Добрых сустрэч!

Гандаль Нумары

Вы заўважалі, што ў магазіне «Встреча» на прывакзальнай плошчы нейкая асаблівая светлая атмасфера? Тут вельмі прыемна зрабіць пакупку. Пэўна ж, ёсць некалькі складаемых такой адметнасці. Аднак без рупнасці прадаўцоў гэтага ніяк не дасягнуць. Для большасці работнікаў прылаўка гэты магазін як родны дом, таму што працуюць яны ў ім не адно дзесяцігоддзе. Як для загадчыцы магазіна Марыны Шуцько. Сваёй памяркоўнасцю, інтэлігентнасцю, абаяльнасцю яна сумела згуртаваць калектыў, кожны перажывае за вынік агульнай працы. Не мянялі месца работы на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў Лідзія Тулейка, Валянціна Юнцэвіч. Стаж Ірыны Таміла ў спажыўкааперацыі з перапынкам, аднак яна зноў вярнулася за прылавак магазіна. З сістэмы спажыўкааперацыі пайшла на пенсію Таццяна Матвіец, а цяпер яна падмяняе прадаўцоў падчас водпускаў, за што ёй выказваюць падзяку калегі.

Зразумела, вялікі вопыт работы прадаўцоў дапамагае ім зарыентавацца ў выбары тавару і насычэнні попыту пакупнікоў, абагачэнні прылаўкаў. Упор зроблены на асартымент беларускага нацыянальнага тавару – ільняных ручнікоў і абрусаў, трыкатажу і бялізны з натуральных тканін. Магазін знаходзіцца на прывакзальнай плошчы, гэта фарміруе і склад пакупнікоў, сярод якіх нямала гасцей горада. Ды і жыхары раёна, адпраўляючыся ў іншыя краіны, для сувеніраў выбіраюць прадукцыю нашых айчынных фабрык і заводаў. І не ашукваюцца – падарункі становяцца жаданымі і дарагімі.

– Цяпер вось вялікі попыт на сумкі, чамаданы фабрыкі «Галантэя», – знаёміць нас з прылаўкамі і вітрынамі Марына Шуцько. – Час водпускаў, канікул, калі трэба адправіцца ў дарогу, на адпачынак. Запатрабавана пакупнікамі прадукцыя  Квасевіцкай пуха-пер’евай фабрыкі і іншых тэкстыльных камбінатаў – падушкі і коўдры. Паспяхова гандлюем беларускай касметыкай і парфумерыяй – «Беліта-Вітэкс», «Дзіліс Касметык». Хачу звярнуць увагу пакупнікоў на тое, што ў магазіне дастатковы выбар гарсэтных вырабаў вялікіх памераў гандлёвай маркі «Медэя Стыль». На прылаўках прадстаўлена швейная прадукцыя ведамаснага цэха райспажыўтаварыства – камплекты  пасцельнай бялізны і іншыя шытыя рэчы нязменна карыстаюцца попытам. Каб ацаніць прадукцыю айчынных вытворцаў, варта паназіраць, якую папулярнасць яна мае ў пакупнікоў з іншых краін. І гэта радуе, дае стымул шырока прапагандаваць яе наведвальнікам магазіна.

Такі арыенцір прадаўцоў, настрой на прапаганду беларускага, свайго, айчыннага, сугучныя з каларытам гэтых святочных ліпеньскіх дзён – прафесійнае свята кааператары адзначаюць разам з вялікімі нацыянальнымі ўрачыстасцямі – Днём Незалежнасці і Днём вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.  Сумленная праца работнікаў спажывецкай кааперацыі, адной з самых старэйшых сфер, адданасць выбранай справе многіх працаўнікоў памнажаюць агульныя здабыткі нашых суайчыннікаў, у кожнага з якіх сваё працоўнае месца, свой уклад у дабрабыт краіны.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

На здымку: прадавец Ірына Таміла і загадчыца магазіна Марына Шуцько гатовы паказаць тавар наведвальнікам ва ўсёй яго разнастайнасці.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *