Клуб, дзе выхоўваюць абаронцаў Айчыны

Год моладзі Нумары

Апошняя навіна ў клубе «Абаронца Айчыны», структурным падраздзяленні грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», – яго былы выхаванец Андрэй Казак вярнуўся з тэрміновай ваеннай службы з «крапавым берэтам», вышэйшай заслугай спецназа.

На працягу 11-ці гадоў афіцыйна дзейнічае на базе школы № 3 г. Стоўбцы клуб адзінаборстваў «Абаронца Айчыны», падрыхтаваны з ліку стаўбцоўскіх дапрызыўнікоў сотні воінаў для элітных падраздзяленняў беларускай арміі. Некаторыя з іх, як, напрыклад, браты Мікіта і Назар Буланцавы, Яўген Грынюк, і пасля тэрміновай службы засталіся ў арміі – служаць на кантрактнай аснове. Больш таго, стала штогадовай традыцыяй, што два-тры выхаванцы клуба, выпускнікі стаўбцоўскіх школ, мэтанакіравана «штурмуюць» Ваенную акадэмію і Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Усе, як правіла, паступаюць, вяртаюцца пасля ў свой раён. І бягучы год не стаў выключэннем. Традыцыю працягваюць выпускнікі школы № 3 Вадзім Генадзьевіч Багдановіч і Вадзім Міхайлавіч Багдановіч. Абодва Вадзімы хочуць навучацца ў Акадэміі МУС.  Са свайго боку заснавальнік і нязменны кіраўнік клуба, настаўнік фізічнай культуры, дапрызыўнай падрыхтоўкі ў школе № 3 Рыгор Мамайка не хавае гордасці: «Мы рыхтавалі хлопцаў да гэтага паступлення. Яны выбралі правільны напрамак».

Вось і гэтымі днямі, як і ў мінулыя гады, сярод дзесяцікласнікаў школы № 3 завяршыліся вучэбна-палявыя зборы па дапрызыўнай падрыхтоўцы. Уладзіслаў Лысы, Анатоль Рудзіш, Яўген Маліноўскі, Уладзіслаў Немец, Дзмітрый Галімскі, Максім Варабей, Сяргей Ненадавец, Павел Базарэўскі і Сяргей Карповіч здалі праграму збораў на выдатна.

– Па дамоўленасці з раённым ваенным камісарам мы адзначым гэтых маладых людзей граматамі ва ўрачыстай абстаноўцы, – дзеліцца Рыгор Мамайка.

Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву клуба з раённым ваенным камісарыятам выпускнікі школы – і члены клуба, і выдатнікі дапрызыўнай падрыхтоўкі з першай групай здароўя, ужо не адзін год карыстаюцца правам выбару месца службы ў спецпадраздзяленнях. У гэтых падраздзяленнях, дарэчы, нашых стаўбцоўскіх рабят ведаюць і чакаюць.

Сёння ўнікальны ў Мінскай вобласці і ў нашай рэспубліцы клуб «Абаронца Айчыны» можа пахваліцца як высокім узроўнем падрыхтоўкі выхаванцаў у рукапашным баі, так і моцнай матэрыяльнай базай. «У нас ёсць аўтаматы і пісталеты, з якіх падлеткі асвойваюць стралковае майстэрства, гранаты, тапаграфічныя матэрыялы, – пералічвае Рыгор Мамайка і пры гэтым удакладняе: – Усё гэта члены клуба зарабілі падчас дастойных выступленняў на мерапрыемствах і спаборніцтвах рэспубліканскага і нават міжнароднага ўзроўняў».

Адно з такіх прэстыжных і ўжо традыцыйных для членаў клуба выступленняў праходзіць у гісторыка-культурным комплексе «Лінія Сталіна» падчас арганізаваных там гістарычных рэканструкцый і паказальных выступленняў – у Дзень Перамогі, Дзень ваенна-паветраных войскаў і т. п.                              

Адметным быў сёлетні ўдзел членаў клуба «Абаронца Айчыны» і ў святкаваннях у гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі ў Стоўбцах. Яны – адрэпеціраваным строем, у аднолькавай ваеннай форме і берэтах – чаканілі крок па плошчы Бессмяротнасці, сваёй асобнай калонай у агульнай вялікай калоне, услед за ваеннаслужачымі 25-га арсенала, воінамі-інтэрнацыяналістамі. У гэтым сімвалічным ланцужку-эстафеце ўдзельнікаў святочнага парада крыюцца нашы бясспрэчная сіла, памяць і годнасць.

Гэтыя якасці настойліва і нястомна прывівае кіраўнік клуба падлеткам Стаўбцоўшчыны на працягу многіх гадоў. Праз клуб прайшло не адно пакаленне нашай моладзі. Былі і застаюцца сярод членаў клуба і асобыя падлеткі, якіх называюць цяжкімі… З ахвотай прыгадваючы сваіх выхаванцаў, Рыгор Мамайка прызнаецца, што ніводзін з іх, выйшаўшы ў самастойнае жыццё, не падвёў яго. Яму ёсць кім ганарыцца і – ёсць на чыю дапамогу абаперціся.

Вось і сярод  дзясятка ваеннаслужачых 25-га арсенала, якія былі адзначаны дырэктарам фонду «Памяць Афгана» А. М. Мятлою за ўклад у патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, быў і Дзмітрый Арлоўскі, які не адзін год працаваў выхавацелем у лагеры «Абаронца Айчыны», займаўся з цяжкімі падлеткамі. Яшчэ адзін прыклад – у раённым аддзеле ўнутраных спраў працуе выхаванец клуба Дзмітрый Скачко. Вечарам, у вольны ад службы час, ён ізноў ідзе ў клуб – ужо як трэнер, які, калі трэба, выходзіць на рынг у пары са сваім настаўнікам. Спартсменка Надзея Ярашэвіч, майстар спорту па каратэ-до Святлана Шыш – гэта члены клуба, знакамітыя на ўсю рэспубліку.  

Вялікую падтрымку клубу, воінам-інтэрнацыяналістам аказваюць старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў, дырэктар школы № 3 Жанна Лысая, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, актыў раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў – Генадзь Нагорны, Мікалай Бутрымовіч, Уладзімір Кутас, Аляксандр Уласевіч, Міхаіл Мамайка, Мікалай Сырадоеў, Аляксандр Бычынскі і іншыя.

…А на лета кожны з членаў клуба атрымаў ад свайго кіраўніка індывідуальнае заданне. Будучы вучэбны год абяцае быць насычаным. На спаборніцтвы, выступленні і, зразумела, клубаўскую дружбу.      

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ: члены клуба «Абаронца Айчыны» падчас выступлення на «Лініі Сталіна».  

Фота аўтара

 

ПАМЯТАЦЬ І ГАНАРЫЦЦА

Гэтымі ліпеньскімі днямі раённы камітэт БРСМ праводзіць патрыятычную акцыю – «Я памятаю! Я ганаруся!».

З нагоды Дня Рэспублікі моладзь Стаўбцоўшчыны сумесна з раённым саветам ветэранаў падрыхтавала віншавальныя паштоўкі для шаноўных жыхароў Стоўбцаў – удзельнікаў вайны і працоўнага фронту, удоў загінуўшых, інвалідаў дзяцінства ў сувязі з атрыманымі раненнямі і інвалідаў дзяцінства, бацькі якіх не вярнуліся з вайны, а таксама інвалідаў баявых дзеянняў у Афганістане. Гэтых людзей з цяжкімі, паламанымі вайной, лёсамі, але якія сваёй чалавечай годнасцю, мужным характарам і працоўным шчыраваннем служаць прыкладам для падрастаючага пакалення, у райцэнтры засталося не так і многа – 21 чалавек…

Сярод іх – такія паважаныя і аўтарытэтныя людзі, як Уладзімір Глуховіч (на пачатку 2016 года гэтаму інваліду вайны споўніцца 100!), Ганна Клімаш, Мікалай Мацюнін, Любоў Ткачова, Тамара Булах, Генадзь Багамолаў, Іпаліт Жыбуль, Канстанцін Міхневіч, Васіль Сняжко, Аляксандр Шыдлоўскі, Валянціна Вайдзілевіч, Аляксандра Зуб, Іван Русы, Лізавета Чабатарэвіч, Мікалай Кардаш, Людміла Баброўская і іншыя.  

Для кожнага з іх у маладых знайшліся хвалюючыя і прыгожыя пажаданні. А самі віншавальныя паштоўкі былі ўручаны дома – са словамі ўдзячнасці і падтрымкі.

Валанцёры раённага камітэта БРСМ прыходзяць да ветэранаў не толькі ў сувязі з вялікімі дзяржаўнымі святамі або знамянальнымі датамі. Да прыкладу, іх да глыбіні душы кранула гісторыя адной адзінокай жанчыны. У доме жывуць яна і яе любімы гадаванец – кот. Няма ў жывых сваякоў. Ёсць толькі пляменніца, ды і то – за межамі нашай рэспублікі. Калі валанцёры даведаліся, што праз некалькі тыдняў у гаспадыні дзень нараджэння, яны адклалі свае справы і акурат у гэты дзень завіталі ў яе дом…

З цеплынёю, успамінамі ад гэтых сустрэч моладзь ідзе ў заўтрашні дзень.

 Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *