Навіны Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

Абнаўленні заўсёды радуюць, асабліва калі гэта датычыць рабочага месца, абсталявання, магчымасці для павышэння прадукцыйнасці працы. З добрым рабочым настроем працуе за новым дрэваапрацоўчым станком на Навасвержанскім лесазаводзе станочнік Віктар Парфенчык.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

БУДУЦЬ НАВАСЕЛЛІ

Як і планавалася, сёлета ў чэрвені ў Стоўбцах здадзены ў эксплуатацыю першы жылы дом, пабудаваны паводле дзяржаўнага заказу.

Яшчэ не так даўно гэта быў аб’ект па вуліцы Міру, на якім гаспадарыла генпадрадная арганізацыя – ПМК-233. Неўзабаве замест будаўнікоў з’явяцца ў 60-кватэрным доме жыльцы-навасёлы – сем’і, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Як адзначыла начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Таццяна Юнцэвіч, папярэдне кватэры ўжо размеркаваны паміж шматдзетнымі і іншымі сем’ямі, цяпер яны павінны заключыць дагавор куплі-продажу кватэры.

Паводле апошніх даных, у Стоўбцах маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў 1 445 сем’яў. Сярод іх 84 сям’і – шматдзетныя, 135 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і маюць першачарговае права на будаўніцтва жылля з дзяржаўнай падтрымкай.      

– На даны момант праектуем для «першачаргавікоў» два жылыя дамы – 60-кватэрны і 120-кватэрны, – расказаў пра перспектыву дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «УКБ Стаўбцоўскага раёна» Мінаблвыканкама Мікалай Мармузевіч.        

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ДАСТАТКОВА ЎКЛЮЧЫЦЬ НОЎТБУК

Згодна з даручэннем і па ініцыятыве старшыні райвыканкама напрыканцы мая адзінаццаць сельскагаспадарчых таварыстваў раёна падключыліся да паслугі Белтэлекам «Відэаканферэнцсувязь». Гэтая тэхналогія, як сродак зносін, дазваляе яе карыстальнікам бачыць і чуць адзін аднаго, весці размову ў рэжыме рэальнага часу. Такім чынам дырэктарам таварыстваў цяпер не трэба ехаць на сумесную нараду ў райцэнтр, дастаткова ўключыць ноўтбук. А гэта значыць, эканоміцца рабочы час кіраўніка, што актуальна падчас напружаных палявых кампаній. Дарэчы, відэасувяззю гаспадарак могуць карыстацца, што і пажадана, супрацоўнікі сельвыканкамаў і  падраздзяленняў райвыканкама. Два гады даная тэхналогія (устаноўлена адпаведнае абсталяванне) прымяняецца ў раёне для сувязі з аблвыканкамам. Падчас такіх відэаканферэнцый у зале пасяджэнняў праводзяцца і прэзентацыі.

 

БОНУС – З КАТАЛОГА

Пошта прапануе набыць тавары беларускіх вытворцаў праз каталог, выпушчаны спецыяльна для пераліку айчынных тавараў. Сярод іх нямала так званых брэндавых, папулярных сярод пакупнікоў, і тых, пра якія мы пакуль яшчэ недастаткова ведаем. У каталогу прадстаўлены разнастайны асартымент: панчохі, шкарпэткі, абутак, вопратка, парфумерыя, гардзіны, абрусы, падушкі з авечай воўны, канцылярскія прылады, спартыўны інвентар, бытавая тэхніка і т. п.

– Зрабіць заказ з каталога можна ў гарадскім аддзяленні і ва ўсіх сельскіх аддзяленнях сувязі, – заўважае намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Марына Петух і падкрэслівае наяўнасць пры гэтым бонуса: – «Пры заказе на суму, большую чым 300 тысяч рублёў, перасылка тавару бясплатная».

На даны момант актыўна выкарыстоўвае магчымасці гандлю паводле каталога Літвенскае аддзяленне паштовай сувязі. Кожны заказ, зроблены вяскоўцамі,  уключае 5-6 найменняў тавару. Відавочна, што такі гандаль зручны для вяскоўцаў, але, калі глядзець шырэй, то служыць ён і дзяржаўным інтарэсам, бо ва ўсіх кропках нашай краіны папулярызуе сваіх, беларускіх, вытворцаў, і тавары высокай якасці.

Пр

 

«ЧЫПАЛІНА» НА ПОЛІ

На Стаўбцоўшчыне пачаў работу яшчэ  адзін сельскагаспадарчы студатрад – у ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», заняты на праполцы цыбулі.

Атрад складаецца з вучняў гарадскіх школ,16-гадовых дзяўчат і хлопцаў. Прадпрыемства дастаўляе іх з горада на цыбульныя палеткі сваім транспартам. У школьнікаў, як і прадугледжана працоўным заканадаўствам, рабочы дзень не перавышае сямі гадзін. Кіраўніцтва прадпрыемства абяцае школьнікам нядрэнны заробак – да 200 000 рублёў у дзень. Калі ўлічыць, што атрад будзе дзейнічаць на працягу дзесяці дзён, то ёсць магчымасць падзарабіць.

– Вучні працуюць на праполцы цыбулі, таму мы назвалі іх атрад «Чыпаліна» – па аналогіі з сімпатычнымі героямі казак Джані Радары, якія насілі імёны рознай гародніны, – дадае першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская.

Прадпрыемства выказала зацікаўленасць у дапамозе школьнікаў і падчас уборкі ўраджаю цыбулі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ПА ДОБРАЙ ТРАДЫЦЫІ

Каманда «Нёман-Агра» не здрадзіла добрай традыцыі – на сваім полі радаваць балельшчыкаў багаццем галоў. На гэты раз пераканаўчая перамога з лікам 6:2 была здабыта над футбалістамі з Крупак. Двойчы вызначыўся Аляксей Рудзянок, галы таксама на рахунку Дзмітрыя Даўбейкі, Аляксандра Палешчука, Максіма Шкураценкі і Рамана Дурко.

Перамог дабіліся і асноўныя канкурэнты – «Колас» з Чэрвеньскага раёна і ФК «Старыя Дарогі». «Колас» з 16 ачкамі займае цяпер пазіцыю лідара ў першынстве вобласці, у стаўбчан і старадарожцаў па 15 ачкоў. Цяпер нашы выязджаюць у Дзяржынскі раён, каб сустрэцца з ФК «Валько». Барацьба за чэмпіёнскі тытул толькі разгараецца.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *