Дзеці – наша будучыня

Нумары Увага - дзецям

КОЖНЫ ДЗЕНЬ – АДКРЫЦЦЁ НОВАГА

У чэрвені ў СШ № 3 г. Стоўбцы працавалі тры аздараўленчыя лагеры: «Рамонак» – для вучняў 1-4 класаў, «Равеснік» – для вучняў 5-8 класаў, «Эрудыт» – для вучняў  5-10 класаў.

Галоўная мэта кожнага лагера – арганізацыя паўнацэннага адпачынку дзяцей, выяўленне здольнасцяў, іх развіццё ў розных сферах дзейнасці. Лагеры далі магчымасць дзецям раскрыцца, праявіць свае ўменні, набыць новых сяброў. Разам са сваімі равеснікамі дзеці вучацца культуры зносін, паводзінам у калектыве.

Каля 200 дзяцей змаглі аздаравіцца ў лагеры «Рамонак». Кожны дзень адкрываў для іх нешта новае і незвычайнае. Прайшлі дні знаёмства і ўтульнасці,  увасаблення мары, казкі, цікавых задум. Дзецям запомніліся разнастайныя мерапрыемствы: шоу мыльных бурбалак, конкурсы малюнкаў на асфальце, музычная гадзіна, конкурс  «Жартаўлівае меню». Так як хлопчыкі і дзяўчынкі былі вельмі рухомымі, ім далі магчымасць выліць энергію ў розных спартыўных мерапрыемствах. Творчая гадзіна «І памятае свет выратаваны» дала магчымасць вучням яшчэ раз задумацца над тым, якою цаною заваявана іх шчаслівае дзяцінства, і праславіць подзвіг салдатаў у сваіх творчых работах. Выхавацелі імкнуліся ва ўсім дапамагчы дзецям. 

У лагеры «Равеснік» адпачывалі 70 вучняў. Цікавыя мерапрыемствы, такія як «Нептун», «Міс Бабка Ёжка», кіналекторыі, экскурсіі  зрабілі адпачынак непаўторным і запамінальным. Творчыя і спартыўныя конкурсы дазволілі вучням удасканаліць свае таленты. Акрамя таго, яны мелі выдатную магчымасць пагуляць у шахматы. Навучаў іх гэтай гульні выдатны педагог Іван Іванавіч Корсак. Лагер «Эрудыт» быў створаны для вучняў, якія жадалі не толькі добра адпачыць, але і папоўніць свой багаж новымі ведамі. Лагер наведвалі 65 чалавек – у асноўным удзельнікі інтэлектуальных алімпіяд. Для іх лагер з’яўляецца дадатковай магчымасцю пазаймацца паглыблена па выбраным прадмеце. Праграма «Эрудыта» была насычана трэнінгамі, інтэлектуальнымі гульнямі, конкурсамі, спартландыямі, турнірамі, эстафетамі. Былі арганізаваны паходы, экскурсіі. Вучні наведалі школьны музей «Зямля і людзі Стаўбцоўшчыны», пажарную часць, Стаўбцоўскі філіял Гарадзейскага цукровага завода.

Каб адпачынак быў такі насычаны цікавымі мерапрыемствамі і карысным, пастараліся настаўнікі Т. С. Палуева, І. М. Нікіціна, М. С. Казлоўская, В. А. Булаш, А. І. Ярмак, А. М. Рагуцкая, якія былі кіраўнікамі гэтых трох лагераў.

Завяршылі работу прышкольныя лагеры, а лета для вучняў яшчэ ў самым разгары.

Кацярына ІГНАТОВІЧ, вучаніца СШ № 3

 

ФАРБЫ РОДНАЙ ЗЯМЛІ

Кожны год у Чэрвені пры арганізацыйнай падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама праходзіць абласны конкурс-пленэр юных мастакоў «Фарбы роднай зямлі». Сёлета ён прайшоў 16-ты раз і сабраў 30 юных мастакоў з 13-ці раёнаў Мінскай вобласці. Адметна, што ў гэтым годзе пленэр быў прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі. Яму папярэднічаў адборачны тур, які выявіў лепшых мастакоў з прадастаўленнем ім права ўдзелу ў конкурсе-пленэры.

Стаўбцоўшчына таксама была прадстаўлена на ім вучнямі Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў і філіяла Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў у Засуллі.

На працягу трох дзён юныя мастакі з эцюднікамі працавалі ў Мінску, на сядзібе Ваньковічаў у Смілавічах і ў ваколіцах Чэрвеня. Работы юных мастакоў ацэньвала кампетэнтнае журы. Высокую ацэнку атрымалі работы Патрысіі Шчэкала, якая ўдастоена дыплома ІІ ступені і падарунка – набораў прафесійных фарбаў. З дзяўчынкай працуюць выкладчыкі мастацкага аддзялення Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Андрэй і Ірэна Зянько. Дыплом удзельніка конкурсу атрымаў Андрэй Какошын, вучань Засульскага філіяла Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў, выкладчык У. М. Несцярук.

Конкурс быў выдатна арганізаваны, дзецям былі забяспечаны цудоўныя ўмовы пражывання, харчаванне і прадуманая праграма. На памяць кожнаму з 30 удзельнікаў пленэра ў падарунак застаўся маляўнічы каталог з фотаздымкамі дзяцей і іх работамі.

Летнія канікулы ў вучаніцы мастацкага аддзялення Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Марыі Францкевіч пачаліся прыемнымі ўражаннямі ад яркага мерапрыемства, якое прайшло ў мінскім кафэ з забаўляльнай праграмай падчас падвядзення вынікаў міжнароднага конкурсу «Свет з марай».

Гэты штогадовы конкурс прыўрочваецца да Міжнароднага дня абароны дзяцей і запрашае да ўдзелу юных мастакоў з Расіі, Украіны і Беларусі. Лейтматывам конкурсу пастаўлены словы брытанскага педагога і філосафа Джона Лока: «Ад правільнага выхавання дзяцей залежыць дабрабыт усяго народа». Арганізатары праекта ставяць мэтай зацвярджэнне ў грамадстве каштоўнасці жыцця чалавека, сям’і і дзіцяці. Убачыць гэтыя каштоўнасці грамадству прапаноўваецца вачыма дзяцей у іх мастацкіх работах.

Марыя Францкевіч атрымала дыплом у намінацыі «50 лепшых работ». Выкладчыкі дзяўчынкі – Андрэй і Ірэна Зянько.

Забаўляльная праграма на ўрачыстасці ўручэння ўзнагарод была найлепшым падарункам ёй і іншым пераможцам конкурсу напрыканцы нялёгкага навучальнага года, напоўненага заняткамі не толькі ў агульнаадукацыйнай, але і ў школе мастацтваў, якія патрабуюць часу, старанняў, вялікай працы для асвойвання дысцыплін.

Пр

 

З МАРАЙ

Напрыканцы мая ў Мінску, на сцэне Палаца дзяцей і моладзі «Золак», адбыўся 2-гі адкрыты конкурс маладых выканаўцаў «Мая мара», арганізатарам якога стаў музычны адукацыйны цэнтр «Эстрадная школа талентаў». Сваё майстэрства на гэтым конкурсе ў намінацыі «Мастацкае чытанне» прадставілі ўдзельнікі з розных рэгіёнаў  Беларусі.

Сярод удзельнікаў удала выступіў вучань 4 класа тэатральнага аддзялення ДУА «Дзераўнянская дзіцячая школа мастацтваў» Максім Жодзік. Ён адметна вылучыўся сваёй манерай выканання, абаяльнасцю, артыстызмам, прадэманстраваў сцэнічную культуру і выканальніцкае майстэрства. За яркае выступленне Максім быў узнагароджаны дыпломам першай ступені. Мы вельмі ганарымся нашай «маленькай зорачкай», віншуем яго з поспехам і жадаем далейшага павышэння яго мастацкага ўзроўню.

Алена ШУЦЬКО, выкладчыца Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў

 

ЛІТВА – СУСЕДКА БЕЛАРУСІ

Народная студыя «Раніца» Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў атрымала Падзячнае пісьмо Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эвалдаса  Ігнатавічуса за ўдзел юных мастакоў у конкурсе дзіцячых малюнкаў «Літва – суседка Беларусі».

Свае работы на гэты конкурс падрыхтавалі брат і сястра Павел і Ксенія Сахар, сёстры Алеся і Алена Калкоўскія, Захар Радзіон.

Выставу дзіцячых работ дэманстравалі ў Літоўскім пасольстве падчас свята дзяцей літоўскіх абшчын, якія пражываюць у Беларусі.

У актыўнай творчай дзейнасці выхаванцаў студыі «Раніца»  вялікая заслуга кіраўніка гэтага аб’яднання педагога і мастачкі Святланы Калкоўскай.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *