Дапытлівыя і старанныя

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Аляксандр і Сяргей Віцько – дваюрадныя браты. Працуюць разам газаэлектразваршчыкамі ў СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» звыш дваццаці гадоў. Абодва дапытлівыя, з рацыяналізатарскай жылкай. У працы адзін аднаму дапамагаюць. Перш чым выканаць даручанае заданне, абавязкова параяцца, як лепш зрабіць. І глядзіш, ужо нешта прыдумалі. Зварваюць, толькі іскрынкі ляцяць. На работу братоў ні з боку кіраўніцтва, ні з боку механізатараў ніколі няма нараканняў – заўжды роўненька зварныя швы выводзяць. Яно і зразумела, бо вопыт работы вялікі. Ды і не могуць яны інакш. Заўжды стараюцца, каб потым не было сорамна за сваю работу.

Аляксандр Міхайлавіч (на здымку злева) першым прыйшоў у гаспадарку пасля заканчэння Навасвержанскага вучэбна-вытворчага камбіната, а праз некалькі гадоў «склаў яму кампанію» і брат. Сяргей Сяргеевіч, можна сказаць, пайшоў па слядах брата. Так яны ў пары і шчыруюць. Мянялася кіраўніцтва, мяняліся назвы, але гэты дуэт заўжды заставаўся нязменным.  

– Мы робім усе зварныя работы, якія нам даручаюць, – сказалі браты Віцько, – а іх у нас ніколі мала не бывае. Як прыедуць хлопцы з поля, а ўсякае здараецца, бо і метал не заўжды вытрымлівае напружанне, то хутчэй бягуць да нас. Каб зрабілі тэрмінова, бо кожнаму хочацца ў гарачую пару зарабіць грошай. Нярэдка прыходзіцца і затрымлівацца дапазна.

За час сваёй працы Аляксандр і Сяргей Віцько вярнулі да жыцця нямала тэхнікі. Напрыклад, сабралі поўнасцю, літаральна з металалому, раскідвальнік мінеральных угнаенняў.  Печ ацяплення ў майстэрні зрабілі. Прычым  паўдзельнічалі ў гэтым не толькі як зваршчыкі, а і свае слушныя парады далі. Шмат іншых прапаноў унеслі, якія можна назваць рацыяналізатарскімі. Сёлета падчас першага ўкосу траў змайстравалі прычэп-«шаланду» для перавозкі травяных кармоў. У прыватнасці, сянажных рулонаў, чым сэканомілі гаспадарцы немалыя грошы.

– У нас стаяў пад плотам стары прычэп, на якім раней салому вазілі, – патлумачыў Аляксандр Міхайлавіч. – Кіраўніцтва вырашыла яго пераабсталяваць. Разам мы падумалі, як лепш будзе зрабіць. Спачатку паехалі ў «Рочавічы» і паглядзелі заводскі. Як аказалася, не так усё і складана. Тое-сёе самі прыдумалі. Тры тыдні спатрэбілася для таго, каб яго зрабіць. Прыйшлося папрацаваць, але, здаецца, атрымалася няблага.

І сапраўды, прычэп дастойна прайшоў выпрабаванні, на ім можна перавозіць да 15 тон грузаў. 

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *