Каманда з «хітом» бяспекі

Год моладзі Нумары

Каманда ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. Стоўбцы» вярнулася з Плешчаніцаў, дзе праходзіў ХІІ абласны палявы лагер «Юны выратавальнік» і злёт абласнога аддзялення Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі.

У злёце прынялі ўдзел 22 каманды – больш за 200 дзяцей добра адпачылі і павысілі свой узровень культуры бяспекі жыццядзейнасці.

У першы дзень школьнікі ўвасобілі свае творчыя задумы пры ўладкаванні палатачнага гарадка. Затым прайшоў конкурс знатакоў. Аднак расслабляцца дзяўчатам  і хлопцам не было калі. На наступны дзень – урачыстае адкрыццё лагера, агляд строю і песні, афармленне насценнай газеты, аказанне першай даўрачэбнай дапамогі… Аднавіўшы сілы, юныя выратавальнікі адправіліся на камбінаваную эстафету, якая складалася з 13-ці этапаў.

Эмоцыі перапаўнялі дзяцей. Кожны праяўляў лоўкасць, вытрымку і быў у камандзе «воінам». Калі ж да фінальнага свістка заставаліся лічаныя секунды, сілы ўдзельнікаў былі на зыходзе, балельшчыкі падтрымлівалі. Вечарам удзельнікаў злёту чакалі валейбольная пляцоўка і спаборніцтва за права быць самымі хуткімі і спрытнымі. Узнагародай за ўсе выпрабаванні сталі дыскатэкі штовечар і песні ля кастра.

На трэці дзень злёту ўдзельнікам трэба было стаць сапраўднымі выратавальнікамі на этапах палявых вучэнняў: шукаць пацярпелых у выніку падзення верталёта і ў задымленым памяшканні, ратаваць рыбака з перавернутай лодкі з дапамогай выратавальнага круга, тушыць пажар у лясным масіве, ліквідоўваць уцечку небяспечнага рэчыва… Завяршыць усё трэба было па-маладзёжнаму крута, прадставіўшы свой «хіт» бяспекі. Школьнікі даказалі, што гатовы да любой нечаканай сітуацыі. Хаця… Быў у гэтыя напружаныя дні і для іх адзін сюрпрыз – святочны феерверк!..

Пасля палявога лагера засталіся незабыўныя эмоцыі і адчуванне, што дзяцей аб’яднала агульная справа.

Вольга САЛЕЙ, інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях

НА ЗДЫМКУ: каманда школы № 2 г. Стоўбцы – сапраўдныя выратавальнікі.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *