Шчаслівыя, бо жывём у Беларусі

Нумары Соцыум

Маладыя людзі асабліва адкрытыя  і прагныя да пачуццяў. Каханне, дружба, радасць, захапленне – гэта ўсё ідзе побач з імі. Напярэдадні 3-га ліпеня, галоўнага дзяржаўнага свята – Дня Рэспублікі, мы папрасілі маладых стаўбчан адкрыць сябе і свае пачуцці, крыху памарыць, паколькі менавіта ад іх жаданняў залежыць, якім будзе заўтрашні дзень і Стаўбцоўшчыны, і нашай Беларусі.

Раман Чыслоў, інжынер-праграміст філіяла «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат»:

– У мяне ўсё добра: закончыў каледж у Баранавічах, працую… У Стоўбцы прыехаў да сястры, працаўладкаваўся на мясакамбінат. Работа падабаецца, бо кожны дзень для мяне адбываецца нешта новае. Прыходзіцца разбірацца, унікаць, спасцігаць. Я – тэхнічны чалавек, люблю гэта ўсё са школы. Хачу развівацца як праграміст. Па гэтай спецыяльнасці вучуся ў Гродзенскім універсітэце, сёлета завочна закончыў першы курс. Люблю спорт. Хацеў бы завесці сваю сям’ю… Стоўбцы мне спадабаліся – мяркую, што застануся тут і далей. Рады, што ў нас усё спакойна, мірна – гонар за сваю краіну прысутнічае. Гэта адчуванне прыйшло да мяне, калі яшчэ служыў у арміі, у сталічным Уруччы, у падраздзяленнях сувязі…

Ірына Чуйко, настаўнік матэматыкі і інфарматыкі гімназіі № 1 г. Стоўбцы:

– Пра што я мару?.. Вось у аздараўленчым лагеры «Нёман» адпрацавала першую змену – атрымала задавальненне. Дзеці ў атрадзе былі 10-11-ці гадоў, усе – добрыя дзяўчынкі і хлопчыкі. Спадзяюся, што і ў наступным годзе таксама папрацую ў «Нёмане»… У гімназіі мне даверылі вучыць дзяцей прыкладна такога ж узросту – пяцікласнікаў. Я – маладая настаўніца, адпрацавала толькі першы год пасля педуніверсітэта, таму правільней будзе сказаць так: вучылася разам з імі… Мне дапамагала вопытная калега – Святлана Віктараўна Цвірка. Ды і іншыя педагогі – таксама. Водпуск правяду ў бацькоў, у вёсцы Пятрылавічы. Уяўляю, як акунуся ў блізкі з дзяцінства лад жыцця – грыбы, ягады, агарод, закаткі… Бацькі дапамагаюць мне прадуктамі круглы год, таму летам трэба «адпрацаваць» за гэта.

Уладзімір Рудаманенка, інжынер па тэхнаглядзе за будаўніцтвам філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы:

– У жніўні будзе год, як я размеркаваўся на завод. На маіх вачах будуецца «ліцейка»! Для мяне тут шмат чаго новага. Спасцігаю, таму што тэорыя – гэта добра, а практыка – лепш. На новай вытворчасці якраз і ёсць магчымасць стаць прафесіяналам. А прафесіяналы, вы ведаеце, цэняцца ўсюды. У калектыве вельмі добразычлівая абстаноўка. Мне выдзелілі месца ў ведамасным інтэрнаце. Родам я з Гарадзеі – дадому 20 мінут на электрычцы, – але пасяліўся ў інтэрнаце. Хачу быць самастойным. Да бацькоў езджу на выхадныя. Дапамагаю ім, бабулі. Загадваць наперад не люблю, але скажу, што Стоўбцы мне падабаюцца. Вось нядаўна і «Еўраопт» адкрыўся. ФАК будуецца. Мне гэта блізка, бо дома,  у Гарадзеі, займаўся ў ФАКу. Шмат часу праводжу за камп’ютарам, прысвячаю сябрам.

Алена Мазура, начальнік пажарна-хімічнай станцыі Стаўбцоўскага доследнага лясгаса:

– У лясгасе я працую ўсяго 2,5 месяца. Закончыла Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і прыехала ў Стоўбцы па размеркаванні. Мне тут добра – гэта ж мая радзіма. Раней вучылася ў школе № 3, вакол – сябры, суседзі, калегі… У калектыве прынялі прыязна, усе гатовы дапамагчы. Я і ў лясніцтве не супраць папрацаваць, калі будзе такая прапанова. Прафесію лесавода выбрала сама, свядома, і не шкадую аб гэтым. Люблю прыроду, адпачынак на прыродзе з сябрамі. Калі гляджу тэленавіны, лаўлю сябе на думцы, што мы, беларусы, – шчаслівыя. У нас мірна, дружна, мы збіраемся на работу, на вучобу, будуем свае планы. А планы на жыццё ў мяне звычайныя – сцвердзіцца ў сваёй прафесіі, абзавесціся сям’ёю…

Сяргей Насечанка, настаўнік фізікі і інфарматыкі школы № 3 г. Стоўбцы:

– Галоўнае – адпрацаваў свой першы вучэбны год. Дзеці добра ўспрынялі мяне, я іх – таксама. Працаваў амаль ва ўсіх класах – ад малодшых да старшых. Дзеці такія розныя!.. З імі мне лёгка, а з некаторымі прыходзіцца працаваць крыху больш. Імкнуся расказаць ім тое, што будзе патрэбным у будучым. А ўвогуле нярэдка прыходзяць дзіўныя думкі: мне 25, а я адчуваю сябе так, нібыта яшчэ не ведаю, кім хачу стаць, калі вырасту. У педуніверсітэце атрымаў дзве спецыяльнасці – фізіка і інфарматыка, але большая цікавасць – да інфарматыкі. Хачу атрымаць другую вышэйшую адукацыю – праграміста. А гэтае лета ў нас (у нас – таму што неўзабаве ў мяне вяселле, будучая жонка – таксама педагог) будзе мядовым. Водпуск вялікі, дазваляе з’ездзіць у Італію, пабыць разам.        

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

РАДАСНЫЯ ПАДЗЕІ – НАРАДЖЭННІ

У першым паўгоддзі ў нашым раёне зарэгістраваны 224 нараджэнні – на свет з’явілася 106 хлопчыкаў і 118 дзяўчынак. У 71 сям’і нарадзіліся першынцы, па другім дзіцяці – у 99 сем’ях, па трэцім – у 37, па чацвёртым – у сямі. У дзвюх сем’ях нарадзіліся двойні. У гэтым годзе ў Стоўбцах зарэгістравана нараджэнне тройні. З’яўленне гэтых дзетак павялічыла склад сям’і да 9 чалавек – бацькі і сямёра дзяцей. Нараджэнне тройні ў нашым раёне рэгістравалася ў 2011 годзе.

Самая вялікая колькасць парадзіх ва ўзросце ад 25 да 30 гадоў, 58 жанчын нарадзілі ва ўзросце ад 20 да 25 гадоў, 30 – ва ўзросце ад 30 да 35, 11 – ва ўзросце ад 35 да 40 гадоў.

Якія ж імёны выбралі бацькі нованароджаным? У першым паўгоддзі самымі папулярнымі імёнамі сярод хлопчыкаў былі Аляксей, Максім, Кірыл, Арцём. Часта таксама называлі хлопчыкаў такімі імёнамі, як Арсеній, Мацвей, Канстанцін. Прыгожыя імёны вяртаюцца ў наш час – Іван, Глеб, Святаслаў, Давід, Алесь. Усяго ў першым паўгоддзі для хлопчыкаў было выкарыстана 44 імені, для дзяўчынак – 48. А самымі папулярнымі жаночымі імёнамі за гэты перыяд сталі: Софія (9), Ксенія (8), Валерыя, Дар’я і Злата (па 5), Аляксандра, Анастасія, Лізавета і Паліна (па 4). Некалі папулярныя імёны Алеся, Таццяна, Юлія, Ульяна, Ірына сталі цяпер рэдкімі. А вось такія незвычайныя для беларусаў імёны, як Эмілія, Авігея, Апалінарыя, Васіліна, Мар’яна, Ліяна, Аўгусціна – выкарыстоўваюцца.

У першым паўгоддзі зарэгістравана 35 усынаўленняў бацькоўства, з іх 28 праведзена ў аддзеле ЗАГСа.

Крыху знізілася колькасць заключэння шлюбаў. Калі за першае паўгоддзе ў 2014 годзе было 89 рэгістрацый, то у бягучым годзе – 69.  Хоць аналіз пададзеных заяў на бліжэйшыя тры месяцы дае падставы меркаваць, што па выніку года колькасць шлюбаў перасягне паказчык мінулага года.

Сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб у мужчын – 28 гадоў, у жанчын – 27. Самай маладой нявесце ў гэтым годзе было 17 гадоў, самай «дарослай» – 66, самаму маладому жаніху – 19, самаму «пажылому» – 75. Зарэгістравана восем шлюбаў з замежнымі грамадзянамі.

Надзея КАРТУЗАВА, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама

 

ЛЕТА НА ТУРБАЗЕ

Разам з летам набірае разбег і турысцкі сезон на турбазе «Высокі бераг».

На даны момант асаблівая папулярнасць – за адпачынкам выхаднога дня. Ім з ахвотай карыстаюцца як грамадзяне нашай рэспублікі, так і Расійскай Федэрацыі. Камфартабельныя жылыя карпусы прымаюць усіх жадаючых. Сярод іх ёсць таксама прадстаўнікі айчынных кампаній і арганізацый, якія любяць збірацца на паляне ў Дубах на свае турысцкія злёты. У нядаўнія выхадныя падобнае мерапрыемства прайшло тут па заяўцы прафсаюзнага камітэта банкаўскіх і фінансавых работнікаў Беларусі. Турбаза прапануе далучыцца да здаровага ладу жыцця – праз пракат спортінвентару і веласіпедаў, більярда, да гістарычных і культурных каштоўнасцяў нашай зямлі – праз экскурсіі ў Мір, Нясвіж і іншыя славутыя мясціны.               

Не пустуе і летняя сетка турбазы – на працягу ўсяго лета тут пасяліліся дзеці з Заводскага раёна г. Мінска.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *