«Адобрана моладдзю» – найлепшы стымул

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

2
Раённы дзень прафілактыкі за адносна кароткі перыяд пераўтварыўся са сціплага пачынання ў добрую традыцыю, набыў статус праекта, адобранага моладдзю, якая давярае спецыялістам свае праблемы, атрымлівае адказы на самыя розныя пытанні, якія хвалююць. Яскрава гэтыя актуальнасць і прафесійная аснова адчуваліся і ў школе № 2 горада Стоўбцы – акурат у тым калектыве, дзе дзень прафілактыкі адбыўся ўпершыню.
Як падкрэсліла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Анастасія Калодзінская, дырэкцыя школы № 2 падышла да падрыхтоўкі гэтай сустрэчы надзвычай адказна, у сваім адметным стылі. Магчыма, дырэктар школы Аксана Лось, сама ў нядаўнім мінулым педагог сацыяльны, вастрэй за іншых калег-дырэктараў адчувае важнасць падобнай прафілактычнай работы, мэтанакіраванай, адраснай, якая арганічна ўліваецца ў дакладна выбудаваную сістэму. Нельга пры гэтым не адзначыць і актыўны падыход да Дня прафілактыкі самой другой школы. Гэтая навучальная ўстанова, як вядома, з эстэтычным ухілам, таму тут удалося і спартландыю “Я люблю цябе, жыццё!” напоўніць творчай, пазітыўнай энергетыкай таленавітых вучняў.
А пра што гаварылі спецыялісты з навучэнцамі на гэты раз? Спецыяліст раённага тэрытарыяльнага цэнтра Сяргей Есіс, які мае вялікі вопыт зносін з рознай аўдыторыяй на тэмы алкагольнай, наркатычнай і іншых залежнасцяў, запрасіў да ўдзелу ў круглым стале з элементамі трэнінгу на тэму “Права выбару”. Яшчэ ў двух паралельных класах з васьмікласнікамі працавалі інспектар ДАІ Валянцін Ліпніцкі, інспектар дзяржпажнагляду Таццяна Тарасевіч, валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ала Шыдлоўская. Сваё важкае слова пра здароўе духоўнае, без якога ў жыцці нельга нічога дасягнуць, сказаў настаяцель прыхода Святога Казіміра ў Стоўбцах ксёндз Адам Врубэль.
Для дзевяцікласнікаў ладзілася сустрэча з галоўным спецыялістам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Людмілай Мішук, якая насіла відавочны прафарыентацыйны змест. Прафілактычны кампанент унеслі да яе педагогі сацыяльна-педагагічнага цэнтра – Кацярына Міхнавец і Кацярына Бець, якія прапанавалі трэнінг-асвету “Прафілактыка ВІЧ/СНІД сярод непаўналетніх”. Цікавай была тэма трэнінгу “Страхі і фобіі” іх калегі Іны Суднік, арганізаванага для дзесяцікласнікаў.
А ў выпускнікоў адбылася сапраўды мужчынская размова з супрацоўнікамі райаддзела міліцыі – начальнікам інспекцыі па справах непаўналетніх Міхаілам Азановічам і старшым оперупаўнаважаным групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Яўгенам Курылам. Найбольш усхвалявала тэма курыльных сумесяў, так званых спайсаў, папулярных апошнім часам на маладзёжных “тусоўках”. Іх моладдзь лічыць нібыта бяскрыўднымі. Ды – цяпер гэта вядома школьнікам – разам з кайфам наступаюць і юрыдычная адказнасць, і маральная расплата.
Арганізатары дня прафілактыкі, развітаўшыся напрыканцы 2013 года са школай № 2 горада Стоўбцы, выбіраюць новыя адрасы для знаёмстваў і сустрэч, абмяркоўваюць планы на год бягучы.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *