Дарагія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, жыхары Стаўбцоўшчыны!

Вялікай Перамозе прысвячаецца Нумары

Ад усяго сэрца віншую вас з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, 71-й гадавінай з дня вызвалення нашай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Ідуць гады, мяняюцца пакаленні, імкліва абнаўляецца навакольны свет, але не гасне слава бацькоў і дзядоў, якія адстаялі ў жорсткай схватцы з ворагам свабоду і незалежнасць Радзімы.

3 ліпеня – гэта асаблівая дата ў гісторыі нашай краіны. Гэта сімвал мужнасці, самаадданасці і вернасці, надзеі і аптымізму для наступных пакаленняў беларусаў.

Наш час – эпоха незалежнасці, суверэнітэту, эпоха станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Дзень вызвалення і Дзень Незалежнасці сталі нашым галоўным нацыянальным святам – Днём Рэспублікі.

Семдзесят адзін год аддзяляе нас ад тых ліпеньскіх дзён, калі савецкія войскі разам з беларускімі партызанамі вызвалілі ад акупантаў нашу сталіцу горад Мінск, нашы Стоўбцы.

У Беларусі няма горада і вёскі, дзе б Другая сусветная вайна не пакінула свой чорны след, няма ніводнай сям’і, чый лёс не быў бы звязаны з падзеямі той далёкай і страшнай вайны.

Шмат бед і пакут давялося вынесці беларусам. Высокай была цана перамогі. Пасля вайны рэспубліка не далічылася амаль кожнага трэцяга свайго жыхара. У нашым раёне загінулі 4892 мірныя жыхары, у тым ліку 1909 жанчын, 1196 дзяцей.

Шлях да свабоды быў доўгім і цяжкім. Гітлераўцам удалося часова захапіць нашу зямлю. Але яны не змаглі дабіцца галоўнага – пакарыць наш народ. Супраціўленне ворагу было ўсенародным. У Беларусі змагалася больш за 370 тысяч партызанаў, партызанскай зонай стала і тэрыторыя Стаўбцоўшчыны. На франтах Вялікай Айчыннай ваявалі звыш мільёна трохсот тысяч ураджэнцаў Беларусі.

3 ліпеня  на Навасвержанскім узвышшы, на тым месцы, з якога пачыналася вызваленне нашага горада, адбудзецца адкрыццё памятнага знака «Дывізіённая гармата Д-44». Пры вызваленні Стоўбцаў па-геройску змагаліся: 217-я стралковая дывізія 29-га стралковага палка 48-й арміі пад кіраўніцтвам палкоўніка Масонава; байцы 713-га самаходнага артылерыйскага палка, камандзірам якога быў палкоўнік Васільеў; конна-механізаваная група 30-й кавалерыйскай дывізіі, якую ўзначальваў генерал-маёр Галаўской; 4-ты гвардзейскі Кубанскі кавалерыйскі корпус пад кіраўніцтвам генерал-лейтэнанта Пліева. У баях была задзейнічана 7-я гвардзейская авіяцыйная дывізія далёкага дзеяння. Горад Стоўбцы быў вызвалены 2 ліпеня 1944 года, а 3 ліпеня пераможны флаг узвіўся над сталіцай нашай радзімы – горадам Мінскам.

З дня вызвалення прайшоў 71 год. Мы назаўсёды захаваем памяць аб гераізме, воінскай доблесці, бясстрашшы, аб беззапаветнай любові да Радзімы тых, хто назаўсёды застаўся на полі бою.

Паважаныя ветэраны! Нашым мірным жыццём мы абавязаны вам. Вы і ваша пакаленне былі, ёсць і будзеце для нас прыкладам гонару і доблесці. Вы пражылі дастойнае, сумленнае жыццё. Мы славім ваш гераізм, стойкасць, мужнасць і веліч духу. Ад усяго сэрца віншую вас са святам. Жадаю моцнага здароўя, аптымізму і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Вы гэта сапраўды заслужылі.

У пасляваенныя гады Беларусь прайшла слаўны шлях працы і стварэння. Наша суверэнная дзяржава са стабільнай эканомікай, перадавой навукай і багатай культурай, аўтарытэт якой прызнаны ва ўсім свеце. І сёння новае пакаленне беларусаў дастойна працягвае традыцыі дзядоў і бацькоў. Мы бяром новыя вяршыні і гістарычныя рубяжы, ідзём па шляху мірнай стваральнай працы і ўпэўнена глядзім у будучыню.

Паважаныя жыхары Стаўбцоўшчыны! Ваш уклад у развіццё нашай краіны і праца мільёнаў беларусаў дапамаглі Беларусі набыць статус моцнай, незалежнай дзяржавы. Дзякуй вам за гэта.

Горача і сардэчна віншую ўсіх вас з Днём Незалежнасці. У гэты светлы і радасны для ўсяго беларускага народа дзень прыміце пажаданні моцнага здароўя, шчасця і радасці. Няхай над нашай роднай Беларуссю заўсёды будзе мірнае неба, спакой у сэрцах людзей і дабрабыт у сем’ях.

Са святам, дарагія сябры!

Старшыня Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта ГОРЛАЎ Ю. М.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *