Моладзь Стаўбцоўшчыны і яе клопаты

Год моладзі Нумары

image_pdfimage_print

З МАЛЕНСТВА ВАБІЛА ТЭХНІКА

Аляксандр Гярлоўскі сёлета выйшаў пераможцам у раёне сярод маладых механізатараў на сяўбе яравых збожжавых культур, а летась вылучыўся на жніве. Два гады працуе Аляксандр у ААТ «Агранёманскі» і за гэты параўнальна невялікі тэрмін зарэкамендаваў сябе з самага лепшага боку. Ён работнік выключнай працавітасці. Любую даручаную справу выканае якасна і ў тэрмін. Пасля заканчэння  Дзяржынскага аграрна-тэхнічнага ліцэя, дзе атрымаў прафесію трактарыста і адначасова – вадзіцеля і слесара, пачынаў працоўную біяграфію ў ПДСУП «Профі — Аграцэнтр». Зараз агульны стаж яго работы ў сельскай гаспадарцы налічвае сем гадоў.

Аляксандра з маленства вабіла тэхніка. Кабіна трактара, на якім працаваў бацька, стала самым жаданым месцам для хлопчыка. Радасці не было межаў, калі тата браў яго з сабою. Таму, калі надышла пара выбіраць прафесію, ён асабліва не вагаўся. Сёння ў распараджэнні Аляксандра Гярлоўскага магутны энерганасычаны трактар «Беларус-3022». Пасля пасяўной кампаніі яго задзейнічалі на нарыхтоўцы кармоў – касіў травы. Ранняй вясной і восенню чапляе плугі. А на ўборцы збожжавых шчыруе на камбайне. Усе палявыя работы яму выканаць па сіле. Гаворыць, што плацяць добра, таму ёсць жаданне і стымул таксама. Трэба карміць сям’ю, жонка зараз у дэкрэтным водпуску. Маладой сям’і Гярлоўскіх кіраўніцтва сельгаставарыства выдзеліла дом з выгодамі ў Драздах.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

СТАЎБЦОЎШЧЫНА СТАЛА ЛЁСАМ

Як знайсці такую прафесію, каб яна цалкам задавальняла чалавека, каб яе выбар дазволіў прыносіць карысць людзям, грамадству? Суботнім ранкам сабраліся для гутаркі за круглым сталом на гэтую тэму вучні 8-11 класаў, настаўнікі і выпускнікі школы, якія пасля заканчэння вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў вярнуліся працаваць у родны Стаўбцоўскі раён. Дарэчы, такі жыццёвы лёс выбрала шмат выпускнікоў нашай школы. Многія з іх працуюць на сельскагаспадарчых, прамысловых прадпрыемствах раёна, у сферах адукацыі, культуры, аховы здароўя, раённым аддзеле міліцыі, аддзеле па надзвычайных сітуацыях, у будаўніцтве. Многія з’яўляюцца кіраўнікамі вытворчых адзінак. Сярод  іх галоўны інжынер «ПМК-233» г. Стоўбцы У. І. Фянько, малады перспектыўны спецыяліст – начальнік  цэха высокадакладнага, высокатрывалага чыгуннага ліцця філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы  П. А. Ярахавец, эканаміст ААТ «Дзераўное»  А. С. Шуцько, эканаміст ААТ «Агранёманскі»  З. В. Жыбуль, урач-тэрапеўт Стаўбцоўскай ЦРБ В. М. Каспяровіч, урач-педыятр А. Л. Клімовіч, інспектар райаддзела па надзвычайных сітуацыях Т. М. Тарасевіч і іншыя. Гэтыя маладыя людзі валодаюць добрым багажом ведаў, вопытам работы, карыстаюцца аўтарытэтам сярод калег. На іх жыццёвы шлях і вопыт можна раўняцца, з іх можна браць прыклад.

У госці да навучэнцаў школы прыйшлі выпускнікі  2004, 2006, 2008 гадоў. Гэта капітан міліцыі, участковы інспектар Аляксандр Капскі, які пазнаёміў вучняў з нялёгкай, але такой патрэбнай работай міліцыянера. Аб прафесіі будаўніка расказаў тэхнік-будаўнік ДУП «ПМК-233»  г. Стоўбцы Максім Кухарчык, які атрымаў адукацыю ў Мінскім архітэктурным каледжы. Ён зрабіў акцэнт на тым, што кожнаму чалавеку патрэбна не толькі быць добрым спецыялістам, але і быць добрым псіхолагам, каб працаваць у рабочым калектыве і паспяхова кіраваць ім. З асаблівасцямі прафесіі інжынера-электрыка пазнаёміў майстар па рамонце рэлейнай аховы Стаўбцоўскіх электрычных сетак СРЗАІ  Павел Шчэкала. Цікава аб прафесіі настаўніка разважала Наталля Лявончык – выпускніца Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, настаўніца рускай і беларускай моў і літаратур. Госці паведамілі вучням аб тым, якую спецыяльнасць атрымалі, якія цяжкасці сустракаліся пры набыцці ведаў, асваенні прафесій, якімі дзелавымі якасцямі павінны валодаць прадстаўнікі іх прафесій.  

Вучні з цікавасцю слухалі сваіх старэйшых сяброў, задавалі пытанні. Вакальная група падрыхтавала для гасцей музычны падарунак. Песні «Шляхам дабра», «Родны край» былі вельмі сугучныя тэме сустрэчы.

 І вучні, і госці атрымалі прыемнае ўражанне ад размовы. Застаецца спадзявацца, што гэтая сустрэча дапаможа зрабіць правільны выбар прафесіі вучням школы, і яны скарыстаюць вопыт нашых выпускнікоў: атрымаюць добрую адукацыю, прафесію і вернуцца на «малую радзіму», будуць плённа працаваць на карысць роднага Стаўбцоўскага раёна.

Таццяна ДЛУГОЗІМА, настаўніца ДУА «Заямнаўская СШ»

 

У РАДАХ ВАЛАНЦЁРАЎ

Удзельнікі валанцёрскага руху «Добрае сэрца» ідуць са сваёй дапамогай да ветэранаў вайны, людзей нямоглых, у сем’і, дзе ёсць дзеці-інваліды, становяцца ўдзельнікамі суботнікаў і працоўных акцый. Апошнім часам іх клопатам сталі і святыні роднай Стаўбцоўшчыны. 

Валанцёры раённай арганізацыі БРСМ працавалі ля старадаўніх сцен кафедральнага сабора святой праведнай Ганны – на добраўпарадкаванні навакольнай тэрыторыі. Для кожнага знайшлася прылада працы і свая «дзяляначка» для шчыравання. А напрыканцы – агульныя карысць і задавальненне, бо ў радах валанцёраў не аказалася тых, у каго быў бы дрэнны настрой.  

Дзяўчаты і хлопцы стараюцца ўнесці свой пасільны ўклад у захаванне адметнасці і непаўторнасці Стаўбцоўшчыны. Сапраўды, каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба святыні яе шанаваць, аздабляць, упрыгожваць. Валанцёры ведаюць гэта не на словах – на ўласным досведзе.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ  

 

ДЗЯЦІНСТВА ЯРКАЯ ПЛАНЕТА

Яркім сонечным днём у парку аграгарадка Шашкі сабралася дзятва адзначыць пачатак летніх канікулаў і Міжнародны дзень абароны дзяцей. На гэтае свята з прыгожай назай «Дзяцінства яркая планета» арганізатары мерапрыемства – работнікі Шашкоўскага Дома культуры запрасілі не толькі мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак, але і дзяцей з Аталезі і Рубяжэвіч. Смешныя і вясёлыя клоўны Люсік (дырэктар Шашкоўскага Дома культуры А. І. Явід) і Алюсік (мастацкі кіраўнік Дома культуры     Л. В. Кірыленка) на працягу ўсяго свята цешылі дзяцей і нікому не давалі сумаваць. Хітрыкі Шапакляк (хармайстар Т. М. Кавалеўская), якая імкнулася сапсаваць свята, яшчэ больш забаўлялі дзяцей. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем гулялі, танцавалі, прымалі ўдзел у розных конкурсах. У кожнага была магчымасць паскакаць на батуце, скаціцца з горкі, пасмакаваць «папкорн» і салодкую вату. А колькі эмоцый выклікала бяспройгрышная латарэя! Уладальнікі яе былі ўзнагароджаны прызамі і ласункамі.

На працягу ўсяго свята вучаніцы Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў Вікторыя Прыбытка, Ганна Цімашэнка, Карына Малахава, сёстры Алена і Алеся Калкоўскія дарылі ўсім свае песні. Пяцігадовая Аліна Шэдзь са студыі «Арыенцір» раённага Цэнтра культуры таксама выканала сольны нумар – песню «Как здорово быть взрослым!».

Вялікая ўдзячнасць кіраўніцтву і супрацоўнікам Шашкоўскага Дома культуры за такое цудоўнае свята.

Наталля ПАПОВА, педагог-арганізатар Аталезскай СШ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *