Мабільны пост побач з трасай

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны Факты, падзеi, людзi

4
У год каля 50 выездаў на буйныя загаранні і розныя здарэнні зафіксавана на пажарным аварыйна-выратавальным пасту № 14, які базіруецца ў вёсцы Скамарошкі. Асаблівасць – блізкае суседства з аўтамагістраллю М1/Е30 – накладае непазбежны для хуткаснай еўрапейскай трасы «дарожна-транспартны» нюанс на ўсю дзейнасць паста.
Невыпадкова, што ён адзіны з чатырох на тэрыторыі раёна аснашчаны ўнікальным аварыйна-выратавальным гідраўлічным інструментам фірмы «Вебер». Для ліквідацыі ДТЗ і выратавання пацярпелых прадугледжаны поўны камплект іншых неабходных прыстасаванняў, да прыкладу, бензарэз, бензапіла, мотапомпа і іншае. У баявым разліку паста – аўтамабіль «ЗіЛ-130», рэзервовы – «ГАЗ-53».
– Адзін з самых тэхнічна перадавых пастоў і самы мабільны, – звяртае ўвагу намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях па кадравай рабоце і ідэалагічным забеспячэнні Андрэй Герасіменка. – Яго спецыялісты прыцягваюцца практычна паўсюдна – на тушэнне пажараў у Стоўбцах, суседніх раёнах Мінскай і Гродзенскай абласцей.
Пост у Скамарошках з красавіка мінулага года ўзначаліў новы кіраўнік – Сяргей Пяткевіч. Да прызначэння служыў камандзірам аддзялення на пасту ў Старыне. За 18 гадоў вывучыў службу добра. «Раней прыходзілася больш рукамі, цяпер – нагамі», – з гумарам заўважае Сяргей Віктаравіч, маючы на ўвазе, што яго цяперашняя пасада звязана не з тушэннем пажараў, а з такім не менш важным напрамкам, як прафілактыка, папярэджанне пажараў і іншых надзвычайных сітуацый у жылым сектары.
Хадзіць і яму, і яго калегам, каб ажыццявіць агляд домаўладанняў, пагутарыць з людзьмі, прыходзіцца нямала. У зоне абслугоўвання паста – усе населеныя пункты Старасвержанскага сельсавета «ад Новай Вёскі да Драздоў».
– Абходы пачынаем звычайна за некалькі месяцаў да ацяпляльнага сезона, адразу пасля ўборачнай, як завяршаем дзяжурства ля камбайнаў у полі, – тлумачыць вопытны, з больш чым 20-гадовым стажам, камандзір аддзялення Сяргей Зіневіч. Менавіта ён разам з маладым вадзіцелем Яўгенам Семянкевічам акурат неслі дзяжурства на пасту. – За мной, напрыклад, замацаваны 474 домаўладанні. Сярод парушэнняў часцей за ўсё бываюць няспраўныя печы, «жучкі» і старая электраправодка. Тых, хто груба парушае правілы пажарнай бяспекі, караем рублём.
Аднак нямала і такіх выпадкаў, калі выратавальнікі-пажарныя не «забіраюць» ад вяскоўцаў, а, наадварот, даюць ім. Так, усе шматдзетныя і «сопаўскія» сем’і, адзінокія пажылыя грамадзяне на тэрыторыі Старасвержанскага сельсавета бясплатна забяспечаны аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі. Гэта – за кошт раённага бюджэту. У двух дамах – інваліда па слыху з Казеек і адзінокай бабулі з Залужжа – сігнал апавяшчальніка выведзены на вуліцу, на фасад дома. У адным з блакіраваных дамоў у Залужжы, дзе пражывае нядобранадзейная сям’я, АПІ ўстаноўлены так, каб сігнал паступаў і да суседзяў.
Тое, што новы год пачынаецца спакойна, – і ёсць вынік скрупулёзнай прафілактычнай работы калектыву паста. Акрамя названых вышэй супрацоўнікаў, гэта яшчэ камандзіры аддзялення Алег Клімовіч і Сяргей Стромскі, вадзіцелі – Яўген Клімовіч, Юрый Ясяновіч, Аляксандр Логвін. Мяркуючы па прозвішчах, ёсць і дынастыі пажарных-выратавальнікаў. Стромскія – сын і бацька (у свой час Уладзімір Стромскі працаваў інспектарам дзяржпажнагляду). Клімовічы – дзядзька і пляменнік. Ездзяць са Стоўбцаў, Новага Свержаня, Залужжа.
Для кругласутачнай службы створаны ўсе ўмовы. Ёсць вучэбны клас, кухня, пакой для адпачынку з турніком.
– На кожны пост і ў пажарную часць у горадзе закуплены шведскія сценкі са снарадамі – для падтрымання фізічнай формы, – дадае Андрэй Герасіменка.
У мінулым годзе на пасту быў устаноўлены бойлер, які забяспечвае падраздзяленне гарачай вадой. Сёлета з’явіцца прыбудова з гардэробам і санітарнымі памяшканнямі. Паколькі пост знаходзіцца пад адным дахам з дыспетчарскай ААТ «Агранёманскі», то з рамонтам аказвае дапамогу гаспадарка. У 2012 годзе за яе кошт былі заменены вокны. Большасць жа работ, звязаных з добраўпарадкаваннем, выратавальнікі выконваюць уласнымі сіламі. Праяўляюць у гэтым і ініцыятыву. Так, Яўген Семянкевіч стварыў на пасту… жывы куток з папугайчыкамі. Самі абслугоўваюць кацёл на мясцовых відах паліва і нарыхтоўваюць для яго дровы.
Аматар прыроды Яўген Семянкевіч – адзін з самых маладых супрацоўнікаў паста. Служыць пакуль толькі чатыры гады. Выбраў прафесію выратальніка-пажарнага пасля службы ў арміі. Прайшоў па здароўі, таму што бывае так, што менавіта па медыцынскіх паказаннях «армейцы» не падыходзяць для службы ў органах Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Для Яўгена гэта не стала перашкодай. Больш таго, у яго шмат перспектыў для далейшага навучання і атрымання дадатковых прафесій. Яго вадзіцельская катэгорыя «С» і стаж работы даюць магчымасць атрымаць допускі для работы на аварыйна-выратавальнай і іншай тэхніцы, якая ёсць на ўзбраенні ў райаддзеле.
Расклад на пасту нельга ўявіць без тэарэтычных заняткаў, знаёмства са свежымі газетамі, якіх ідзе сюды нямала. Згодна з графікам выратавальнікі павышаюць сваю кваліфікацыю ў Вучэбным цэнтры МНС, што ў Заслаўі. Многія з радавога саставу могуць пахваліцца сумежнымі спецыяльнасцямі – вальшчыка лесу, стропальшчыка, слесара сельгасмашын і іншымі, атрымалі якія будучы выратавальнікамі. Маючы запатрабаваныя на рынку працы спецыяльнасці і адпаведны графік службы – суткі праз двое, ім з сярэдзіны мінулага года дазволена падпрацоўваць па сумяшчальніцтве.
Сучасныя ўменні і спрыт выратавальнікаў знаходзяць усё большае прымяненне, служаць людзям і краіне.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ
НА ЗДЫМКУ: выратавальнікі паста ў Скамарошках (злева направа): Сяргей Зіневіч, Яўген Семянкевіч і Сяргей Пяткевіч (начальнік).



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *