Публічныя пасады – стараста і бібліятэкар

Грамадства Нумары Факты, падзеi, людзi

3
Менавіта гэтыя дзве пасады: грамадскую – старасты вёскі, і прафесійную – бібліятэкара, сумяшчае ў Новым Свержані Алена Ляхоўская.
З Беларуссю ў Алены Мікалаеўны звязаны гады замужжа. Ураджэнка Мурманскай вобласці, у свой час яна закончыла Петразаводскі бібліятэчны тэхнікум у Карэліі і паступіла ў Ленінградскі ўніверсітэт. Выйшла замуж, пакінула вучобу ва ўніверсітэце і паехала за мужам у Беларусь.
Апошнія дзесяць гадоў Алена Ляхоўская працуе ў сельскай бібліятэцы Навасвержанскага дома культуры. У яе рабочых буднях – арганізацыя работы з дзецьмі і падлеткамі ў мясцовым дзіцячым садзе і агульнаадукацыйнай школе, і з дарослымі – працаўнікамі Навасвержанскага лесазавода і вяскоўцамі. Як вынік такой актыўнасці, бібліятэка мае 511 чытачоў, пераважная большасць з якіх цікавяцца класікай, гістарычнай літаратурай. Алену Мікалаеўну радуюць такія здаровыя інтарэсы чытачоў.
Бібліятэкар не ўпускае ўключыць у план работы важныя тэмы дня. У Год беражлівасці падрыхтавала мерапрыемства “Будучыню выбірай сёння”. Аб міласэрнасці, спагадзе і чалавечай дабрыні з дзецьмі вялася размова на сустрэчы “Не гані ад сябе чужой бяды”. Старшакласнікі сталі ўдзельнікамі круглага стала адкрытых пытанняў па прафілактыцы СНІДу. На працягу года ўсе важныя даты календара знаходзяць свой водгук у рабоце бібліятэкі.
Фонд Навасвержанскай бібліятэкі апошнім часам папоўніўся літаратурай, якую перадалі пасля закрыця Заямнаўскай, Коласаўскай, Акінчыцкай бібліятэк. Цяпер фонд бібліятэкі складае больш за 110 тысяч экзэмпляраў.
Актыўнасць Алены Ляхоўскай, яе жывы характар, арганізатарскія здольнасці, чалавечую абаяльнасць, нераўнадушнасць заўважылі вяскоўцы і выбралі яе старастай самай вялікай вуліцы Новага Свержаня – Мірскай, дзе яна сама пражывае, і яшчэ – Падгорнай, Заводскай, Чыгуначнай. Ды і Навасвержанскі сельвыканкам бачыць у Алене Ляхоўскай добрага памочніка. Яна актыўна ўдзельчае ў рабоце сесій сельскага Савета, дзе падымае актуальныя пытанні жыцця вёскі, даводзіць да вяскоўцаў рашэнні мясцовай улады, якія іх датычаць. У прыватнасці, гэта добраўпарадкаванне тэрыторый, могілак, домаўладанняў, скошванне пустазелля. Вялікую работу правяла Алена Мікалаеўна на сваіх вуліцах па заключэнні дагавораў аб’яднання камунальных службаў з жыхарамі па вывазе бытавых адходаў.
Алена Ляхоўская не першы год выбіраецца на гэтую грамадскую пасаду – з таго часу, як быў узаконены інстытут старастаў. Яна аказвае вялікую дапамогу сельвыканкаму па ўдакладненні запісаў у асабовых рахунках гаспадарчых кніг, абыходзячы дамы жыхароў Новага Свержаня. У гэты час у яе ёсць магчымасць пагутарыць з кожным, даведацца, якімі радасцямі і праблемамі жыве чалавек, у чым ён мае патрэбу. І не адкладвае на заўтра, адразу ж даносіць да ведама мясцовай ўлады, у якой дапамозе мае патрэбу кожны канкрэтны чалавек. Стараста імкнецца фарміраваць здаровы мікраклімат сярод людзей, каб ім было камфортна і ўтульна, умее арганізаваць іх на добрыя справы. Алена Мікалаеўна пастаянна інфармуе сельвыканкам аб адзінокіх людзях, іх клопатах. І ведаюць яе ў вёсцы як чалавека, нераўнадушнага да чужога болю.
Адметны факт. У 2013 годзе Алена Ляхоўская пабыла на курсах старастаў, арганізаваных Мінскім абласным выканаўчым камітэтам. Гаворыць, што яна вельмі шмат для сябе ўзяла на заметку. Для курсантаў былі арганізаваны выязныя пасяджэнні з мэтай пераймання вопыту.
Светлы жыццёвы настрой Алене Ляхоўскай ствараюць яе поспехі ў працы, яе сям’я – падтрымка і апора. Дачка Валянціна адносна прафесіі працягвае справу Алены Мікалаеўны. Яна з‘яўляецца студэнткай Мінскага каледжа мастацтваў, вучыцца на фартэпіянным аддзяленні. Як выдатніца вучобы Валянціна занесена на Дошку гонару навучальнай установы.
Жыццёвы настрой Алене Ляхоўскай стварае і адчуванне, што яна, расіянка, прыжылася на гасціннай беларускай зямлі, і яе асабістыя таленты дапамагаюць рабіць жыццё землякоў больш утульным і прыгожым.
Лана СВЯТЛІЦКАЯ
Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *