Сын – пра бацьку-франтавіка

Вялікай Перамозе прысвячаецца Нумары

Вельмі разумею тых людзей, якія не знайшлі прозвішчы сваіх родных – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны ў раённай кнізе «Памяць». Сама перажыла такі стан, калі выявіла, што ў гэтую гісторыка-дакументальную хроніку не ўнесена прозвішча майго дзядзькі, старэйшага брата таты – Шчэцькі Аляксандра Іванавіча, які прызываўся ў Чырвоную Армію з Заямнаўскага сельсавета. Ён прапаў без вестак. Неаднаразовыя нашы спробы звяртання ў архівы, каб устанавіць месца яго пахавання, не ўвянчаліся поспехам. Нам стала вядома толькі тое, што загінуў ён у Калінінградскай вобласці. У гэтай сітуацыі мяне асабіста суцяшае тое, што ў Бога гэтыя людзі на асаблівым рахунку, таму што няма большага подзвігу, як пакласці жыццё сваё за іншых.

Таму з вялікім разуменнем успрыняўся непакой, стан душы Сямёна Касабуцкага, які пабываў на сваёй малой Радзіме. Цяпер Сямён Міхайлавіч жыве ў Маладзечне, у Ператокі прыехаў, каб паклапаціцца пра магілы бацькі і маці, іншых родных. Сямён Міхайлавіч у сучасны момант на пенсіі і лічыць першачарговым абавязкам упарадкаваць гэтыя святыя для яго месцы.

Ён расказвае… Як толькі выйшла раённая кніга «Памяць», атрымаў яе ў падарунак. У нашым раёне асоба Сямёна Касабуцкага прыкметная: ён займаў відныя пасады. Працаваў галоўным інжынерам у калгасе «Радзіма  Дзяржынскага», далей – інструктарам, загадчыкам аддзела стаўбцоўскага райкама партыі, старшынёй калгаса імя Мічурына, старшынёй Маладзечанскага райвыканкама, ва Упраўленні справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь… Сямён Міхайлавіч гаворыць, што калі ўбачыў, што імя яго бацькі, інваліда Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Андрэевіча Касабуцкага не ўнесена ў кнігу «Памяць», у яго абвастрыўся абавязак сэрца сабраць пра бацьку, як пра ветэрана вайны, увесь матэрыял, які толькі магчыма. На дапамогу яму прыйшлі дзве яго сястры Ірына і Валянціна (Ірына жыве цяпер у бацькоўскім доме). Сямён Міхайлавіч скарыстаў і магчымасці сайта, дзе і знайшоў дакументальнае пацвярджэнне аб баявых узнагародах бацькі – матэрыялы аб узнагароджанні радавога стралка 192-й стралковай  дывізіі 3-га Беларускага фронту Міхаіла Андрэевіча Касабуцкага ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. У ліку баявых узнагарод ветэрана – медаль «За перамогу над Германіяй». Ордэн  Міхаіл Касабуцкі атрымаў за гераізм у баях з фашысцкімі захопнікамі за горад Шэрвінг ва Усходняй Прусіі. У гэтых кровапралітных баях ён быў цяжка паранены. Цудам застаўся жывы. З адарванай рукой, якая вісела на скуры, ён шукаў шпіталь сваёй дывізіі. Куды ні прыйдзе пешшу – усё не той. Сыходзячы крывёю, прыхіліўся да дрэва. Падбег салдат: «Ты што тут робіш?» – «Паміраю». Ён параіў ісці ў бліжэйшы шпіталь і называць тую дывізію, якой гэтая лячэбніца належыць. Так Міхаіл Касабуцкі трапіў на аперацыйны стол. Вядома, прыстасаваны, як і ўсё астатняе: наркозам паслужыла шклянка спірту, а хірургічным інструментам – прагрэтая на агні звычайная нажоўка. Франтавыя будні для яго доўжыліся з ліпеня 1944 года, калі быў прызваны ў армію пасля вызвалення Беларусі, да кастрычніка гэтага ж года, калі быў цяжка паранены. Пасля ампутацыі левай рукі Міхаіл Касабуцкі трапіў у шпіталь пад Саратавам, затым вярнуўся дамоў, дзе і сустрэў вясною 1945-га шчаслівы Дзень Перамогі.

Дома былі жонка, маленькая дачка Ірына, надзел зямлі ў чатыры гектары, конь. Яму прыйшлося здзейсніць яшчэ адзін подзвіг – з адною рукою прыладкавацца рабіць усё, што людзі робяць з дзвюма: хадзіць за плугам, касіць, упраўляцца з іншымі справамі па гаспадарцы. Зразумела, свайго адзінага сына ён рана зрабіў сабе памочнікам. Калі Сямёну споўнілася 10 гадоў, бацька сказаў:

– Давай, сынок, будзем вучыцца ўпраўляцца з канём – запрагаць, араць, баранаваць.

У 12 гадоў Сямён пачуў:

– Давай, сынок, будзем вучыцца касіць.

Да паўналецця Сямён рабіў усё, што трэба ў сельскай гаспадарцы.

Калі ж прыйшоў час паступаць, рослы, спартыўны, загартаваны  юнак намерыўся падаць дакументы ў інстытут фізічнай культуры.

– Ролю бацькі ў маім жыцці немагчыма пераацаніць. Яго парады, кіраўніцтва вызначылі мой жыццёвы курс. Пасля заканчэння школы адбылася такая размова: «Садзіся, сынок, давай паразважаем, – Сямёна Міхайлавіча гэтыя ўспаміны так саграваюць, ён не стрымлівае слёз. – У інстытут фізкультуры, можа, і нядрэнна пайсці. Але лепш атрымаць спецыяльнасць інжынера, а фізкультурай можаш займацца ўсё жыццё». Аўтарытэт бацькі быў для мяне непарушны. За тыдзень я памяняў рашэнне і падаў дакументы ў Беларускі інстытут механізацыі. Паспяхова паступіў і паспяхова яго закончыў, што вызначыла ўсё маё будучае жыццё. Я ўдзячны бацьку і за ўсё іншае, у першую чаргу,  – за яго асабісты жыццёвы прыклад. З адною рукою ён доўгі час працаваў брыгадзірам у калгасе «Нёман», калі стан здароўя не дазволіў далей быць на гэтай пасадзе – пайшоў вясковым паштальёнам, быў дэпутатам Навасвержанскага сельскага Савета. Узначальваў санітарную камісію, вельмі рупіўся аб добраўпарадкаванні. Калі яго пыталі, навошта яму так напружвацца, ён адказваў: «У вёсцы павінен быць парадак». Ён заўсёды займаў актыўную жыццёвую пазіцыю, не любіў падману, не мірыўся з несправядлівасцю, быў прынцыповым, непрымірымым да зла. Ніколі мне не забудуцца сустрэчы ветэранаў, якія арганізоўваў сельсавет. Я быў яшчэ падлеткам, але мяне ўразіла на ўсё жыццё, што салдаты вайны не гаварылі пра цяжкасці, пра свае раны, іх перапаўняла пачуццё гонару за Вялікую Перамогу, за тое, што яны – салдаты-пераможцы. І гэта пачуццё перадавалася і мне. Калі ў сваім жыцці я, бывала, спрабаваў сказаць бацьку пра цяжкасці, ён мяне строга спыняў і казаў, каб ніколі ад мяне больш гэтага не чуў, бо гэта нішто ў параўнанні з вайною і пасляваеннымі гадамі. І гэта таксама выхоўвала нас, дзяцей. Заслуга маіх бацькоў і ў тым, што ўсе трое мы атрымалі вышэйшую адукацыю.

У дзень, калі бацька паміраў ад цяжкай хваробы ў няпоўныя 65 гадоў, праходзіў пленум – Сямён Міхайлавіч працаваў тады інструктарам райкама партыі. У перапынку вызваліўся час паехаць да бацькоў. Не разлічваў затрымацца, але бацька папрасіў: «Сядзь, Сямён, паслухай».  І стаў гаварыць, дзе яго пахаваць, указаў дакладнае месца на могілках, каго з вяскоўцаў папрасіць капаць дол, наставіў, сказаў усё, што палічыў патрэбным.

Сын вярнуўся на работу. А праз гадзіну яму патэлефанавалі, што бацькі ўжо няма.

Сямён Міхайлавіч зноў успамінае, як у сваіх вялікіх ботах бацька быў важаком для дзецей падчас снежных зімаў, вадзіў іх з хутара ў Ператоцкую пачатковую школу за тры кіламетры.  У бацькі вялікія крокі, аднак ён  робіць іх меншымі, каб дзеці маглі ступіць у пракладзены след. Як добра расчуліцца пры такіх успамінах. Кожнага, у каго ўжо няма бацькоў, саграюць такія кранальныя ўспаміны дзяцінства.

– Бацька навучыў мяне ўсяму, – гаворыць Сямён Міхайлавіч, – перадаў валявы, мэтанакіраваны мужчынскі характар, свае гены, навучыў з павагай адносіцца да людзей, навучыў усялякай працы, што дапамагала мне адчуваць сябе ўпэўнена ўсюды, дзе б я ні працаваў, навучыў жыць. У сваю чаргу мне хочацца ў памяць аб ім зрабіць усё, што магу. Я стараюся выканаць гэтае галоўнае для захавання вечнай памяці пра свайго бацьку. Збіраючы дакументы аб ім, я адшукаў сайты, дзе можна знайсці звесткі аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны. Хачу падзяліца такім сваім вопытам з іншымі і параіць скарыстасць гэтую магчымасць. Адзін з такіх электронных архіваў – www.obd-memorial.ru. Хочацца, каб раённая кніга «Памяць» была дапоўнена, каб ніхто не застаўся забытым. Абавязак грамадства, кожнага з нас, каб імёны вызваліцеляў не згубіліся, каб гэтая памяць перадавалася новым пакаленням. Без памяці аб мінулым не можа быць будучага.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: франтавік Міхаіл Андрэевіч Касабуцкі з баявымі ўзнагародамі; Сямён Касабуцкі з дарагімі яму дакументамі ў руках.

Фота аўтара і з сямейнага архіва Касабуцкіх.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *