Сардэчнага цяпла вам, ветэраны!

Вялікай Перамозе прысвячаецца Людзі і лёсы Нумары

Літаральна праз некалькі дзён адзначыць свой 89-ты дзень нараджэння ўдзельнік вайны Мікалай Ярашэвіч з Перакопаўшчыны. Ён з’явіўся на свет тады, калі ўсё ў прыродзе красуе і радуецца зямной прыгажосці. Ён і сам па жыцці надзвычай прыгожа крочыць – побач са сваёй сям’ёю, з песняй, акардэонам… Наш фотакарэспандэнт Васіль Зянько сфатаграфаваў яго пры «поўным парадзе» акурат напярэдадні Дня Перамогі – у Старасвержанскім Цэнтры культуры, дзе праходзіла ўрачыстае ўзнагароджанне ветэранаў юбілейнымі медалямі. Угледзьцеся ў вочы ветэрана! Колькі ў іх чалавечай годнасці, цеплыні, павагі да людзей!..

На гэтым святочным мерапрыемстве ў гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі быў разам з Мікалаем Ярашэвічам і яго аднавясковец – Мікалай Мамонька. Шмат чаго ў іх лёсах падобнага: абодва – удзельнікі вайны, завуцца Мікалаямі, жывуць у вёсцы  па-суседску, амаль равеснікі… Калі Мікалаю Ярашэвічу спаўняецца 89, то яго цёзку-суседа ўжо ў гэтым годзе чакае юбілей – 90-годдзе. Абодва ветэраны, нягледзячы на шаноўны ўзрост, застаюцца бадзёрымі, па-ранейшаму – з пачуццём гумару і аптымізму. 

На тэрыторыі Вішнявецкага сельсавета, у вёсцы Вязавец, пражывае яшчэ адзін, трэці, удзельнік вайны – Міхаіл Сухаверх. Міхаіл Ігнацьевіч атрымаў на вайне раненне, таму з’яўляецца інвалідам вайны. Не зважаючы на раны фізічныя і маральныя, якія на ўсё жыццё пакінула пасля сябе вайна, сёлетняй вясной ён адзначыў сваё 90-годдзе. З гэтай нагоды ў яго доме было шмат гасцей, падарункаў. Ветэрана цёпла віншавалі прадстаўнікі сельвыканкама, ААТ «Вішнявецкі-агра», раённай ветэранскай арганізацыі. А калі работнікі мясцовага Дома культуры зацягнулі вядомую франтавую «Кацюшу, то і шаноўны юбіляр заспяваў разам з імі.

Няхай яшчэ доўга жывуць, спяваюць і адзначаюць дні нараджэння на роднай зямлі шаноўныя ветэраны! Гэтаму паспрыяе і тое, што, як заўважылі работнікі сельвыканкама, старасць усіх іх сагрэта цяплом родных і блізкіх людзей.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *