Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пройдуць 11 кастрычніка 2015 года

Выбары 2015 Нумары

Выбары Прэзідэнта Беларусі пройдуць 11 кастрычніка 2015 года. Такое рашэнне 30 чэрвеня прынята на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якое завяршае работу сёмай сесіі.

Выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў перад назначэннем гэтай даты, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына нагадала, што на гэтых выбарах будзе выкарыстоўвацца такое новаўвядзенне, як фінансаванне перадвыбарных кампаній кандыдатаў за кошт іх фондаў.

«Для гэтага павялічваецца ў тры разы гранічны памер выбарчага фонду кандыдата ў прэзідэнты з 3 тыс. да 9 тыс. базавых велічынь. Цяпер гэтая сума складае Br1 млрд 620 млн, або каля $105 тыс.», – сказала Лідзія Ярмошына.

Пры гэтым знята абмежаванне памеру грашовых сродкаў, якія можа ўнесці ў фонд сам прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду. «Цяпер кандыдат зможа цалкам за кошт сваіх уласных сродкаў прафінансаваць увесь выбарчы фонд, усю сваю агітацыйную кампанію. Раней ён мог уносіць у склад свайго асабістага фінансавага фонду не больш як 50 базавых велічынь», – растлумачыла Лідзія Ярмошына.

Яна таксама звярнула ўвагу на тое, што гэтыя фонды дазволена фарміраваць ужо з моманту рэгістрацыі ініцыятыўных груп для фінансавання расходаў па зборы подпісаў. «На наш погляд, такія новаўвядзенні, якія прадастаўляюць больш шырокія магчымасці для фінансавання ўласнай выбарчай кампаніі, прывядуць да легалізацыі многіх расходаў, якія нясуць кандыдаты або патэнцыяльныя кандыдаты», – сказала кіраўнік ЦВК.

Згодна з Канстытуцыяй Беларусі Прэзідэнт выбіраецца тэрмінам на пяць гадоў і ўступае на пасаду пасля прынясення прысягі. Кандыдаты вылучаюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь пры наяўнасці не менш як 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў. Пры гэтым ініцыятыўная група павінна налічваць не менш як 100 чалавек. Згодна з зацверджаным каляндарным планам, дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп неабходна здаць да 17 ліпеня. Рэгістрацыю кандыдатаў у прэзідэнты праводзіць ЦВК. Кандыдат мае права мець да 30 давераных асоб, якія дапамагаюць у правядзенні выбарчай кампаніі.

БелТА

***

Прыём дакументаў па вылучэнні прадстаўнікоў у састаў Стаўбцоўскай раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца ў кабінеце № 301 Стаўбцоўскага райвыканкама.

Графік прыёму: панядзелак – пятніца, з 08.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00. Субота, нядзеля – выхадныя.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *