З нагоды

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

ЦІКАВАСЦЬ ДА ПЕРЫЁДЫКІ ПРЫХОДЗІЦЬ З ПАШТАЛЬЁНАМ

Чарговая падпісная кампанія – адказная і напружаная пара для работнікаў пошты. Але, калі ёю займаюцца ініцыятыўныя работнікі, такія, як Наталля Без’языкава і Кацярына Бохан, – можна не сумнявацца: падыход будзе знойдзены да самага прыдзірлівага падпісчыка.      

Абедзве жанчыны працуюць з сельскімі жыхарамі, якія, як сведчаць дакладныя статыстычныя даныя, любяць чытаць усё – ад раённай газеты да выданняў рэспубліканскіх і расійскіх. Стала добрай традыцыяй, што ў многія сем’і вяскоўцаў паштальён прыносіць па пяць і больш газет і часопісаў.

Наталля Без’языкава працуе начальнікам аддзялення паштовай сувязі ў Заямным. Кіраўніцтва раённага вузла паштовай сувязі даверыла ёй гэтую пасаду прыкладна год таму, водгукі аб рабоце падначаленага аддзялення ідуць станоўчыя. Наталлі за гэты год прыйшлося перажыць шмат: змену месца жыхарства, бо сям’я перабралася з Баранавіч на Стаўбцоўшчыну, радзіму мужа, і, безумоўна, усё, што звязана з новым працаўладкаваннем і нават абсалютна іншым прафесійным укладам. У Баранавічах яна шчыравала ў дзіцячым садку: спачатку памочнікам выхавацеля, потым – загадчыкам гаспадаркі.

– У мяне адукацыя бухгалтара, таму «перабудавацца» было нескладана, – падзялілася Наталля Без’языкава. – Галоўнае – жаданне ўладкоўваць сваё жыццё на новым месцы. Мы купілі дом… А на рабоце мне вельмі дапамаглі добразычлівыя адносіны ў калектыве.

Аддзяленне паштовай сувязі ў Заямным – гэта  невялікі і выключна жаночы калектыў. Поруч з начальнікам аддзялення працуюць тры паштальёны – Валянціна Курылава, Вера Калоша і Вольга Плотніцкая. У Валянціны Курылавай (ці як яе звычайна клічуць калегі – Андрэеўны)  – самы багаты з усіх стаж работы. Амаль паўтара дзясятка гадоў. Напэўна, лагічна, што людзі ў адказ на даўнія і цесныя стасункі са сваім паштальёнам не скупяцца на выпіску перыёдыкі. Таксама добра складваюцца справы і ў калегі Валянціны Курылавай – Веры Калоша. У адрозненне ад сваіх калег Вольга Плотніцкая асвоіла паштальёнскую справу не так даўно, але паспела заслужыць сімпатыі сваіх падпісчыкаў з вёскі Ячнае.        

Яшчэ адна наша суразмоўца – Кацярына Бохан, начальнік перасоўнага аддзялення сувязі № 3. Разам з вадзіцелем Яўгенам Ярашэвічам яны абслугоўваюць жыхароў вёсак Слабада, Мархачоўшчына, Залужжа, Ахрэмавічы, Вязавец, Вечатарова, Скамарошкі. Акурат калі наступае гарачы «плацежны» перыяд (гэта пасля дваццатага чысла месяца), то іх «стаянкі» ў вёсках відавочна выходзяць за рамкі ўстаноўленай адной гадзіны. «Пошта на колах» спыняецца ў тым месцы, дзе людзям прывычна, зручна, і яны, як правіла, ужо чакаюць яе прыезду. 

Перасоўнае аддзяленне № 3 было адкрыта ў кастрычніку мінулага года. На той час Кацярына  Бохан ужо амаль тры гады ўзначальвала паштовае аддзяленне ў Старым Свержані. Калі кіраўніцтва прапанавала змяніць спецыфіку работы – перайсці са стацыянарнага аддзялення на перасоўнае, – згадзілася. Не шкадуе аб сваім рашэнні, хаця выбрала не самы лёгкі шлях.    

І стацыянарныя, і перасоўныя паштовыя аддзяленні прапануюць сваім кліентам увесь спектр сучасных паштовых паслуг і ажыццяўленне  разнастайных плацяжоў, у тым ліку з дапамогай банкаўскай карткі. У шырокім асартыменце – тавары народнага спажывання. Паштавікі гатовы задаволіць розны попыт, аказаць паслугі на высокім узроўні.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ: Наталля Без’языкава (злева) і Кацярына Бохан – ёсць аб чым пагутарыць калегам.

Фота аўтара

 

ПРАЎЛЕННЕ ВЫБРАЛА

Прайшло пасяджэнне праўлення раённай арганізацыі Таварыства інвалідаў, на якім вырашана важнае арганізацыйнае пытанне  – выбраны новы старшыня арганізацыі.

З-за пэўных абставін Міхаіл Мазур, які ўзначальваў арганізацыю з 1994 года, падаў у адстаўку. На вакантную пасаду старшыні арганізацыі аднагалосна была выбрана Зінаіда Катлашэўская, спецыяліст па сацыяльнай рабоце тэрытарыяльнага цэнтра. Большасць жыхароў Стаўбцоўшчыны ведаюць Зінаіду Сяргееўну ў звязцы з нямецкім дабрачынным фондам «Дапамога пацярпелым дзецям» (на чале яго стаяў небезвядомы Ханс Мёрс). У свой час фонд аказаў істотную дапамогу многім, у тым ліку і раённай арганізацыі інвалідаў, прадастаўляючы гуманітарныя пасылкі з прадуктамі, адзеннем і іншымі неабходнымі рэчамі.

– Новаму старшыні патрэбна моцная каманда, пажадана развіваць тэндэнцыю на амаладжэнне арганізацыі, – падкрэсліла сучасныя ўстаноўкі ў дзейнасці грамадскай арганізацыі кіраўнік абласной арганізацыі таварыства інвалідаў Ганна Гарчакова.

Аднак, і на гэтым таксама была засяроджана ўвага, і вопытныя аўтарытэтныя члены арганізацыі не павінны аказацца па-за яе бортам. Сярод такіх людзей, безумоўна, – Міхаіл Мазур (па-ранейшаму ён застаецца членам праўленняў і раённай, і абласной арганізацый), Валянціна Мазур, якая працавала бухгалтарам арганізацыі і гатова аказаць усямерную дапамогу свайму наступніку, такія актыўныя члены арганізацыі, як Юрый Качанаў, Часлава Душкевіч і іншыя.

У сваім выступленні Міхаіл Мазур чарговы раз выказаў падзяку калектывам прадпрыемстваў і арганізацый раёна, якія адгукаліся на просьбы раённай арганізацыі інвалідаў наконт сацыяльнай падтрымкі інвалідаў. Яны пастаянна аказвалі спонсарскую дапамогу, неабходную  для правядзення Дня інвалідаў, наведвання цяжка хворых таварышаў дома і ў бальніцы, віншавання членаў арганізацыі з важнымі жыццёвымі датамі, афармлення ім бясплатнай падпіскі на газеты і т. п. Сярод іх – прадпрыемства «Гном-сэрвіс», сялянская фермерская гаспадарка «Сула», Аграмашзапчастка, мясакамбінат, рэдакцыя газеты «Прамень», магазін «Наш дом», ААТ «МінскСортНасенАгародніна»,

У сваім выступленні член праўлення арганізацыі, ветэран вайны Мікалай Кардаш не прамінуў зазначыць: «Менавіта пры Міхаілу Мазуру наша арганізацыя атрымала росквіт». Падобную ацэнку пацвярджае і стабільна высокі рэйтынг стаўбцоўскай арганізацыі ў маштабах Міншчыны на працягу многіх гадоў, узнагароджанне яе старшыні з боку кіраўніцтва абласной і рэспубліканскай арганізацый. У сваіх радах сёння раённая арганізацыя налічвае больш за тры тысячы членаў, у саставе мае тры пярвічныя арганізацыі – гарадскую, навасвержанскую і вішнявецкую.             

З улікам абмену думак, выказаных прапаноў, новаабраны старшыня раённай арганізацыі інвалідаў Зінаіда Катлашэўская падзялілася ўласным бачаннем будучыні арганізацыі:

– Будзе шмат работы. Акцэнт маемся рабіць на моладзі, пашыраць сферу яе зносін. Спадзяемся на цесны кантакт з кіраўніцтвам тэрытарыяльнага цэнтра, органамі ўлады.

Мяркуецца, у тэрытарыяльным цэнтры, згодна з юрыдычным адрасам, цяпер і будзе знаходзіцца раённая арганізацыя інвалідаў.    

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *