Што для вас значыць Дзень Рэспублікі?

Нумары Соцыум

Дзень Незалежнасці, які святкуецца разам з Днём вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – гэта нацыянальнае свята, якое аб’ядноўвае ўсіх нас. Мы гэта адчулі падчас нашага інтэрв’ю, калі задалі стаўбчанам пытанне: з якім настроем вы сустракаеце гэтыя святы?

 

Віктар Жыбуль, стаўбчанін:

 

– Гэтая святочная дата звязана для мяне з асабістымі перажываннямі. Многія гады мы шукалі, дзе пахаваны мой бацька Жыбуль Аляксандр Дзмітрыевіч, які загінуў у Вялікую Айчынную вайну. З дапамогай Беларускага Чырвонага Крыжа, куды мы звярнуліся, у гэтым годзе мы даведаліся, што мой бацька пахаваны ў Польшчы. Гэта дапамог устанавіць Польскі Чырвоны Крыж. І вось 3 ліпеня са сваімі дзецьмі я адпраўляюся ў гэтую краіну наведаць месца пахавання дарагога мне чалавека. Для нас гэта вельмі хвалююча. У нашай сям’і ёсць яшчэ адна задача: пакуль мы не ведаем, дзе пахаваны родны брат майго бацькі, які таксама загінуў падчас вайны. Ведаем толькі, што гэта недзе пад Смаленскам.

 

Марына Каспяровіч, спецыяліст тэхнічнага аддзела стаўбцоўскіх электрычных сетак:

 

– Гэтая святочная дата шмат значыць для нашай сям’і. У Вялікай Айчыннай вайне ўдзельнічаў мой дзядуля Пабярэжны Сямён Яўстаф’евіч, вярнуўся з вайны з баявымі ўзнагародамі. Дзякуючы яму і іншым салдатам вайны мы маем светлыя радасныя дні сучаснасці. Настрой у мяне, думаю, як і ва ўсіх беларусаў, святочны, напоўнены ўдзячнасцю за наш мірны час, звязаны з добрымі надзеямі. У нашай сям’і растуць дзве дачушкі-двайняткі. Мы іх вельмі любім, стараемся выхаваць дастойнымі прадаўжальнікамі традыцый мінулых пакаленняў. І самае вялікае пажаданне ўсім нам – ніколі не ведаць жахаў вайны, жыць пад мірным небам. Я люблю сваю Радзіму, свае родныя Стоўбцы і жадаю сваёй Айчыне працвітання.

 

Ірына Міцякіна, выдатніца вучобы, вучаніца чацвёртага класа СШ № 3 г. Стоўбцы:

 

– Для мяне мая Радзіма як мама. Я люблю сваю Беларусь, у нас вельмі прыгожая прырода. Я люблю, калі на вуліцы сонечныя дні, тады мы з сяброўкамі не можам расстацца, любім гуляць. У нас наперадзе цэлыя канікулы. Люблю бываць у Мінску, наша сталіца такая прыгожая, лепшая ў свеце. Для мяне сапраўднае свята, калі мы адпраўляемся ў Мінск, катаемся на арэлях, гуляем у парку. З нецярпеннем чакаю мамінага адпачынку. У ліпені мы ўсёй сям’ёй паедзем у Мінск у дэльфінарый. Мая маленькая сястрычка Мілана таксама чакае гэтага шчаслівага дня.

 

Аліна Гамза, выпускніца гімназіі № 1, залатая медалістка:

 

– Вельмі важна, сімвалічна і гістарычна правільна, што дзень набыцця сувенірэтыту нашай рэспублікай адзначаецца ў вялікі дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Калі б нашы дзяды не здабылі перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, ажыццявіліся б страшныя планы Гітлера на знішчэнне народа Беларусі. Таму гэтыя вялікія два святы асацыіруюцца са свабодай, з дабрабытам нашай нацыі. Што датычыць мяне асабіста, то я спадзяюся на сваё добрае будучае. Здала тэсціраванне і так хачу стаць студэнткай універсітэта, адбыцца добрым спецыялістам, каб быць дастойным грамадзянінам сваёй краіны.

 

Уладзімір Дзятко, будаўнік:

 

– Дзень Незалежнасці – гэта сведчанне таго, што наша краіна выбрала пэўны дзяржаўны курс, аснову, каб развівацца самастойна і не залежаць ад іншых краін. Я просты чалавек, не буду разважаць на гэтыя тэмы, ёсць у нашай краіне людзі, важнейшыя за мяне, якія думаюць аб тым, каб выбраць правільны курс развіцця.  Я – звычайны будаўнік, плітачнік. Будаўнікі ўзводзяць новыя дамы, каб наш горад прыгажэў, абнаўляўся. І гэта – наш важкі ўклад у павышэнне дабрабыту сваёй краіны. Усе мы жадаем, каб наша Беларусь квітнела пад мірным небам, каб у яе было шчаслівае будучае.  Гэта той падмурак, на якім можна будаваць свае ўласныя планы.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *