і брошкі пабачылі на свае вочы. Глядзяцца вельмі прыгожа – проста ювелірнае майстэрства.

– Мне зусім няцяжка зрабіць любую рэч, – гаворыць Андрэй. – Дастаткова толькі асвоіць саму тэхналогію. Як толькі выпадае свабодная хвілінка, саджуся за работу.

І можа праседжваць гадзінамі.  Бацькі не перашкаджаюць яго занятку, а наадварот адносяцца з разуменнем і павагай. Задаволены, што сын пры справе і праводзіць час з карысцю для сябе. Займаецца Андрэй і дэкарыраваннем бутэлек каляровай соллю. Адным словам, паспрабаваў зрабіць усё, што ўбачыў. І галоўнае – атрымліваецца выдатна. А яшчэ хлопчык добра малюе. Дар унаследаваны па бацькоўскай лініі. Толькі пакуль захапленне іншымі мастацтвамі над гэтым пераважае. Андрэй сёлета скончыў дзевяць класаў і пакуль што не задумваўся над выбарам прафесіі, працягне вучобу ў школе. Але думаецца, што яго занятак у будучым будзе абавязкова звязаны з мастацтвам.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *